Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«КО́ЛА»,

«Кружкі», «Кругавая», «Круток», бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп хуткі. Гал. асаблівасць — рух па крузе і ўсялякія кружэнні. Пад рознымі назвамі пашыраны па ўсёй Беларусі. Танец «Кругавая» як парны масавы апісаў у 19 ст. Р.​Друцкі-Падбярэскі, пра «Кружкі» ў якасці гал. танца на бел. святочных вечарынках пісаў М.​Дзмітрыеў, «Круціху», што выконвалася на вяселлях, згадвае С.​Сахараў. «Круган» у выкананні 2 мужчын зафіксаваны на Брэстчыне, «Круглы» — на Магілёўшчыне.

Ю.​М.​Чурко.

т. 8, с. 381

КО́ЛАН (грэч. kōlon частка цела; элемент перыяду),

рытміка-інтанацыйная адзінка маўлення: моўны такт, выдзелены паўзамі, аб’яднаны лагічным націскам. У бел. мове сярэдні аб’ём К. каля 8 складоў, у маст. прозе — 2—4 поўнанаціскныя словы, у навук. і публіцыстычнай — больш. У мове, не разлічанай на гучнае вымаўленне, падзел на К. невыразны. Адзін з асн. сродкаў аратарскага маўлення.

т. 8, с. 381

КО́ЛАР ((Kollár) Ян) (29.7.1793, в. Мошаўцы, Славакія — 24.1.1852),

славацкі і чэшскі паэт, публіцыст, археолаг. Скончыў Іенскі ун-т (1819). Быў пастарам. З 1849 праф. слав. археалогіі Венскага ун-та. Адстойваў ідэю адраджэння і збліжэння слав. народаў. Пісаў на чэш. мове. Першы зб. «Вершы» (1821) складаюць оды, санеты, элегіі, афарызмы. Патрыят. пафас абароны славян ад прыгнятальнікаў у манум. ліра-эпічнай паэме «Дачка Славы» (1824). Складальнік зб. славацкіх нар. песень (т. 1—2, 1834—35), аўтар трактата «Аб літаратурнай узаемнасці славян» (1836), нататак пра падарожжа ў Італію (1843, 1845).

Тв.:

Рус. пер. — Сто сонетов. М., 1973.

Літ.:

Зайцева А.К. Ян Коллар // История словацкой литературы. М., 1970.

І.​В.​Шаблоўская.

т. 8, с. 381

КО́ЛАРЖ ((Kolář) Іржы) (н. 24.9.1914, Процівін каля г. Кладна, Чэхія),

чэшскі паэт, перакладчык, эсэіст, мастак. Член літ. «Суполкі 42», альтэрнатыўнай сац. рэалізму. У 1949—56 і пасля 1970 пазбаўлены магчымасці друкавацца на радзіме. З 1980 жыве ў Францыі. У л-ры і выяўленчым мастацтве пачаў з класічных форм, у 1930-я г. захапляўся сюррэалізмам, тэхнікай калажу, імкнуўся спалучыць л-ру і пластычнае мастацтва. Аўтар зб-каў вершаў «Хросны ліст» (1941), «Сем кантат» (1945), «Оды і варыяцыі» (1946), «Вршовіцкі Эзоп» (1966), «Новы Эпіктэт» (1968), для якіх характэрна дэпаэтызацыя, выкарыстанне розных лексічных пластоў, «высокага» і «нізкага» стыляў. За рукапіс кн. «Печань Праметэя» (нап. 1950, выд. 1979) зняволены ў турму. Стваральнік адмысловай сістэмы тэхнікі калажу, ілюстраваў раманы Ф.​Кафкі. Пераклаў на чэш. мову асобныя творы У.​Уітмена, Т.​Эліята, С.​Бекета, К.​Сэндберга, Т.​Уільямса, Э.​Олбі і інш.

І.​В.​Шаблоўская.

т. 8, с. 381

КО́ЛАС,

простае, батрычнае (бакакветнае) суквецце, у якім на падоўжанай гал. восі знаходзяцца сядзячыя кветкі (просты К.), або маленькія сядзячыя суквецці — каласкі (складаны К.). Просты К. маюць трыпутнік, некат. архідэі і інш., складаны — жыта, пшаніца, ячмень і інш. злакі.

т. 8, с. 381

КО́ЛАС (Андрэй Данілавіч) (н. 6.11.1918, в. Майсееўка Мазырскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. журналіст. Засл. работнік культ. Беларусі (1975). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1955). У 1937—39 настаўнік у Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл. З 1944 рэдактар Ваўкавыскай раённай газ. «Заря», з 1946 старшыня Ваўкавыскага гарвыканкома, з 1948 уласны карэспандэнт, заг. аддзела, адказны сакратар, нам. рэдактара, рэдактар абл. газ. «Гродненская правда», нач. упраўлення па друку Гродзенскага аблвыканкома. З 1970 нам. рэдактара, у 1972—84 рэдактар «Сельской газеты».

т. 8, с. 381

КО́ЛАС (Валерый Паўлавіч) (н. 12.10.1950, г. Ашмяны Гродзенскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1992). Скончыў БДУ (1973). З 1974 у Ін-це ядз. энергетыкі, з 1991 у Ін-це радыяцыйных фіз.-хім. праблем Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэрмамеханіцы гетэрагенных сістэм і рэактарабудаванні. Распрацаваў фіз.-матэм. асновы праектавання ядз. рэактараў з мікрацеплавылучальнымі элементамі. Прапанаваў аўтаматызаваную сістэму інфрачырв. выпрамянення для лакальнага забеспячэння тэмпературных умоў у аптычнай і радыёэлектроннай вытв-сці.

т. 8, с. 381

КО́ЛАС (Георгій Данілавіч) (26.2.1929, в. Куцень Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 18.12.1994),

бел. крытык, публіцыст, кінадраматург. Скончыў Кудымкарскі настаўніцкі ін-т (Пермская вобл., 1947), Бел. тэатр. ін-т (1951). У 1947—74 працаваў у Бел. т-ры оперы і балета, Рус. драм. т-ры Беларусі, у рэсп. газетах, час. «Неман», Мін-ве культуры Беларусі. Аўтар кн. «Сучаснікі ў грыме і без грыму» (1963), зб. артыкулаў «Дыялог праз рампу» (1967), брашур па пытаннях драматургіі і тэатр. мастацтва, сцэнарыяў дакумент., навук.-папулярных кіна- і тэлефільмаў («Беларуская сюіта», 1966; «Купалаўцы», 1970; «Іван Шамякін», 1979; «Паклон мой народу за песні» і «Янка Купала», 1982; «Старажытныя паркі», 1989, і інш.).

Тв.:

Аўтографы Андрэя Макаёнка. Мн., 1992;

Карані міфаў Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Мн., 1998.

т. 8, с. 381

КО́ЛАС (Іван Андрэевіч) (н. 5.6.1923, в. Каратынічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

адзін з арганізатараў партыз. руху на Палессі ў Вял. Айч. вайну, разведчык. Герой Расійскай Федэрацыі (1994), палк. (1985). Скончыў Мазырскае пед. вучылішча (1939). З 1942 на падп. рабоце ў тыле ворага ў Харкаўскай вобл., потым у Лельчыцкім р-не — камандзір партыз. атрадаў імя Кутузава, імя Калініна і інш. У 1943—44 вёў падп. і развед. работу на акупіраванай тэр. Пінскага, Баранавіцкага, Лідскага, Ваўкавыскага р-наў, Польшчы. У вер. 1944 у час Варшаўскага паўстання 1944 па заданні Стаўкі Вярх. Галоўнакамандавання закінуты ў Варшаву. Потым да канца вайны вёў разведку ў Берліне. З 1949 у Гал. разведупраўленні Мін-ва абароны СССР. Аўтар шэрагу кніг аб Вял. Айч. вайне.

Тв.:

Варшава в огне. М., 1956;

Рельсовая война в Полесье. М., 1962;

По заданию центра. М., 1989;

Возвращение из ада: Избр. М., 1996.

А.​Д.​Колас.

т. 8, с. 382

КО́ЛАС (Людміла Якаўлеўна) (н. 13.5.1950, г. Чарнаўцы, Украіна),

бел. спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1983). Скончыла Маладзечанскае муз. вучылішча (1970), Кіеўскую кансерваторыю (1976, клас Л.​Чаўдар). У 1976—97 салістка Нац. т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. З 1986 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Валодае голасам прыгожага чыстага тэмбру, высокай вак. тэхнікай. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца шчырасцю, лірызмам, сцэн. абаяльнасцю. Сярод партый: Паола («Джардана Бруна» С.​Картэса), Антаніда («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Прылепа («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Марфа, Снягурачка («Царская нявеста», «Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Джыльда, Віялета, паж Оскар («Рыгалета», «Травіята», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Нарына («Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Алімпія («Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха), Сюзанна і Барбарына («Вяселле Фігара» ВА.Моцарта). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​І.​Глінкі (1977), міжнар. конкурсу «Новыя оперныя галасы» (1986, Італія). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.

А.​Я.​Ракава.

т. 8, с. 382