МУХЛІ́НСКІ (Антон Восіпавіч) (1808, Навагрудчына — 25.10.1877),
усходазнавец. Праф. цюркалогіі (1839). Вучыўся ў Віленскім (з 1822) і Пецярбургскім (з 1828) ун-тах. У Пецярбургскім ун-це выкладаў арабскую (1835—39), турэцкую (1853—63) мовы, гісторыю і геаграфію Турцыі (з 1855), у 1859—66 дэкан ф-та ўсх. моў. Аўтар прац «Асманская хрэстаматыя для універсітэцкага выкладання» (1858—59), «Слоўнік выразаў, якія прыйшлі... у нашу мову з усходніх моў...» (1858) і інш. З яго «Даследавання пра паходжанне і стан літоўскіх татар» (1857) пачалося вывучэнне бел. тэкстаў, напісаных арабскім пісьмом, урыўкі з якіх, у т. л. кітабаў, упершыню транслітарыраваў М. У гэтай працы пераклаў з тур. мовы ананімны твор 16 ст. «Рысале...», у якім раілася татарам, якія забылі сваю мову, гаварыць па-беларуску. Адкрыў і выдаў арабскі геагр. рукапіс 9 ст.
Літ.:
Крачковский И.Ю. Очерки по истории русской арабистики. М.; Л., 1950.
В.І.Несцяровіч.
т. 11, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)