ПРУ́ДНІКІ,

археалагічныя помнікі — гарадзішча і селішча каля в. Пруднікі Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Гарадзішча 5—16 ст. памерам 118 × 65 м, абкружана валам выш. 4,2 і шыр. 20 м (захавалася паўн. частка). У 5—10 ст. тут было ўмацаванае паселішча патрыярхальнай абшчыны, у 11—13 ст. — парубежны пункт (астрог) Полацкага княства, у 14—16 ст.феад. сядзіба-замак. Пры даследаванні выяўлены рэшткі жытлаў зрубнай канструкцыі з каменнымі агнішчамі і печамі-каменкамі, вырабы з косці, бронзы і медзі, шкляныя пацеркі, плінфа, кафля, наканечнікі стрэл і дзідаў, баявыя нажы, рэшткі даспехаў, наверша булавы, крыжыкі, манетападобная падвеска-медальён з выявай маці Божай — Аранты, энкалпіён з багатай іканаграфіяй, ляпны і ганчарны посуд і інш. Селішча 3—10 ст. належала балтам. Выяўлены рэшткі жытлаў зрубнай канструкцыі з печамі-каменкамі, вырабы з косці, гліны, каменю, бронзы, жалеза.

В.​І.​Шадырп.

т. 13, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)