Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«МЯНЬКІ́»,

бел. нар. гульня. На прамавугольнай пляцоўцы каля кожнай бакавой лініі чэрцяць кругі — «ямы», дыяметрам 1—1,5 м. З гульцоў выбіраюць 2 «рыбакоў», астатнія (іх можа быць 15—40 чал.) — «рыбы». «Рыбакі», узяўшыся за рукі, ловяць «рыб», якія могуць выратоўвацца ў «ямах». Аднак знаходзіцца ў «яме» можа толькі адна «рыба», калі туды забяжыць другая, тады тая, што там знаходзілася, павінна пакінуць «яму». Злоўленыя «рыбы» дапамагаюць «рыбакам». Гульня заканчваецца, калі «рыбакі» пераловяць усіх «рыб». Пераможцамі становяцца 5 «рыб», якія выратаваліся ў «ямах», іх называюць «М.».

Я.​Р.​Вількін.

т. 11, с. 75

МЯНЬШО́Ў (Уладзімір Валянцінавіч) (н. 17.9.1939, Баку),

расійскі кінарэжысёр, акцёр. Засл. дз. маст. Расіі (1984). Скончыў Школу-студыю МХАТ (1965). Для творчасці характэрна імкненне да раскрыцця асобы ў востраканфліктных сітуацыях, у якіх адначасова надае сюжэту і героям лірычную і гумарыстычную афарбоўку. Паставіў фільмы «Розыгрыш» (1977), «Масква слязам не верыць» (1980, прэмія «Оскар» 1981), «Каханне і галубы» (1984), «Шырлі-мырлі» (1995), «Царэвіч Аляксей» (1997). Зняўся ў фільмах «Чалавек на сваім месцы» (1973), «Апошняя сустрэча» (1974), «Асабістае меркаванне» (1977), «Пасля разводу», «Прыезд» (абодва 1982), «У пошуках зорак», «Магістраль» (абодва 1983), «Дарагі Эдысан», «Перахоп» (абодва 1986), «Дзе знаходзіцца «нофелэт»?» (1987), «Горад Зеро» (1988), «Ойча наш» (1989), «Каб выжыць» (1991), «Рускі рэгтайм» (1993), «Царэвіч Аляксей» (1997), «Кітайскі сервіз» (1999) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1978. Дзярж. прэмія СССР 1980.

Т.​В.​Пешына.

т. 11, с. 75

МЯРЖА́НАЎ (Віктар Карпавіч) (н. 15.8.1919, г. Тамбоў, Расія),

расійскі піяніст, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1966). Нар. арт. Расіі (1977). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1941). Вучань С.​Фейнберга (фп.) і А.Гедыке (арган). З 1946 саліст Маскоўскай філармоніі. З 1947 выкладчык Маскоўскай кансерваторыі (з 1964 праф., з 1985 заг. кафедры), у 1973—78 адначасова праф. Вышэйшай муз. школы ў Варшаве. Выступае як саліст і ансамбліст. Вядзе курсы фп. майстэрства. Аўтар артыкулаў па муз. педагогіцы. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў у Маскве (1945), Міжнар. конкурсу піяністаў імя Ф.​Шапэна ў Варшаве (1949). Дзярж. прэмія Расіі 1996.

т. 11, с. 75

МЯРЖЫ́НСКІ (Сяргей Канстанцінавіч) (13.2.1870, Кіеў — 16.3.1901),

адзін з першых прапагандыстаў марксізму ў Беларусі. Скончыў Кіеўскае рэальнае вучылішча (1891). З 1891 вучыўся ў Кіеўскім ун-це. Вёў ідэйную барацьбу супраць народнікаў. З 1895 пісар Мінскай кантрольнай палаты, з 1896 у Дзярж. кантролі Лібава-Роменскай чыгункі. Прапагандаваў марксізм сярод рабочых чыг. майстэрняў і ліцейнага з-да ў гуртку, які перадаў яму С.С.Трусевіч. У 1897—98 удзельнічаў у падрыхтоўцы Першага з’езда РСДРП у Мінску. У 1897 пазнаёміўся з укр. паэтэсай П.​Украінкай, спрыяў станаўленню яе марксісцкага светапогляду, дапамагаў ёй друкаваць свае творы ў часопісе легальных марксістаў «Жизнь» (у 1900—01). Украінка 4 разы наведвала М. ў Мінску, у апошні прыезд правяла каля паміраючага 2 месяцы і напісала тут паэму «Апантаная». Імем М. названа вуліца ў Мінску.

Літ.:

Басин Я. Зов Прометея: Повесть о Сергее Мержинском. Мн., 1987.

Я.​З.​Басін.

т. 11, с. 75

МЯРЗЛО́ТНЫ РЭЛЬЕ́Ф, крыягенны рэльеф, крыягенная морфаскульптура,

сукупнасць форм рэльефу, паходжанне і развіццё якіх звязана з працэсамі прамярзання і адтайвання грунтоў. Характэрны пераважна для палярных абласцей, дзе пашыраны шматгадовамёрзлыя грунты, трапляецца таксама ў высакагор’ях. Уключае бугры пучэння, курумы, саліфлюкцыйныя тэрасы, паліганальныя ўтварэнні і інш. На тэр. Беларусі М.р. развіваўся ў часы зледзяненняў (захаваліся яго сляды, напр., тэрмакарставыя азёры і сподкі, бугры пучэння).

т. 11, с. 75

МЯРКІ́С,

рака ў Літве і Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёман. Даўж. 202 км (на Беларусі 12 км). Пл. вадазбору 4440 км² (на Беларусі 100 км²). Пачынаецца за 2 км на Пд ад в. Мікулішкі Ашмянскага р-на, цячэ ў межах Ашмянскага ўзв., 2 км на мяжы з Літвой і каля в. Гаравыя Грыгі перасякае яе. У межах Беларусі каналізаваная.

т. 11, с. 75

МЯРКІ́ТЭ (Merkyte, Меркіс),

Аляксандра (16.12.1901, в. Палевеняліс Панявежскага пав., Літва — 14.9.1938), літоўская пісьменніца. У 1921—24 вучылася ў Камуністычным ун-це народаў Захаду ў Маскве. Друкавалася з 1921. Пісала на літ. і бел. мовах. З 1925 жыла і працавала на Беларусі. Супрацоўнічала ў газ. «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»). У 1929—33 працавала ў газ. «Чырвоная Полаччына». У 1937 рэпрэсіравана. Рэабілітавана ў 1957. Аўтар зб. вершаў «Юнацтва на маршы» (1936, дапоўненае выд. 1961), незакончанага рамана «Барацьба працягваецца», шматлікіх вершаў, нарысаў, апавяданняў пра жыццё і лёс бел. і літ. народаў, прасякнутых тугой па бацькоўскім краі і ўдзячнасцю да бел. зямлі і народа.

Літ.:

Старонкі літаратурных сувязей. Мн., 1970.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 11, с. 76

МЯРКУ́РАЎ (Сяргей Дзмітрыевіч) (7.11.1881, г. Гюмры, Арменія — 8.6.1952),

расійскі скульптар-манументаліст. Нар. маст. СССР (1943). Правадз. чл. АМ СССР (1947). Вучыўся ў Мюнхенскай АМ (1902—05). Да 1909 працаваў у Парыжы. З 1929 чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. З 1944 дырэктар музея выяўл. мастацтваў у Маскве. У ранні перыяд пад уплывам мадэрну творчасці была ўласціва ўзнёслая сімвалічнасць, часам стылізацыя вобразаў (статуя Ф.​Дастаеўскага, 1911—13, устаноўлена ў 1918 у Маскве, і інш.). Пасля 1917 працаваў у больш акад. манеры, удзельнічаў у ажыццяўленні плана манументальнай прапаганды. У творах, якія вызначаліся маналітнасцю аб’ёмаў і статычнасцю кампазіцый, імкнуўся да ўвасаблення ў вобразах вял. грамадскага зместу. Сярод работ: партрэт С.​Г.​Шаўмяна (1929), статуя У.​Леніна на канале імя Масквы (1937), гарэльеф «Расстрэл 26 бакінскіх камісараў» (1924—46, устаноўлены ў 1958 у Баку), скульпт. група «Смерць правадыра» (1927—47, устаноўлена ў 1958 у г.п. Горкі Ленінскія Маскоўскай вобл.), помнікі К.​Ціміразеву ў Маскве (1922—23), Шаўмяну ў Ерэване (1931), Ф.​Дзяржынскаму ў Валгаградзе (1932) і ў Дзяржынску (Расія, 1948), А.​Пушкіну ў Магнітагорску (1949) і інш. Рабіў пасмяротныя маскі дзярж. дзеячаў і дзеячаў культуры. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1951.

С.Мяркураў. Партрэт С.​Г.​Шаўмяна. 1929.

т. 11, с. 76

МЯРКУ́Р’ЕЎ (Васіль Васілевіч) (6.4.1904, г. Востраў Пскоўскай вобл., Расія — 12.5.1978),

расійскі акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1960). Скончыў Ленінградскі ін-т сцэн. мастацтваў (1926). На сцэне з 1920. З 1928 у Ленінградскім т-ры акцёрскага майстэрства пад кіраўніцтвам Л.​С.​Віўена, з 1937 у Ленінградскім т-ры драмы імя А.​С.​Пушкіна. Вядомы пераважна як камедыйны, характарны акцёр. Яго выканальніцкае майстэрства вызначалася яркасцю, непасрэднасцю, мяккім гумарам, лірызмам, тонкай псіхалагічнасцю. Сярод роляў: Фамусаў («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Меншыкаў («Пётр I» А.​Талстога), Мальволіо («Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра), Максімаў («За тых, хто ў моры» Б.​Лаўранёва) і інш. Здымаўся ў кіно: «Нябесны ціхаход» (1946), «Глінка» (1947, Дзярж. прэмія СССР), «Аповесць пра сапраўднага чалавека» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Ляцяць журавы» (1957), «Ксенія, любімая жонка Фёдара» (1974) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1952. Дзярж. прэмія Расіі 1979.

Літ.:

В.​В.​Меркурьев: Воспоминания. Статьи. М., 1986.

В.В.Мяркур’еў.

т. 11, с. 76

МЯРТВІ́ЦА,

рака ў Мсціслаўскім і Крычаўскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Чорная Натапа (бас. р. Дняпро). Даўж. 24,5 км. Пл. вадазбору 106 км². Пачынаецца на зах. ускраіне в. Забалацце Мсціслаўскага р-на, вусце за 1 км на З ад в. Маляцічы Крычаўскага р-на. Рэчышча каналізаванае.

т. 11, с. 76