Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРУ́ДЗЁНДЗ

(Grudziądz),

горад на Пн Польшчы, у Тарунскім ваяв. Каля 110 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел, порт на р. Вісла. Гумавая, харч. прам-сць, с.-г. машынабудаванне, металаапрацоўка. Тэатр, музей. Арх. помнікі: гатычны (14 ст.) і барочныя (17,18 ст.) касцёлы, фрагменты гар. муроў (14 ст.) і ўмацаванняў (18 ст.).

т. 5, с. 453

ГРУДЗІ́НА,

сукупнасць шкілетных элементаў у наземных пазваночных жывёл і чалавека, што злучае па сярэдняй лініі цела брушныя канцы грудных рэбраў і часткі плечавога пояса. Да грудзіны прымацаваны грудныя мышцы. У земнаводных і паўзуноў грудзіна храстковая, у птушак — касцявая, у лятаючых грудзіна з кілем (сярэдні выступ), да якога прымацаваны магутныя грудныя мышцы. У млекакормячых грудзіна складаецца з 3 аддзелаў: ручкі, цела і мечападобнага адростка. У чалавека грудзіна (грудная косць) — няпарная плоская косць, што ўтварае сярэднюю частку пярэдняй сценкі грудной клеткі.

т. 5, с. 453

ГРУДЗІ́НАВА,

радовішча глін у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., каля в. Грудзінава. Пластавы паклад звязаны з азёрна-ледавіковымі адкладамі паазерскага зледзянення. Гліны чырвона-бурыя, шакаладныя, стужачныя, шчыльныя, пластычныя, з дробнымі вапняковымі сцяжэннямі. Разведаныя запасы 9,1 млн. м³, перспектыўныя 2,3 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—10,4 м, ускрышы 0,2—7,8 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы, дрэнажных труб. Радовішча распрацоўваецца Обальскім керамічным заводам.

А.П.Шчураў.

т. 5, с. 453

ГРУДЗІ́НАЎКА,

вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПнУ ад Быхава, 40 км ад Магілёва, 28 км ад чыг. ст. Быхаў. 697 ж., 298 двароў (1997). З-д харч. прадуктаў. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль.

т. 5, с. 453

ГРУДЗІ́НАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік архітэктуры позняга класіцызму. Створаны ў 1-й пал. 19 ст. ў в. Грудзінаўка (Быхаўскі р-н Магілёўскай вобл.) у маёнтку графа Д.Талстога. Цэнтр кампазіцыі — палац, размешчаны на вяршыні ўзгорка, на паўн.-ўсх. схіле якога пладовы сад, на паўн.-зах. — парк.

Палац — мураваны 2-павярховы квадратны ў плане, накрыты пакатым 4-схільным дахам і ўвянчаны купалам. У цэнтры гал. фасада выступае паўкруглая тэраса. Парк (пл. каля 6 га) пейзажнага тыпу з рэгулярнай партэрнай ч. перад палацам. Перад паўд.-зах. фасадам палаца партэр з глыбокім штучным вадаёмам з фантанамі (збярогся часткова) і дэкар. пасадкамі елкі калючай блакітнай, дуба звычайнага пірамідальнага, ліпы крымскай. У ландшафтнай ч. больш за 60 відаў дрэў і кустоў.

т. 5, с. 453

ГРУДНА́Я КЛЕ́ТКА,

аснова груднога аддзела тулава ў паўзуноў, птушак, млекакормячых жывёл і чалавека, складзеная з грудных пазванкоў, рэбраў і грудзіны; частка восевага шкілета амніётаў. З’явілася ўпершыню ў паўзуноў у сувязі з прагрэсіўным развіццём органаў апоры (апора плечавога пояса) і дыхання. У чалавека мае форму ўсечанага конуса, сплюшчанага ў пярэднезаднім напрамку, які мае верхнюю і ніжнюю апертуры. Плоскасць верхняй апертуры нахілена ўперад, таму пярэдні край яе знаходзіцца ніжэй за задні. Ніжняя апертура абмежавана рэбернай дугой і закрыта дыяфрагмай. Міжрэберныя прамежкі запоўнены мышцамі. Велічыня акружнасці грудной клеткі (вымяраецца на ўзроўні саскоў) характарызуе склад цела чалавека. Пры ўдыху грудная клетка расшыраецца. Выгляд і памеры яе залежаць ад спосабу жыцця, рухаў, дыхання; маюць узроставыя, палавыя, індывід. і прафес. адрозненні. Змены грудной клеткі бываюць у выглядзе прыроджаных і набытых, сіметрычных і асіметрычных дэфармацый, ад пухлінных, дыспластычных, дыстрафічных працэсаў і пашкоджанняў, што ўплывае на функцыянаванне грудной клеткі.

А.С.Манцюк.

т. 5, с. 453

ГРУ́ДНАЯ ПО́ЛАСЦЬ,

пярэдняя частка поласці цела млекакормячых жывёл і чалавека. Размешчана ў грудной клетцы і абмежавана ўнутрыгрудной фасцыяй. Ад брушнай поласці аддзелена дыяфрагмай. У грудной поласці — сэрца, лёгкія, трахея, стрававод, крывяносныя і лімфатычныя сасуды, нервы. Грудная поласць уключае 2 серозныя плеўральныя мяшкі і размешчанае паміж імі міжсценне, у ніжнім аддзеле якога — серозная поласць. Паміж парыетальным і вісцэральным лісткамі плеўры — поласць плеўры, якая мае важнае значэнне ў дыханні. У ёй пры пашкоджаннях ці запаленчых хваробах збіраецца паветра, кроў, серозная вадкасць, гной.

т. 5, с. 453

ГРУДНІ́КА,

род раслін, тое, што сіда.

т. 5, с. 454

ГРУДНІ́ЦА,

хвароба, гл. Мастыт.

т. 5, с. 454

ГРУЗААБАРО́Т,

паказчык аб’ёму работы, выкананай грузавым транспартам. Вымяраецца ў тона-кіламетрах (ткм). Паказчыкі грузаабароту выкарыстоўваюць у планаванні і статыстыцы для вымярэння прадукцыйнасці працы на транспарце. Для вызначэння грузаабароту масу перавезенага грузу ў тонах памнажаюць на далёкасць перавозкі і падсумоўваюць атрыманыя здабыткі. Сабекошт перавозак таксама вызначаюць у разліку на 1 ткм, таму што выдаткі на перавозку залежаць ад далёкасці і масы грузу. Паказчыкі грузаабароту не выкарыстоўваюць для ацэнкі дзейнасці трансп. прадпрыемстваў, бо грамадства зацікаўлена ў найлепшым задавальненні патрэб у перавозках пры мінімальных трансп. выдатках.

т. 5, с. 454