КО́ЛАРЖ ((Kolář) Іржы) (н. 24.9.1914, Процівін каля г. Кладна, Чэхія),
чэшскі паэт, перакладчык, эсэіст, мастак. Член літ. «Суполкі 42», альтэрнатыўнай сац. рэалізму. У 1949—56 і пасля 1970 пазбаўлены магчымасці друкавацца на радзіме. З 1980 жыве ў Францыі. У л-ры і выяўленчым мастацтве пачаў з класічных форм, у 1930-я г. захапляўся сюррэалізмам, тэхнікай калажу, імкнуўся спалучыць л-ру і пластычнае мастацтва. Аўтар зб-каў вершаў «Хросны ліст» (1941), «Сем кантат» (1945), «Оды і варыяцыі» (1946), «Вршовіцкі Эзоп» (1966), «Новы Эпіктэт» (1968), для якіх характэрна дэпаэтызацыя, выкарыстанне розных лексічных пластоў, «высокага» і «нізкага» стыляў. За рукапіс кн. «Печань Праметэя» (нап. 1950, выд. 1979) зняволены ў турму. Стваральнік адмысловай сістэмы тэхнікі калажу, ілюстраваў раманы Ф.Кафкі. Пераклаў на чэш. мову асобныя творы У.Уітмена, Т.Эліята, С.Бекета, К.Сэндберга, Т.Уільямса, Э.Олбі і інш.
І.В.Шаблоўская.
т. 8, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)