ГРУДЗІ́НА,
сукупнасць шкілетных элементаў у наземных пазваночных жывёл і чалавека, што злучае па сярэдняй лініі цела брушныя канцы грудных рэбраў і часткі плечавога пояса. Да грудзіны прымацаваны грудныя мышцы. У земнаводных і паўзуноў грудзіна храстковая, у птушак — касцявая, у лятаючых грудзіна з кілем (сярэдні выступ), да якога прымацаваны магутныя грудныя мышцы. У млекакормячых грудзіна складаецца з 3 аддзелаў: ручкі, цела і мечападобнага адростка. У чалавека грудзіна (грудная косць) — няпарная плоская косць, што ўтварае сярэднюю частку пярэдняй сценкі грудной клеткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)