Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРАЧЫ́ЦКІ Нікадзім, бел. мастак 18 ст. Жыў у в. Жыровічы Слонімскага р-на Брэсцкай вобл. У 1750 выканаў абраз «Цуд Георгія аб змеі».

т. 13, с. 35

ПРАШЛЯКО́Ў (Аляксей Іванавіч) (18.2.1901, с. Галянішчава Сапажкоўскага р-на Разанскай вобл., Расія — 12.12.1973),

савецкі военачальнік. Маршал інж. войск (1961), Герой Сав. Саюза (1945). У арміі з 1920. Скончыў курсы ўдасканалення камсаставу (1931 і 1938), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1951). У 1933—38 служыў у інж. войсках БВА. З вер. 1939 нач. інж. войск 4-й арміі, у складзе якой удзельнічаў у вызв. паходзе сав. войск у Зах. Беларусь (вер. 1939), кіраваў работамі па інж. абсталяванні зах. граніцы СССР, буд-ву Брэсцкага ўмацаванага р-на, рэканструкцыі Дняпроўска-Бугскага канала. У пач. Вял. Айч. вайны арганізоўваў інж. забеспячэнне абароны сав. войск каля Бабруйска і Магілёва, у ліп. 1941 — студз. 1942 нам. нач. інж. ўпраўлення Цэнтр. і Бранскага франтоў. У 1942—45 нам. камандуючага — нач. інж. войск Паўд., Сталінградскага, Данскога, Цэнтр., Бел., 1-га Бел. франтоў. Удзельнічаў у забеспячэнні паспяховага фарсіравання Дняпра, Бярэзіны, Друці і Зах. Буга. Арганізаваў інж. забеспячэнне войск 1-га Бел. фронту ў Вісла-Одэрскай і Берлінскай аперацыях (1945). Пасля вайны на адказных пасадах у інж. войсках, у 1952—65 нач. інж. войск Сав. Арміі.

т. 13, с. 35

ПРА́ШЧА,

старажытная кідальная зброя. Ручная П. — рэмень з пашыранай сярэдняй часткай або кароткая палка з расколінай ці пятлёй, куды клалі шарападобны камень або металічны снарад, у т. л. гранату. Пасля раскручвання П. і выпускання аднаго канца снарад ляцеў да 150 м. П. выкарыстоўвалася ў арміях Стараж. свету (у Егіпце, Грэцыі, Рыме і інш.); разнавіднасць П. захавалася ў плямён Аўстраліі, Афрыкі, Акіяніі да пач. 20 ст. П. выкарыстоўвалася і ў кідальных машынах — парабалістах.

Прашчы: 1 — скураная з Эрытрэі. Канец 19 ст.; 2 — плеценая з двухколернага шнура. Манголія; 3 — плеценая з Гавайскіх астравоў. 18 ст.; 4 — старажытны воін-прашчнік.

т. 13, с. 35

ПРАШЫ́ЎКА ў металаапрацоўцы,

1) адна з аперацый пры коўцы і штампоўцы, пры якой у загатоўку ўціскаецца спец. інструмент (прошывень) для стварэння скразных адтулін і паглыбленняў. Для П. выкарыстоўваюць прэсы, молаты. П. можа быць падрыхтоўчай аперацыяй для працяжкі.

2) Выдаленне ўнутранай завусеніцы (плёнкі), што застаецца на загатоўках пасля штампавання пры прабіванні ў іх адтулін.

3) Металарэзны інструмент падобны на працяжку, які праштурхоўваецца праз адтуліны, што апрацоўваюцца.

В.​І.​Шагун.

Прашыўка 1 — надстаўка; 2 — прошывень; 3 — пустацелы прошывень; 4 — адход металу (выдра).

т. 13, с. 36

ПРАШЭ́РН (Prešéren, Prešern) Францэ (3.12.1800, Врба, Славенія — 8.2.1849), славенскі паэт; прадстаўнік рамантызму. Скончыў Венскі ун-т (1828). Друкаваўся з 1827. Працягваў традыцыі класічнай італьян. паэзіі, Дж.​Байрана, ням. рамантыкаў. Асн. месца ў паэзіі займае інтымная лірыка з элегічнымі і трагічнымі настроямі («Любоўныя санеты», 1830—31; «Санеты няшчасця», 1832, і інш.). Аўтар цыкла «Вянок санетаў» (1834), сатыр. вершаў і эпіграм «Саркастычныя санеты» (1833), ліраэпічнай паэмы «Хрышчэнне на Савіцы» (1836) і інш. Патрыят. і вольналюбівыя настроі выявіліся ў яго творах напярэдадні рэвалюцыі 1848 (вершы «Здравіца», «Памяці Андрэя Смоле»). Заснавальнік славенскай літ. мовы. Стварыў новыя для нац. паэзіі жанры і формы (санеты, газелі, рамансы, элегіі, балады). На бел. мову яго вершы пераклалі Н.​Гілевіч, А.​Зарыцкі, В.​Зуёнак, Я.​Сіпакоў.

Тв.:

Бел. пер. — Санеты смутку. Мн., 1987;

У кн.: Маці мая, Славенія: Выбр. старонкі славенскай паэзіі XIX—XX стст. Мн., 1976;

У кн.: На волю птушку выпускаю Мн., 1989;

У кн.: Знічкі сямі нябёс. Мн., 1992;

Рус. пер. — Избранное. М., 1955;

Лирика. М., 1971.

І.​А.​Чарота.

т. 13, с. 36

ПРА́Я (Praia),

горад, сталіца Рэспублікі Каба-Вердэ, на паўд. беразе в-ва Сант’ягу. Засн. ў канцы 15 ст. 68 тыс. ж. (1995). Порт на Атлантычным ак., вузел марскіх трансатлантычных сувязей. Прадпрыемствы па перапрацоўцы рыбы і морапрадуктаў. З-ды — жал.-бетонных керамічных вырабаў, буд. матэрыялаў; ф-кі — тэкст., швейная, абутковая, мэблевая. Саматужна-мастацкія майстэрні. Прадпрыемствы па зборцы з імпартаваных дэталей эл.-быт. прылад. Мед. цэнтр па барацьбе з праказай.

т. 13, с. 36

ПРАЯЎЛЕ́ННЕ ФАТАГРАФІ́ЧНАЕ,

пераўтварэнне скрытага фатагр. відарыса, што ўзнік у святлоадчувальным матэрыяле пры фатаграфаванні, у бачны. Найб. пашырана хім. П.ф. з выкарыстаннем спец. рэчываў (праявіцеляў) для пераўтварэння (аднаўлення) галагенідаў серабра да метал. серабра, неабходнага для ўтварэння бачнага відарыса.

Пры праяўленні колерафатаграфічных матэрыялаў атрыманне відарыса з фарбавальнікаў адбываецца адначасова з аднаўленнем метал. серабра, якое выдаляецца пры наступнай апрацоўцы. Праявіцелі для хім. П.ф. маюць праяўляльныя рэчывы (напр., метол, гліцын), захавальныя рэчывы (найб. пашыраны сульфіт натрыю), якія прадухіляюць акісленне праявіцелю кіслародам паветра, і паскаральныя рэчывы (напр., карбанат ці гідраксід натрыю), якія актывізуюць праявіцель. У праявіцель таксама дадаюць процівуаліруючыя рэчывы (брамід калію) і інш. кампаненты. Для выдалення рэшткаў галагенідаў серабра, не адноўленых пры П.ф., выкарыстоўваюць замацаванне фатаграфічнае. Акрамя хімічнага распрацавана фіз. П.ф., дзе метал. серабро відарыса аднаўляецца з раствору сярэбранай солі. Для П.ф. выкарыстоўваюць кюветы, спец. бачкі, праявачныя машыны і інш. Праяўленне бессярэбраных фотаматэрыялаў грунтуецца на інш. прынцыпах, напр., на выкарыстанні электрычна зараджаных парашкоў (гл. Электрафатаграфія).

т. 13, с. 36

«ПРА БАГА́ЦТВА ДЫ БЕ́ДНАСЦЬ».

перакладны твор бел. л-ры 19 ст. Пераклад зроблены з укр. брашуры С.​А.​Падалінскага (1875, 2-е выд. 1876), выдадзены ў Жэневе ў 1881 з дапамогай М.​П.​Драгаманава, які напісаў да бел. выдання прадмову. У творы элементы маст. прозы спалучаны з агітацыйна-прапагандысцкім зместам, выкладаецца марксісцкае вучэнне пра крыніцы росту капіталу і дадатковую вартасць. Дасведчаны рабочы-чыгуначнік Кастусь тлумачыць сваім сябрам, што для паляпшэння жыцця трэба зямлю, фабрыкі і заводы зрабіць грамадскай уласнасцю, ліквідаваць эксплуатацыю чалавека чалавекам. Пераклад дапасаваны да бел. умоў і нар. побыту, значна ўзмоцнены маст. элемент (пейзажныя замалёўкі, партрэты дзейных асоб больш яркія і вобразныя). У творы жывая лексіка, шмат нар. зваротаў і трапных вобразаў, удала перададзены фанетычныя асаблівасці бел. мовы, што сведчыць пра дасканалае валоданне роднай мовай перакладчыкам.

Публ.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Александровіч С.​Х.​Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971.

С.​Х.​Александровіч.

т. 12, с. 523

«ПРА ПАБО́ІШЧА МАМА́Я»,

гл. «Мамаева пабоішча».

т. 12, с. 523

«ПРЕССБО́Л. ТАКОВА́ СПОРТИ́ВНАЯ ЖИЗНЬ»,

бел. спартыўная газета. Выходзіць з 1991 у Мінску на рус. мове 4 разы на тыдзень. Заснавальнік і выдавец — калектыў рэдакцыі. Тэматыка выдання: спарт., агляды, аналіз спаборніцтваў і асобных гульняў, пераважна ў гульнявых відах спорту (футбол, гандбол, баскетбол і інш.); інфармацыя пра найб. значныя спаборніцтвы ў свеце і на Беларусі; нарысы і інтэрв’ю са спартсменамі і інш. Асн. пастаянныя рубрыкі: «Футбол», «Баскетбол» і інш; «Палеміка»; «Партрэт»; «Навіны»; «Біг-макбол»; «Пратакол»; гумарыстычная «Прыплылі» і інш.

т. 13, с. 36