Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРУ́БКА,

невялікая пакаёвая печ, звычайна для абагрэву. Вядома здаўна, на Беларусі пашырана з 2-й пал. 16 ст. Рабілі грубкі з цэглы, абліцаванай дэкар. пліткай, гаршковай паліванай і непаліванай кафляй. Выкарыстоўвалі ў жыллі, грамадскіх будынках (корчмах, аўстэрыях, ратушах, аптэках і інш.).

У сядзібных і палацавых будынках 16 — пач. 20 існавалі па-мастацку аздобленыя грубкі (сядзібныя дамы ў вёсках Агарэвічы Ганцавіцкага, Дзераўная Стаўбцоўскага р-наў, г.п. Карэлічы, г. Шклоў, палац у Нясвіжы і інш.). У дэкоры выкарыстоўвалі паліхромную ўзорыстую кафлю (вёскі Асташын і Дзяляцічы Навагрудскага р-на), з рэльефнымі геральдычнымі выявамі (Заслаўе, Лагойск, Нясвіж, Дзяржынск), з раслінным і інш. арнаментам.

т. 5, с. 452

ГРУ́БЫЯ КАРМЫ́,

сухія раслінныя кармы (сена, салома, мякіна, сянаж, травяная мука, галінкавы корм) з адносна малой колькасцю пажыўных рэчываў. Маюць вады менш за 40%, сырой клятчаткі больш за 19%. Пажыўнасць 1 кг грубых кармоў — 0,1—0,65 карм. адзінкі. Скормліваюць жвачнай с.-г. жывёле, часам трусам. Грубыя кармы — неабходны кампанент зімовых рацыёнаў траваедных жывёл, спрыяюць нармальнаму страваванню і засваенню пажыўных рэчываў, адрозніваюцца хім. саставам і пажыўнасцю. Найб. значэнне мае сена, у якім ёсць амаль усе неабходныя для жывёлы пажыўныя рэчывы.

т. 5, с. 452

ГРУ́БЭ Аляксандр Васілевіч

(31.8.1894, в. Грыгор’еўка Белябееўскага р-на, Башкортастан — 3.8.1980),

бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1944). Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1941—16). З 1918 настаўнічаў у мяст. Краснаполле (Магілёўская вобл.). З 1924 жыў у Мінску, з 1941 у Маскве. Адзін з арганізатараў і старшыня Усебеларускага аб’яднання мастакоў. У творчасці адчувальны ўплыў традыцый бел. нар. драўлянай скульптуры («Лірнік», «Кастусь Каліноўскі», абедзве 1926). Сярод работ з рысамі стылізацыі, але лаканічных па трактоўцы, поўных унутр. напружання: «Раб», «Тачачнік» («Паднявольная праца», абедзве 1928), «Танкіст» (1943), «Першая баразна» (1949) і інш. Працаваў у жанры партрэта (М.Багдановіч, 1927, Л.М.Даватар, 1944), станковай і манум. пластыкі («Трактарыстка», 1935), дэкар. скульптуры («Беларус-касец», 1940) і інш. Творы адметныя арыгінальнасцю і выразнасцю пластычнай формы, эмацыянальнасцю.

Літ.:

Петерсон Э.А. Портретная скульптура Советской Белоруссии. Мн., 1982.

П.М.Герасімовіч.

т. 5, с. 452

ГРУГА́Н,

птушка, гл. Крумкач.

т. 5, с. 452

ГРУД у лясной тыпалогіі, характарызуе ўчасткі лесу з найвышэйшай урадлівасцю глеб; класіфікацыйная адзінка. У лесастэпавай зоне, на Каўказе, у Крыме, Карпатах складае асн. лесатыпалагічны фон; даволі часты ў падзоне шыракалістых лясоў. Для груда характэрны чарназёмы, буразёмы і шэрыя лясныя глебы. Асн. лесаўтваральнікі — піхта, елка, дуб, бук, ясень, ільма. На Беларусі груды займаюць пераважна павышаныя мясціны на балоцістай або нізіннай мясцовасці і часцей прадстаўлены шыракалістымі або ялова-шыракалістымі лясамі. У залежнасці ад гал. лесаўтваральных парод прыняты скарочаныя назвы груда: піхтавы — піхтач, яловы — рамень, дубовы — дуброва і г.д.

т. 5, с. 452

ГРУ́ДА Эдуард Іосіфавіч

(н. 28.11.1936, в. Данілавічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 14.10.1997),

бел. матэматык. Чл.-кар. АН Беларусі (1984), Д-р фіз.-матэм. н. (1974), праф. (1991). Скончыў БДУ (1959). З 1959 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі, з 1977 заг. лабараторыі. Навук. працы па даследаванні аналітычных, якасных і асімптатычных уласцівасцей інтэгральных разнастайнасцей дыферэнцыяльных сістэм. Стварыў навук. кірунак у тэорыі сістэм Пфафа—тэорыю характарыстычных вектараў.

Тв.:

О периодических решениях нелинейных дифференциальных систем с условием Липшица в общем критическом случае // Весці АН БССР. Сер. фіз.-матэм. навук. 1983. №2;

Псевдонормальная форма матриц // Дифференциальные уравнения. 1991. Т. 27, № 10.

М.У.Токараў.

т. 5, с. 452

ГРУДАБРУ́ШНАЯ ПЕРАПО́НА,

гл. Дыяфрагма.

т. 5, с. 453

ГРУДА́НАЎ Уладзімір Якаўлевіч

(н. 26.7.1941, в. Варатынь Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне харч. машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1992). Скончыў Маскоўскі ін-т нар. гаспадаркі (1968). З 1977 у Магілёўскім тэхнал. ін-це. Навук. даследаванні па распрацоўцы і стварэнні энергазберагальнага тэхнал. абсталявання для прадпрыемстваў харч. прам-сці.

Тв.:

Совершенствование конструкций машин и аппаратов пищевых производств. Мн., 1996 (разам з Л.Ф.Глушчанка, В.В.Клімовічам).

т. 5, с. 453

ГРУ́ДЗЁНДЗ

(Grudziądz),

горад на Пн Польшчы, у Тарунскім ваяв. Каля 110 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел, порт на р. Вісла. Гумавая, харч. прам-сць, с.-г. машынабудаванне, металаапрацоўка. Тэатр, музей. Арх. помнікі: гатычны (14 ст.) і барочныя (17,18 ст.) касцёлы, фрагменты гар. муроў (14 ст.) і ўмацаванняў (18 ст.).

т. 5, с. 453

ГРУДЗІ́НА,

сукупнасць шкілетных элементаў у наземных пазваночных жывёл і чалавека, што злучае па сярэдняй лініі цела брушныя канцы грудных рэбраў і часткі плечавога пояса. Да грудзіны прымацаваны грудныя мышцы. У земнаводных і паўзуноў грудзіна храстковая, у птушак — касцявая, у лятаючых грудзіна з кілем (сярэдні выступ), да якога прымацаваны магутныя грудныя мышцы. У млекакормячых грудзіна складаецца з 3 аддзелаў: ручкі, цела і мечападобнага адростка. У чалавека грудзіна (грудная косць) — няпарная плоская косць, што ўтварае сярэднюю частку пярэдняй сценкі грудной клеткі.

т. 5, с. 453