Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРУДЗІ́НКІ,

вёска ў Шайцераўскім с/с Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл., на аўтадарозе Верхнядзвінск—Полацк. Цэнтр калгаса. За 18 км на ПдУ ад г. Верхнядзвінск, 157 км ад г. Віцебск, 5 км ад чыг. раз’езда Беніслаўскага. 340 ж., 75 двароў (2000). Пач. школа, клуб, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 13, с. 47

ПРУ́ДКІН (Марк Ісаакавіч) (13.9.1898, г. Клін Маскоўскай вобл. —25.9.1994),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1961). Герой Сац. Працы (1989). Скончыў школу 2-й Студыі Маск. маст. т-ра (1920). З 1918 удзельнічаў у спектаклях гэтай Студыі і Маскоўскага Маст. т-ра. З 1924, у трупе Маск. маст. акад. т-ра (з 1989 Маск. маст. акад. т-ра імя А.​Чэхава). Выконваў вострахарактарныя, сатыр. і камедыйныя ролі. Майстар пераўвасаблення. Стварыў шэраг драм. і глыбока псіхал. вобразаў. Сярод роляў: Дульчын, Круціцкі («Апошняя ахвяра», «На ўсялякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Шабельскі («Іванаў» Чэхава), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Шарвінскі («Дні Турбіных» М.​Булгакава), Вронскі («Ганна Карэніна» паводле Л.​Талстога), Фёдар Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага), князь Абрэзаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Фігаро («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ), Хмелік («Сола для гадзінніка з боем» О.​Заградніка). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1949. Дзярж. прэмія Расіі 1974.

т. 13, с. 48

ПРУ́ДНІКАЎ (Алесь) (Аляксандр Трафімавіч; 14.4.1910, в. Стары Дзедзін Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 5.8.1941),

бел. паэт. Скончыў Ленінградскі настаўніцкі ін-т (1938). Працаваў на будаўніцтве. З 1931 на рэсп. кніжнай базе, у Белдзяржвыдзе, БелТА у Мінску. У 1933 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1956. З 1935 у клімавіцкай раённай газеце, з 1938 настаўнічаў у Карэліі. У Вял. Айч. вайну ў апалчэнні, загінуў. Друкаваўся з 1930. Аўтар паэмы «Зямныя зоры» (1932) пра перабудову на вёсцы. Падборка вершаў П. змешчана ў зб. «Крывёю сэрца» (1967).

А.Пруднікаў.

т. 13, с. 48

ПРУ́ДНІКАЎ (Віктар Сяргеевіч) (н. 29.12.1949, в. Куляшова Буда Рослаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1991), праф. (1992). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1972). З 1976 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны (з 1997 заг. кафедры). Навук. працы на імунаморфагенезе ў жывёл пры захворваннях і вакцынацыях, уплыве на яго імунастымулятараў.

Тв.:

Иммуноморфологические изменения у поросят при пероральной вакцинации против сальмонеллеза // Ветеринария. 1990. №10;

Вскрытие животных и дифференциальная патаморфологическая диагностика болезней. Мн., 1998 (у сааўт.);

Болезни кожи собак и кошек. Мн., 2000 (разам з М.​Ф.​Карасёвым).

т. 13, с. 48

ПРУ́ДНІКАЎ (Міхаіл Сідаравіч) (15.4.1913, с. Новапакроўка Іжморскага р-на Кемераўскай вобл., Расія — 24.7.1995),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943), ген.-маёр (1970). Скончыў Ваенна-юрыд. акадэмію (1953). З 1931 у пагранвойсках, АДПУ, НКУС СССР. У Вял. Айч. вайну з 1941 камандзір батальёна асобага прызначэння, камандзір спец. атрада, партыз. брыгады «Няўлоўныя», з мая 1943 у войсках НКУС, КДБ. Аўтар кніг «Няўлоўныя» (1961), «Няўлоўныя» дзейнічаюць» (1965), «Асобае заданне» (1969), шэрагу п’ес, кінасцэнарыяў.

т. 13, с. 48

ПРУ́ДНІКАЎ (Павел Іванавіч) (14.7.1911, в. Стары Дзедзін Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 16.4.2000),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1992). Скончыў Ленінградскі пед. ін-т (1937). Працаваў у рэдакцыях газет, на радыё. У 1937 арыштаваны, высланы ў Бурацію, потым жыў у Іркуцкай, Омскай абласцях, Краснаярскім краі. З 1946 настаўнічаў ў Смаленскай вобл., з 1952 у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. У 1968—71 працаваў у бюлетэні «Служба быту Беларусі». Друкаваўся з 1930. Першы зб. вершаў «Песні грузчыкаў» (1932, пад псеўд. Паўлюк Буравей, з Я.​Субачам). Аўтар зб-каў вершаў «Час майго нараджэння» (1968), «Прысады» (1979), «Заасцёр’е» (1986), «Заранка» (1987), «Познія ягады» (1990), «Пароша» (1996). Тэма рэпрэсій у паэме «Таймыр» (нап. 1975—87), аповесцях «Яжовыя рукавіцы» (1989), «Пекла» (1991) і інш. Напісаў успаміны пра Я.​Купалу, Я.​Коласа, З.​Бядулю, У.​Галубка, Ц.​Гартнага, П.​Глебку, К.​Грыневіча, А Пруднікава і інш.

Та: Мая магістраль Мн., 1981; Крыніцы. Мн., 1991; За калючым дротам. Мн., 1993.

Л.​М.​Гарэлік.

П.І.Пруднікаў.

т. 13, с. 48

ПРУ́ДНІКАЎ (Уладзіслаў Андрэевіч) (н. 13.1.1936, в. Сітна Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне аграхіміі. Д-р с.-г. н. (1994). Скончыў БСГА (1965). З 1961 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па вапнаванні кіслых глеб, сістэмах угнаенняў у севазваротах, аптымальных дозах і тэрмінах унясення ўгнаенняў пад с.-г. культуры.

Тв.: Влияние обеспеченности почвы подвижными формами фосфора и калия на эффективность удобрений в севообороте (разам з М.​П.​Шкелем) // Агрохимия. 1989. №5; Эффективность повторного известкования дерново-подзолистой среднесуглинистой почвы в полевом севообороте // Там жа. 1991. №2.

т. 13, с. 48

ПРУ́ДНІКІ,

вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 7 км на Пд ад горада і чыг. ст. Гарадок, 32 км ад Віцебска. 318 ж., 142 двары (2000). Піларама. Сярэдняя школа, б-ка, аздараўленчы комплекс, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 48

ПРУ́ДНІКІ,

археалагічныя помнікі — гарадзішча і селішча каля в. Пруднікі Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Гарадзішча 5—16 ст. памерам 118 × 65 м, абкружана валам выш. 4,2 і шыр. 20 м (захавалася паўн. частка). У 5—10 ст. тут было ўмацаванае паселішча патрыярхальнай абшчыны, у 11—13 ст. — парубежны пункт (астрог) Полацкага княства, у 14—16 ст.феад. сядзіба-замак. Пры даследаванні выяўлены рэшткі жытлаў зрубнай канструкцыі з каменнымі агнішчамі і печамі-каменкамі, вырабы з косці, бронзы і медзі, шкляныя пацеркі, плінфа, кафля, наканечнікі стрэл і дзідаў, баявыя нажы, рэшткі даспехаў, наверша булавы, крыжыкі, манетападобная падвеска-медальён з выявай маці Божай — Аранты, энкалпіён з багатай іканаграфіяй, ляпны і ганчарны посуд і інш. Селішча 3—10 ст. належала балтам. Выяўлены рэшткі жытлаў зрубнай канструкцыі з печамі-каменкамі, вырабы з косці, гліны, каменю, бронзы, жалеза.

В.​І.​Шадырп.

т. 13, с. 48

ПРУДО́К,

другая назва р. Тур.

т. 13, с. 48