ПРАШЭ́РН (Prešéren, Prešern) Францэ (3.12.1800, Врба, Славенія — 8.2.1849), славенскі паэт; прадстаўнік рамантызму. Скончыў Венскі ун-т (1828). Друкаваўся з 1827. Працягваў традыцыі класічнай італьян. паэзіі, Дж.Байрана, ням. рамантыкаў. Асн. месца ў паэзіі займае інтымная лірыка з элегічнымі і трагічнымі настроямі («Любоўныя санеты», 1830—31; «Санеты няшчасця», 1832, і інш.). Аўтар цыкла «Вянок санетаў» (1834), сатыр. вершаў і эпіграм «Саркастычныя санеты» (1833), ліраэпічнай паэмы «Хрышчэнне на Савіцы» (1836) і інш. Патрыят. і вольналюбівыя настроі выявіліся ў яго творах напярэдадні рэвалюцыі 1848 (вершы «Здравіца», «Памяці Андрэя Смоле»). Заснавальнік славенскай літ. мовы. Стварыў новыя для нац. паэзіі жанры і формы (санеты, газелі, рамансы, элегіі, балады). На бел. мову яго вершы пераклалі Н.Гілевіч, А.Зарыцкі, В.Зуёнак, Я.Сіпакоў.
Тв.:
Бел. пер. — Санеты смутку. Мн., 1987;
У кн.: Маці мая, Славенія: Выбр. старонкі славенскай паэзіі XIX—XX стст. Мн., 1976;
У кн.: На волю птушку выпускаю Мн., 1989;
У кн.: Знічкі сямі нябёс. Мн., 1992;
Рус. пер. — Избранное. М., 1955;
Лирика. М., 1971.
І.А.Чарота.
т. 13, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)