Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мухін Генадзь Мікалаевіч

т. 18, кн. 1, с. 431

МУ́ХІ-ПЧАЛАВІ́ДКІ,

гл.Ільніцы.

т. 11, с. 45

МУ́ХІ МЯСНЫ́Я, мухі падлавыя,

агульная назва 2 сям. двухкрылых насякомых: М.м. (Calliphoridae) і М.м. (Sarcophagidae). Больш за 2,9 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і ва ўмераных шыротах. На Беларусі найб. пашыраны прадстаўнікі родаў: акрафага (Acrophaga), каліфара (Calliphora), М.м. зялёныя (Lucilia), М.м. сінія (Супотуіа), паленія (Роііепіа), пратаформія (Protophormia) і інш. Найб. трапляюцца М.м.: звычайная (Lucilia caesar), зялёная (L. sericata), шэрая (Sarcophaga carnaria) і інш.

Даўж. да 20 мм. Афарбоўка зялёная, сіняя, цёмна-шэрая, чорная з метал. бляскам. Лічынкі жывуць і кормяцца на трупах жывёл, мясных і рыбных прадуктах, у памыйных ямах; многія — паразіты млекакормячых, птушак, амфібій, малюскаў, насякомых, чарвей. Дарослыя трапляюцца на тых жа субстратах, акрамя таго — на кветках, спелай і пашкоджанай садавіне, выдзяленнях тлей.

А.В.Дзерункоў.

Мухі мясныя: 1 — шэрая; 2 — зялёная.

т. 11, с. 44

МУ́ХІ САПРА́ЎДНЫЯ (Muscidae),

сямейства насякомых атр. двухкрылых. Каля 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Каля 50 сінантропных відаў. На Беларусі больш за 200 відаў. Найб. трапляюцца прадстаўнікі родаў: афіра (Ophyra), гнаявіцы (Mesembrina), жыгалкі (Stomoxys), зубаножкі (Hydrotaca), мухі дамавыя (Muscina), М.с. (Musca), фанія (Fannia) і інш. Звычайныя віды; жыгалка асенняя, муха пакаёвая, афіра беларотая (O. leucostoma), гнаявіца чорная (M. meridiana), муха палявая жывародная (Musca larvipara) і інш.

Даўж да 15 мм. Цела бурае, жоўтае, шэрае, чорнае з метал. бляскам (зялёным або сінім). Большасць відаў корміцца і развіваецца ў арган. тканках і рэштках, некат. — драпежнікі і крывасмокі, ёсць паразіты (на саранчовых і джалячых перапончатакрылых).

А.В.Дзерункоў.

Мухі сапраўдныя: 1 — муха пакаёвая; 2 — афіра беларотая; 3 — муха палявая жывародная; 4 — гнаявіца чорная.

т. 11, с. 44

МУХЛІ́НСКІ (Антон Восіпавіч) (1808, Навагрудчына — 25.10.1877),

усходазнавец. Праф. цюркалогіі (1839). Вучыўся ў Віленскім (з 1822) і Пецярбургскім (з 1828) ун-тах. У Пецярбургскім ун-це выкладаў арабскую (1835—39), турэцкую (1853—63) мовы, гісторыю і геаграфію Турцыі (з 1855), у 1859—66 дэкан ф-та ўсх. моў. Аўтар прац «Асманская хрэстаматыя для універсітэцкага выкладання» (1858—59), «Слоўнік выразаў, якія прыйшлі... у нашу мову з усходніх моў...» (1858) і інш. З яго «Даследавання пра паходжанне і стан літоўскіх татар» (1857) пачалося вывучэнне бел. тэкстаў, напісаных арабскім пісьмом, урыўкі з якіх, у т. л. кітабаў, упершыню транслітарыраваў М. У гэтай працы пераклаў з тур. мовы ананімны твор 16 ст. «Рысале...», у якім раілася татарам, якія забылі сваю мову, гаварыць па-беларуску. Адкрыў і выдаў арабскі геагр. рукапіс 9 ст.

Літ.:

Крачковский И.Ю. Очерки по истории русской арабистики. М.; Л., 1950.

В.І.Несцяровіч.

т. 11, с. 45

МУ́ХНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 12 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,58 км², даўж. каля 2 км, найб. шыр. 620 м, найб. глыб. 20 м, даўж. берагавой лініі каля 8 км. Пл. вадазбору 8,28 км². Схілы катлавіны выш. 15—20 м, пад хваёвым лесам. Берагі нізкія, пясчаныя або тарфяністыя, параслі водна-балотнай расліннасцю. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно выслана сапрапелем. Злучана пратокамі з азёрамі Воласна і Уклейна.

т. 11, с. 45

МУХТА́Р (сапр. Мухтараў) Аскад

(н. 23.12.1920, г. Фергана, Узбекістан),

узбекскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Узбекістана (1981). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т (1942). Друкуецца з 1939. Пачынальнік тэмы рабочага класа ва ўзб. л-ры: паэма «Сталявар» (1947), зб. вершаў «Мае суграмадзяне» (1949), кнігі нарысаў і апавяданняў «Горад сталі» (1950), «Насустрач будучыні» (1951), раман «Нараджэнне» (1961) і інш. У раманах «Сёстры» (1954), «Час у маім лёсе» (1964), «Чынара» (1969, Дзярж. прэмія імя Хамзы 1973), кнігах вершаў і паэм «99 мініяцюр» (1962), «Калыханка сонца» (1971), «Маё слова да вас» (1978) і інш. найб. важныя грамадска-паліт. і маральна-этычныя праблемы, шляхі гіст. развіцця ўзб. народа, яго культ. рост, духоўнае багацце. Піша для дзяцей. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі М.Базарэвіч, А.Клышка, Ю.Свірка, К.Цвірка.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. Ташкент, 1980—83.

т. 11, с. 45

МУХТА́РАЎ (Гусейн) (11.7.1914, г. Мешхед, Іран — 9.4.1980),

туркменскі драматург. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1953). Друкаваўся з 1941. Аўтар п’ес, лібрэта опер і балетаў, кінасцэнарыяў (усяго больш за 30, некаторыя — у сааўт.). У п’есах «Я — старшыня» (1942), «Каханне і паклёп» (1943), «Алтын» (1945), «Сям’я Алана» («Гонар сям’і», паст. 1949; Дзярж. прэмія СССР 1951), «Вясёлы госць» (1954), «Трыццатыя гады» (паст. 1958), «Хто злачынец?» (1963), «Прыгожая» (1972), «Я жанюся на бабулі», «Брыгадзір» (абедзве паст. 1977), скіраваных супраць гультайства, паразітызму і прыстасавальніцтва, спалучаны гуманістычны пафас і дабрадушны гумар, грамадзянскасць пазіцыі аўтара і псіхалагічна тонкае пранікненне ў характары герояў.

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. М., 1968.

т. 11, с. 45

МУХТА́РАЎ (Хусейн Мухтаравіч) (н. 18.7.1938, с. Шарцюбе Джамбулскай вобл., Казахстан),

кіргізскі спявак (бас). Нар. арт. Кіргізіі (1973). Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1964). З 1964 саліст Кірг. т-ра оперы і балета. Сярод партый: Манас Канурбай, Чынкота («Манас», «Айчурэк» У.Уласава, А.Малдыбаева, У.Ферэ), Барыс Гадуноў і Пімен («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Філіп II, Аманасра і Рамфіс («Дон Карлас», «Аіда» Дж.Вердзі), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Мефістофель («Мефістофель» А.Бойта і «Фауст» Ш.Гуно), Пётр I («Пётр I» А.Пятрова). Першы выканаўца партый Важака («Аптымістычная трагедыя» А.Холмінава, 1965) і Васкова («Досвіткі тут ціхія» К.Малчанава, 1973).

т. 11, с. 46

МУ́ЦІ ((Muti) Рыкарда) (н. 28.7.1941, г. Неапаль, Італія),

італьянскі дырыжор. З 1969 дырыжор опернага «Тэатра камунале» ў Фларэнцыі. У 1967—82 адначасова гал. дырыжор і маст. кіраўнік фестывалю «Фларэнтыйскі музычны май». У 1973—83 кіраўнік Лонданскага, у 1980—93 — Філадэльфійскага сімф. аркестраў, з 1986 — т-ра «Ла Скала». Удзельнік Зальцбургскіх фестываляў. У рэпертуары оперы італьян. класікаў і сімф. творы кампазітараў 20 ст. Адточаны густ, пачуццё стылю, яскравы тэмперамент вылучаюць яго інтэрпрэтацыі твораў Б.Брытэна, Г.Петрасі, Л.Далапікалы, К.Орфа, І.Стравінскага, Дз.Шастаковіча і інш.

т. 11, с. 46