Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МУ́КА (Mucke, Muka) Арнашг (10.3.1854, г. Угіст, Германія — 10.10.1932), лужыцкі мовазнавец-славіст, культ. і грамадскі дзеяч. Чл. Пецярбургскай АН, АН у Празе, Заграбе і інш. З 1870-х г. адзін з лідэраў серба-лужыцкага нац.-культ. руху, належаў да групы «младасербаў». З 1882 заснавальнік і рэдактар літ.-грамадскага час. «Lužica» («Лужыца»), з 1894 — рэдактар навук. «Časopis Mačicy Serbskeje» («Часопіса Маціцы Сербскай»), Асн. працы ў галіне мовазнаўства, краязнаўства, дэмаграфіі, літзнаўства, гісторыі, фалькларыстыкі лужыцкіх сербаў, у т. л. «Статыстыка лужыцкіх сербаў» (1884—86), «Параўнальная і гістарычная фанетыка і марфалогія ніжнелужыцкай мовы» (1891), «Слоўнік ніжнелужыцкай мовы і яе дыялектаў» (т. 1—3, 1911—28). Выдавец «Тэатральнай лужыцкай бібліяТЭЧКІ» (1876).

Дз.І.Лазарава.

т. 11, с. 19

МУКАМО́ЛЬНА-КРУПЯНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

спецыялізаваная галіна прам-сці па перапрацоўцы збожжа на муку і крупы. Адна са старэйшых галін харчовай прамысловасці Беларусі.

Да пач. 20 ст. ў Беларусі пераважалі дробныя прадпрыемствы (вадзяныя млыны і ветракі) з 1—2 рабочымі. Большасць сялян вырабляла муку і крупы ў хатніх умовах з дапамогай жорнаў, ступы і інш. Першы вял. на той час вадзяны шасціпастаўны млын пабудаваны ў 1826 у фальварку Забалоцце Аршанскага пав. (працавала 18 чал., збожжа прывозілі пераважна водным шляхам па Дняпры з Украіны). У 1860 у Беларусі дзейнічалі 1834 мукамольныя прадпрыемствы (вадзяныя, ветраныя, конныя і паравыя млыны), на якіх працавала 2730 рабочых, выраблялася 2956 тыс. пудоў мукі. У 1920—30-я г. прадпрыемствы М.-к.п. рэканструяваны, пабудаваны механізаваныя млыны, у т. л. млынкамбінаты у Гомелі, Оршы, Полацку, Рэчыцы, Слуцку. У 1940 выраблена мукі 873,1 тыс., круп 50,8 тыс. т. У пасляваенны час М.-к.п. развівалася на новай тэхн. аснове, што дало магчымасць пастаўляць яе ў інш. рэспублікі.

У 1998 у Рэспубліцы Беларусь дзейнічалі 1934 прадпрыемствы і вытворчасці М.-к.п. У 1997 выпрацавана мукі 1372,5 тыс., круп 97,3 тыс. т. Вял. млынкамбінаты працуюць у Мінску, Гомелі, Магілёве, Бабруйску, Полацку, Калінкавічах, Рэчыцы, Асіповічах, Баранавічах, Лідзе, Пінску, Клімавічах, Слуцку, Брэсце і інш.

П.І.Рогач.

Да арт. Мукамольна-крупяная прамысловасць. Гомельскі млынкамбінат.

т. 11, с. 20

МУКАМО́ЛЬНЫ МЛЫН,

машына (прыстасаванне, устаноўка, прадпрыемства) для перапрацоўкі зерня на муку.

Найб. старажытнымі прыладамі для размолу зерня былі зерняцёркі (вядомы з ранняга неаліту — каля 5-га тыс. да н.э.) і ступы. Пазней з’явіліся жорны, якія прыводзіліся ў рух уручную (жорны, што працуюць парна, пашырыліся ў 4—3 ст. да н.э.). Са старажытных часоў (у краінах Усходу, Грэцыі і Рыме) пачалі выкарыстоўвацца млыны вадзяныя, у якіх жорны прыводзіліся ў рух вадзянымі коламі. На Беларусі вадзяныя млыны з 1—2 (часам да 4) коламі функцыянавалі амаль ва ўсіх буйных дварах і гаспадарках. Былі і сезонныя млыны, што працавалі ў час паводак (млыны-вешнякі), а таксама М.м. з валовай ці конскай цягай. У 12—13 ст. у многіх краінах Еўропы пашырыліся ветраныя млыны — ветракі; на Беларусі іх будавалі з 15 ст. У пач. 19 ст. з’явіліся М.м. з паравым рухавіком, у 1880-я г. — з электрапрыводам.

Сучасны М.м. — прадпрыемства (з-д мукамольна-крупяной прамысловасці), якое складаецца з аддзяленняў: зернеачышчальнага (уключае сепаратары, трыеры, магн. апараты, абоечныя і мыйныя машыны), размольнага (мае вальцовыя станкі, прасейвальныя і сітавеяльныя машыны), выбойнага (прыстасаванні для аўтам. ўзважвання і засыпкі мукі ў мяхі). Абсталявана пнеўматычным транспартам для перамяшчэння зерня і прамежкавых прадуктаў, метал. і жалезабетоннымі ёмістасцямі для захоўвання мукі.

У.М.Сацута.

т. 11, с. 20

МУКА́НАЎ (Сабіт Муканавіч) (26.4.1900, саўгас імя Муканава Паўн.-Казахстанскай вобл., Казахстан — 18.4.1973),

казахскі пісьменнік; адзін з пачынальнікаў казахскай сав. л-ры. Акад. АН Казахстана (1954). Скончыў Ін-т чырвонай прафесуры ў Маскве (1935).

Друкаваўся з 1922. У раманах «Сын бая» (1928), «Светлае каханне» (1931), «Загадкавы сцяг» (1938, у наст. выд. «Батагоз»), «Сыр-Дар’я» (1948), «Цалінныя хвалі» (1956) і інш. этапы гісторыі каз. народа. Аўтар аўтабіягр. трылогіі «Школа жыцця» (1949—62, Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1967), гіст.-біягр. рамана пра Ч.Валіханава «Метэор, які прамільгнуў» (кн. 1—2, 1967—70). Выступаў як літ.-знавец, крытык, нарысіст. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў Х.Жычка.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи и поэмы. Алма-Ата. 1960;

Школа жизни. Кн. 1—3. М., 1971.

Літ.:

Кедрина З.С. Из живого источника. М., 1960.

С.М.Муканаў.

т. 11, с. 20

МУКА́НЫ ПАЎСТА́ННЕ, рух «людзей у белых вопратках»,

паўстанне ў Сярэдняй Азіі супраць улады Арабскага халіфата на чале з Муканам (араб. «закрыты пакрывалам», Хашым Ібн Хакім) у 770—780-я г. Мукана прапаведаваў вучэнне, у аснове якога ляжалі ідэі маздакізму (гл. Маздакіцкі рух). Гал. цэнтры М.п. знаходзіліся ў Маверанахры; паселішча Наршах (каля Бухары), Самарканд і горная вобласць Санам. Ў 776—783 арабы захапілі гэтыя цэнтры, а каля 783—785 канчаткова задушылі паўстанне.

т. 11, с. 20

МУ́КАР, мукор (Mucor),

род зігаміцэтавых грыбоў сям. мукаравых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ўсюды. Трапляюцца ў верхнім слоі глебы. На Беларусі найб. вядомыя М.: свінцова-шэры (M. plumbus), галоўчаты (M. mucedo), зімуючы (M. hiemalis), раманіянавы (M. ramannianus), шэра-вохрысты (M. griseoochraceus). Развіваюцца на раслінных рэштках, харч. прадуктах, выклікаюць цвіль кармоў, пладоў і караняплодаў пры захоўванні.

Міцэлій бясколерны, галінасты, расце ўнутры і на паверхні субстрату, пераважна няклетачны, часам распадаецца на асобныя клеткі, здольныя да пачкавання. Спарангіі круглаватыя, у выглядзе галовак са шматлікімі спорамі. Некат. віды выкарыстоўваюць як закваску («кітайскія дрожджы») для атрымання зброджаных харч. прадуктаў («соевы сыр»), спірту з бульбы і інш. Культура М. раманіянавага дае антыбіётык раміцын, некат. віды выклікаюць захворванні (мукарамікозы) чалавека і с.-г. жывёл.

С.І.Бельская.

т. 11, с. 20

МУКАРА́ЛЬНЫЯ (Mucorales),

парадак зігаміцэтавых грыбоў. 8 сям., каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Пераважна сапратрофы; узбуджальнікі хвароб чалавека і жывёл, гнілі і цвілі пладоў, караняплодаў і інш. Трапляюцца на раслінных рэштках, глебе, харч. прадуктах, паразітуюць на грыбах.

Міцэлій добра развіты, галінасты, пераважна няклетачны, з узростам можа ўтвараць перагародкі, доўгія гіфы, рызоіды, хламідаспоры або распадацца на асобныя клеткі. Спарангіі шарападобнай формы, маюць нерухомыя споры або канідыі. Палавы працэс — зігагамія (зліццё 2 недыферэнцыраваных на гаметы клетак). Зігаспора з тоўстай абалонкай. Некат. віды маюць высокую ферментатыўную актыўнасць і выкарыстоўваюцца для атрымання антыбіётыкаў, дражджэй.

С.І.Бельская.

т. 11, с. 20

МУ́КАРЖАЎСКІ ((Mukařovský) Ян) (11.11.1891, г. Пісек, Чэхія — 8.2.1975),

чэшскі эстэтык, літ.-знавец; заснавальнік чэшскай структуралісцкай эстэт. школы. Акад. Чэхаславацкай АН (з 1952). Скончыў Пражскі ун-т. З 1938 праф., у 1948—53 рэктар Карлава ун-та ў Празе, праф. ун-та Каменскага ў Браціславе. У 1951—62 кіраўнік Ін-та чэшскай л-ры. Аўтар прац па агульнай тэорыі мастацтва, л-ры, паэтыцы кіно, т-ра, жывапісу: «Эцюды з эстэтыкі» (1966), «Шляхамі паэтыкі і эстэтыкі» (1971), «Эцюды з паэтыкі» (выд. 1982) і інш. Даследаваў стылістыку творчасці чэшскіх пісьменнікаў. Узначальваў акад. выданне «Гісторыя чэшскай літаратуры» (т. 1—3, 1959—61).

Тв.:

Рус. пер. — Исследования по эстетике и теории искусства. М., 1994.

А.У.Вострыкава.

т. 11, с. 20

МУКАРО́З, мукарамікоз,

хвароба жывёл і чалавека; гл. ў арт. Фікамікозы.

т. 11, с. 21

МУКАСЕ́Й (Анатоль Міхайлавіч) (н. 26.7.1938, С.-Пецярбург),

расійскі кінааператар. Засл. дз. маст. Расіі (1991). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1961). Працаваў на Ленінградскай студыі кінахронікі, з 1963 на кінастудыі «Масфільм». Зняў маст. фільмы «Дайце кнігу скаргаў» (1965) і «Сцеражыся аўтамабіля» (1966; абодва з У.Нахабцавым), «Марскія апавяданні» (1967), «Увага, чарапаха!» (1970), «Аповесць пра чалавечае сэрца» (1976), «Чучала» (1984); тэлефільмы «Нос» (1977), «Па сямейных абставінах» (1978), «Сватаўство гусара» (1979), «Дульсінея Табоская» (1980), «Прынцэса цырка» (1982) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1986.

т. 11, с. 21