МЯРКУ́РАЎ (Сяргей Дзмітрыевіч) (7.11.1881, г. Гюмры, Арменія — 8.6.1952),

расійскі скульптар-манументаліст. Нар. маст. СССР (1943). Правадз. чл. АМ СССР (1947). Вучыўся ў Мюнхенскай АМ (1902—05). Да 1909 працаваў у Парыжы. З 1929 чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. З 1944 дырэктар музея выяўл. мастацтваў у Маскве. У ранні перыяд пад уплывам мадэрну творчасці была ўласціва ўзнёслая сімвалічнасць, часам стылізацыя вобразаў (статуя Ф.Дастаеўскага, 1911—13, устаноўлена ў 1918 у Маскве, і інш.). Пасля 1917 працаваў у больш акад. манеры, удзельнічаў у ажыццяўленні плана манументальнай прапаганды. У творах, якія вызначаліся маналітнасцю аб’ёмаў і статычнасцю кампазіцый, імкнуўся да ўвасаблення ў вобразах вял. грамадскага зместу. Сярод работ: партрэт С.Г.Шаўмяна (1929), статуя У.Леніна на канале імя Масквы (1937), гарэльеф «Расстрэл 26 бакінскіх камісараў» (1924—46, устаноўлены ў 1958 у Баку), скульпт. група «Смерць правадыра» (1927—47, устаноўлена ў 1958 у г.п. Горкі Ленінскія Маскоўскай вобл.), помнікі К.Ціміразеву ў Маскве (1922—23), Шаўмяну ў Ерэване (1931), Ф.Дзяржынскаму ў Валгаградзе (1932) і ў Дзяржынску (Расія, 1948), А.Пушкіну ў Магнітагорску (1949) і інш. Рабіў пасмяротныя маскі дзярж. дзеячаў і дзеячаў культуры. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1951.

С.Мяркураў. Партрэт С.Г.Шаўмяна. 1929.

т. 11, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)