ВАГІНІ́ЗМ
(ад лац. vagina похва),
сутаргавае скарачэнне мышцаў похвы і тазавага дна, спазма мышцаў сцёгнаў, што перашкаджаюць правядзенню палавога акта; разнавіднасць сексуальнай дысфункцыі. Можа прывесці да віргагаміі (дзявоцкі шлюб). Вагінізм узнікае пад уплывам фіз. і псіхічных фактараў (гвалтоўныя і грубыя паводзіны партнёра, пачатак палавога жыцця, неасцярожны гінекалагічны агляд урача), пры заўчасным семявывяржэнні, адсутнасці эрэкцыі, нерашучасці, недастатковай патэнцыі мужа, як засцерагальны механізм ад цяжарнасці. Узнікненню вагінізму спрыяюць пэўныя рысы характару жанчыны, антыпатыя да партнёра і інш. Вагінізм адрозніваюць ад псеўдавагінізму (бывае пры запаленчых працэсах, заганах развіцця палавых органаў).
І.У.Дуда.
т. 3, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)