Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЗЯРЖА́ЎНЫ КРЭДЫ́Т,

пазыка, у якой пазычальнікам выступае дзяржава, а крэдыторам фіз. або юрыд. асобы. Ажыццяўляецца гал. чынам праз дзярж. пазыкі, аблігацыі, якія рэалізуюцца насельніцтву.

т. 6, с. 154

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ЛЯСНЫ́ ФОНД,

гл.

Лясны фонд.

т. 6, с. 154

ДЗЯРЖА́ЎНЫ МАЛАДЗЁЖНЫ ТЭА́ТР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў 1984 у Мінску з выпускнікоў Бел. тэатр.-маст. ін-та (розных гадоў), тэатр. навуч. устаноў Масквы, акцёраў Бел. рэсп. т-ра юнага гледача і інш. У 1988 папоўніўся выпускнікамі Бел. тэатр.-маст. ін-та. Адкрыўся 30.4.1986 спектаклем «Гэтыя незразумелыя старыя людзі...» паводле аповесці С.Алексіевіч «У вайны не жаночы твар». Т-р імкнуўся прыцягнуць да сябе ўвагу вастрынёй узнятых сац.-грамадскіх праблем, асэнсаваннем жыццёвых працэсаў сучаснасці, тэатр. сінтэзам розных сродкаў маст. выразнасці, абнаўленнем тэатр. формаў. У яго рэпертуары сучасныя п’есы: «Вепручок» В.Розава, «Рамонт» М.Рошчына, «Зоркі на ранішнім небе» А.Галіна, п’еса-дыялог «Чырвоны куток» М.Разоўскага; адкрыты спектакль-гульня для дзяцей «Неверагодны ілюзіён Эрні» А.Эйкбарна; вырашаны мовай пластыкі «Лёс сабора» паводле рамана В.Гюго «Сабор Парыжскай Божай маці»; інсцэніроўка рамана У.Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», нар. драма Ф.Шылера «Вільгельм Тэль»; монаспектакль паводле кнігі «Патаемнае жыццё Сальвадора Далі, напісанае ім самім»; драма Ж.П.Сартра «Пры зачыненых дзвярах»; трагікамедыя «Запрашэнне на танга» паводле п’есы С.Мрожака «Танга»; фантаст. камедыя «Кентэрвільскі прывід» Л.Еранькова паводле твораў О.Уайльда. У 1984—86 у складзе т-ра працавала група пантамімы «Рух».

У складзе трупы (1997): С.Журавель, У.Емяльянаў, С.Жлан. Г.Лавухіна, В.Ліхадзей, В.Моўчан, А.Унукава, І.Фільчанкоў, А.Хрысціч, А.Шароў і інш. Гал. рэжысёры: Р.Баравік (1985—88), Б.Луцэнка (1988—90), В.Катавіцкі (з 1990), гал. мастак З.Марголін (з 1988).

Р.І.Баравік.

Да арт. Дзяржаўны маладзёжны тэатр Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Вільгельм Тэль» Ф.Шылера.

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ПО́ЛЬСКІ ТЭА́ТР БССР.

Створаны ў ліст. 1939 у Беластоку, у 1940—41 працаваў у Гродне. Адкрыўся 13.3.1940 спектаклем «Каварства і каханне» Ф.Шылера. Заснавальнік і маст. кіраўнік А.Венгерка. Сярод пастановак: «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай, «Пажыццёвая рэнта» і «Помста» А.Фрэдры, «Пігмаліён» Б.Шоу, «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага, «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ.У складзе трупы акцёры: І.Бароўская, С.Брылінскі, С.Бутрым, Ян Вашчаровіч, М.Гадлеўскі, С.Зніч, Г.Касабуцкая, Т.Манкевіч, Б.Міхальская, Г.Слівінскі. В.Сташэўскі, А.Шаляўскі і інш.

т. 6, с. 154

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ПО́ЛЬСКІ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК БССР.

Існаваў у 1939—41. Створаны ў Гродне з акцёраў польск. драм. т-раў. Маст. кіраўнік У.Ярэма. Значную ролю ў станаўленні калектыву адыграла знаёмства з творчасцю Цэнтр. т-ра лялек пад кіраўніцтвам С.Абразцова, які ў 1939 гастраліраваў у Беластоку. У пастаноўках выкарыстоўваліся лялькі розных сістэм. У рэпертуары: «Дзед і Жораў» В.Вольскага, «Патапыч» і «Чароўны галёш» Г.Мацвеева, «Чароўная лямпа Аладзіна» Н.Гернет і інш. Спыніў дзейнасць у пач. Айч. вайны.

т. 6, с. 154

ДЗЯРЖА́ЎНЫ САВЕ́Т,

1) вышэйшы законадарадчы орган (1810—1906) і верхняя заканад. палата (1906—17) у Рас. імперыі. Створаны па ініцыятыве М.М.Спяранскага. Складаўся з некалькіх дэпартаментаў і Дзярж. канцылярыі і на чале з дзярж. сакратаром. Старшыня і члены Дз.с. прызначаліся царом. Разглядаў унесеныя міністрамі законапраекты да іх зацвярджэння манархам, каштарысы і штаты дзярж. устаноў, скаргі на пастановы дэпартаментаў Сената і інш. органаў. Рэарганізаваны ў 1906 у сувязі з утварэннем Дзяржаўнай думы. У яго ўваходзілі члены па прызначэнні цара і члены па выбарах (пароўну). Выбарныя праводзіліся ад духавенства, губ. земскіх сходаў, дваранскіх т-ваў, АН і ун-таў, а таксама ад прам-сці і гандлю (часткова шляхам ускосных выбараў). Разглядаў прынятыя думай законапраекты да іх зацвярджэння імператарам. Фактычна ліквідаваны ў выніку Лют. рэвалюцыі 1917 (юрыдычна скасаваны 24.12.1917).

2) Калегіяльны орган дзярж. улады, які выбіраецца вышэйшым прадстаўнічым органам на Кубе.

3) Вышэйшы выканаўчы орган дзярж. улады ў Кіт. Нар. Рэспубліцы.

4) Назва выканаўчага органа ўлады, у якім старшынствуе манарх, у Даніі, Нарвегіі і шэрагу інш. краін.

5) Вышэйшы орган адм. юстыцыі ў Францыі.

Літ.:

Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 2 изд. М., 1968.

т. 6, с. 154

ДЗЯРЖА́ЎНЫ САКРАТА́Р,

адна з вышэйшых службовых асоб у некат. краінах, чл. урада. У ЗША — кіраўнік дзярж. дэпартамента (ведамства замежных спраў), у Вялікабрытаніі — афіц. тытул міністраў (унутр. спраў, абароны і інш.), у Францыі — нам. міністра або кіраўнік ведамства, у Расійскай імперыі з 1810 — нач. Дзярж. канцылярыі (аддзел справаводства ў Дзярж. савеце).

т. 6, с. 154

ДЗЯРЖА́ЎНЫ САНІТА́РНЫ НАГЛЯ́Д,

сістэма мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне і ліквідацыю забруджвання навакольнага асяроддзя шкоднымі прамысл. выкідамі і гасп.-бытавымі адходамі, на аздараўленне ўмоў працы, папярэджанне інфекцыйных, прафесійных і інш. захворванняў. У яго рэалізацыі ўдзельнічаюць асн. ўстановы сан. службы, у т. л. санітарна-эпідэміялагічныя станцыі. У практыцы сан. нагляду шырока выкарыстоўваюцца лабараторныя метады ацэнкі прафесійна-вытв. фактараў. Папярэдні санітарны нагляд накіраваны на кантроль за захаваннем сан. норм і правіл пры праектаванні, будаўніцтве, рэканструкцыі і пуску ў эксплуатацыю прамысл. і с.-г. аб’ектаў, за ўкараненнем у практыку новых тэхнал. працэсаў, новага абсталявання, машын, механізмаў, хім. рэчываў і інш. Бягучы санітарны нагляд кантралюе выкананне сан. заканадаўства на прадпрыемствах, вывучэнне ўмоў працы і захворванняў на прадпрыемствах і ў с.-г. вытв-сці; аказвае дапамогу ў арганізацыі правядзення папярэдніх і перыядычных мед. аглядаў і кантралюе іх якасць; вядзе ўлік, рэгістрацыю і расследаванне прычын прафесійных хвароб; правярае выкананне заканадаўства аб ахове працы жанчын і падлеткаў; распрацоўвае комплексныя планы аздараўленчых мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне ўмоў працы і інш.

т. 6, с. 154

ДЗЯРЖА́ЎНЫ СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР РАСІ́І.

Створаны ў Маскве ў 1936 на аснове 1-й сімф. брыгады Усесаюзнага радыё, пазней наз. Дзярж. сімф. аркестр Саюза ССР, з 1972 акадэмічны, з 1991 сучасная назва. Сярод кіраўнікоў: А.Гаўк, Н.Рахлін, К.Іваноў. З 1965 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Я.Святланаў. Ў рэпертуары творы рус. і замежнай класікі, сучасных айч. і замежных кампазітараў. Сярод найб. значных дасягненняў калектыву выкананне ў канцэртах і запіс Анталогіі рус. музыкі, усіх сімфоній Г.Малера і інш. Аркестр — першы выканаўца многіх буйнейшых твораў М.Мяскоўскага, Ю.Шапорына, С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча, А.Хачатурана, Дз.Кабалеўскага, Г.Свірыдава, Ц.Хрэннікава, Ш.Мшвелідзе, М.Пяйко, А.Пятрова, М.Кажлаева, Я.Раэтса, А.Пярта, С.Сланімскага, С.Цынцадзе і інш. З ім выступалі вядомыя айч. і замежныя музыканты: дырыжоры М.Галаванаў, С.Самасуд, Я.Мравінскі, А.Мелік-Пашаеў, Б.Хайкін, К.Кандрашын, Г.Раждзественскі, Э.Клайбер, О.Фрыд, А.Клюітэнс, Г.Абендрот, Ф.Канвічны, Ш.Мюнш, Л.Мазель, піяністы Л.Аборын, Э.Гілельс, С.Рыхтэр, А.Фішэр, М.Лонг, Г.Чэрны-Стэфаньская, скрыпачы Л.Коган, Д.Ойстрах, І.Менухін, І.Стэрн і інш. Выкананне аркестра адметнае эмацыянальнасцю, глыбінёй і маштабнасцю гучання, бліскучым майстэрствам і бездакорным пачуццём стылю, высокай культурай і артыстызмам.

Літ.:

Сидельников Л. Государственный академический симфонический оркестр Союза ССР. М., 1986.

т. 6, с. 155

ДЗЯРЖА́ЎНЫ СМЫКО́ВЫ КВАРТЭ́Т БССР.

Існаваў у 1930-я г. Створаны ў Мінску ў 1934, з 1937 у Бел. філармоніі. У складзе калектыву: А.Бяссмертны. С.Жыў (адпаведна 1-я і 2-я скрыпкі), І.Гуральнік (альт), М.Арлоў (віяланчэль). Паводле хадайніцтва ЦВК БССР калектыў атрымаў у карыстанне інструменты з дзярж. калекцыі муз. інструментаў у Маскве: скрыпкі Амаці і Альбані, альт Дэразэ, віяланчэль Клоца. Выступленні адбываліся пераважна ў рабочых і чырвонаармейскіх клубах, навук. і навуч. установах рэспублікі. Аснову рэпертуару складалі творы рус. і зарубежнай класікі. Дзейнасць сталага калектыву спрыяла стварэнню бел. кампазітарамі шэрагу квартэтаў (М.Аладаў, У.Алоўнікаў, М.Крошнер, П.Падкавыраў. В.Яфімаў і інш.).

Літ.:

Мастацтва Савецкай Беларусі. Мн., 1976. Т. 1. С. 270.

А.Л.Капілаў.

т. 6, с. 155

ДЗЯРЖА́ЎНЫ СТАНДА́РТ, Дзяржстандарт,

ДАСТ, гл. ў арт. Стандарт.

т. 6, с. 155