МУКА́,

1) харчовы прадукт, які атрымліваюць размолам зерня розных культур, пераважна пшаніцы і жыта, а таксама аўса, ячменю, грэчкі, кукурузы, бабовых культур; асн. сыравіна для хлебапякарнай, макароннай і кандытарскай вытв-сцей. Якасць М. характарызуецца колерам, пахам, смакам, кіслотнасцю, вільготнасцю (14,5%), памолам, водапаглынальнай і газаўтваральнай здольнасцямі і хім. саставам (колькасць пажыўных і мінер. рэчываў, вітамінаў, ферментаў і інш.), які залежыць ад віду зерня, рэжыму яго памолу і гатунку М. Пшанічную М. вырабляюць вышэйшага, 1-га і 2-га гатункаў, крупчатку і шатраваную, жытнюю — сеяную і шатраваную. М. шатраваная і 2-га гатунку мае вітаміны (Bl,B2, PP і E), якіх амаль няма ў М. вышэйшага і 1-га гатункаў. Гл. таксама Мукамольна-крупяная прамысловасць.

2) Здробненыя да парашкападобнага стану рэчывы мінер. (напр., вапнавая М.), расліннага (напр., сянная М.) ці жывёльнага (напр., касцявая М.) паходжання.

К.​В.​Фамічэнка.

т. 11, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)