КО́ЛАС (Людміла Якаўлеўна) (н. 13.5.1950, г. Чарнаўцы, Украіна),
бел. спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1983). Скончыла Маладзечанскае муз. вучылішча (1970), Кіеўскую кансерваторыю (1976, клас Л.Чаўдар). У 1976—97 салістка Нац. т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. З 1986 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Валодае голасам прыгожага чыстага тэмбру, высокай вак. тэхнікай. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца шчырасцю, лірызмам, сцэн. абаяльнасцю. Сярод партый: Паола («Джардана Бруна» С.Картэса), Антаніда («Іван Сусанін» М.Глінкі), Прылепа («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Марфа, Снягурачка («Царская нявеста», «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Джыльда, Віялета, паж Оскар («Рыгалета», «Травіята», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Нарына («Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Алімпія («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха), Сюзанна і Барбарына («Вяселле Фігара» ВА.Моцарта). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.І.Глінкі (1977), міжнар. конкурсу «Новыя оперныя галасы» (1986, Італія). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.
А.Я.Ракава.
т. 8, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)