КО́ЛАР ((Kollár) Ян) (29.7.1793, в. Мошаўцы, Славакія — 24.1.1852),

славацкі і чэшскі паэт, публіцыст, археолаг. Скончыў Іенскі ун-т (1819). Быў пастарам. З 1849 праф. слав. археалогіі Венскага ун-та. Адстойваў ідэю адраджэння і збліжэння слав. народаў. Пісаў на чэш. мове. Першы зб. «Вершы» (1821) складаюць оды, санеты, элегіі, афарызмы. Патрыят. пафас абароны славян ад прыгнятальнікаў у манум. ліра-эпічнай паэме «Дачка Славы» (1824). Складальнік зб. славацкіх нар. песень (т. 1—2, 1834—35), аўтар трактата «Аб літаратурнай узаемнасці славян» (1836), нататак пра падарожжа ў Італію (1843, 1845).

Тв.:

Рус. пер. — Сто сонетов. М., 1973.

Літ.:

Зайцева А.К. Ян Коллар // История словацкой литературы. М., 1970.

І.​В.​Шаблоўская.

т. 8, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)