Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРА́ПАРШЧЫК (ад стараж.-слав. прапар — сцяг, палотнішча),

воінскае званне ў арміях шэрагу краін, у т. л. ва Узбр. Сілах Беларусі. У рас. арміі з 1649 П. наз. сцяганосцамі. У 1712—1917 — малодшы афіцэрскі чын (з 1884 толькі для ваен. часу). У рас. ВМФ у 1862—82 П. адпавядала званне гардэмарын. Ва Узбр. Сілах СССР званне П. ўведзена ў 1972 (адпавядала званню мічман у ВМФ), старшы П. — у 1980.

т. 13, с. 15

ПРАПАШНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,

с.-г. расліны, якія для нармальнага росту і развіцця патрабуюць вялікай плошчы жыўлення і апрацоўкі міжрадкоўяў. Да П.к. належаць збожжавыя (кукуруза, грэчка, проса, сорга, фасоля), тэхнічныя (цукр. буракі, бавоўнік, сланечнік, тытунь), агароднінныя (капуста, памідоры, агуркі, буракі, морква), кармавыя (караняплоды, бульба, кармавая капуста).

Высяваюць або высаджваюць шырокарадковым, квадратным або квадратна-гнездавым спосабамі. Каб знішчыць пустазелле, зберагчы вільгаць і даць прыток паветра ў кораненаселены слой, робяць 2—3-разовае рыхленне міжрадкоўяў у-І—2 напрамках. Пад П.к. павышаецца мікрабіял. актыўнасць глебы, узмацняецца мабілізацыя пажыўных рэчываў П.к. ў севазвароце — добрыя папярэднікі інш. культур, асабліва збожжавых.

т. 13, с. 15

ПРАПЕДЭ́ЎТЫКА (ад грэч. propaideuo папярэдне навучаю),

скарочанае выкладанне якой-н. навукі ў сістэматызаваным выглядзе; падрыхтоўчы ўводны курс, які папярэднічае больш глыбокаму і дэталёваму вывучэнню адпаведнай дысцыпліны. У Платона П. — заняткі, якія папярэднічалі вывучэнню дыялектыкі. У філас. традыцыі І.​Канта П. часта называлі агульны курс арыстоцелеўскай логікі, які папярэднічаў вывучэнню канкрэтных навук. Кант, у якасці філас. П., прапанаваў разглядаць сваю трансцэндэнтальную філасофію (логіку). Г.​Гегель значэнне П. прыпісаў дыялект. логіцы.

т. 13, с. 15

ПРАПЕ́ЛЕР (англ. propeller ад лац. propellere гнаць, штурхаць уперад),

тое, што паветраны вінт.

т. 13, с. 15

ПРАПЕ́РЦЫЙ (Секст) (Sextus Propertius; каля 50 да н.э., г. Асізі, Італія — каля 15 да н.э.),

рымскі паэт. Вучыўся ў Рыме. Належаў да гуртка Гая Мецэната. Выдаў 4 кнігі элегій (28—16 да н.э.), у якіх па-майстэрску адлюстраваў дыялектыку любоўнай страсці. Большасць з іх прысвяціў сваёй каханай Кінфіі (сапр. Гостыя). Узбагаціў жанр рым. элегіі новымі тэмамі. У «вучоных» элегіях, напісаных на ўзор Калімаха, звяртаўся да нац. рым. сюжэтаў, тлумачыў паходжанне рэліг. культаў, звычаяў, помнікаў. Выкарыстаў міфы як сродак паэтызацыі. Мова П. сціслая і цяжкая, стыль вызначаецца патэтычнасцю і выразнасцю.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Валерый Катулл;

Альбий Тибулл;

Секст Проперций. М., 1963;

У кн.: Античная лирика. М., 1968.

Літ.:

Савельева Л.И. Идеал и действительность в творчестве Тибулла и Проперция // Античность и современность. М., 1972.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 13, с. 15

ПРАПІЁНАВАКІ́СЛЫЯ БАКТЭ́РЫІ (Propionibacterium),

род неспараносных бактэрый. Жывуць у рубцы і кішэчніку жвачных жывёл, у малочных прадуктах (акрамя малака). Непатагенныя.

Нерухомыя грамстаноўчыя палачкі. У маладых культурах — скрыўленыя, злёгку галінастыя палачкі, у больш старых — кокападобнай формы. Утвараюць калоніі жоўтага, аранжавага, чырв. колераў. Растуць у аэробных і анаэробных умовах. Узбуджальнікі прапіёнавакіслага браджэння, зброджваюць глюкозу, лактозу, інш. вугляводы, таксама некат. спірты з утварэннем прапіёнавай і воцатнай к-т і вуглякіслага газу. Закваскі, што маюць П.б., выкарыстоўваюцца ў сыраробстве (малюнак — «вочкі», смак і духмянасць швейц. сыру звязаны пераважна з прапіёнавакіслым браджэннем) і для мікрабіял. сінтэзу вітаміну В12.

А.​І.​Ерашоў.

т. 13, с. 15

ПРАПІЛЕ́І, прапілон (ад грэч. popylaion перад дзвярыма, уваход),

парадны праход, праезд, утвораны сім. каланадамі ці порцікамі, размешчанымі па восі руху. Характэрны для архітэктуры Стараж. Грэцыі (П. Акропаля ў Афінах, 437—432 да н.э., арх. Мнесікл) і Рыма (П. свяцілішча ў Баальбеку, 1—3 ст., Ліван), дзе іх будавалі пры гал. уваходзе на акропаль ці ў свяцілішча. Пашыраны ў перыяд класіцызму (П. ў Мюнхене, Германія, 1846—60, арх. Л.​Кленцэ). У 2-й пал. 19—20 ст. ўзводзіліся як ч. асабліва ўрачыстых арх. комплексаў ці збудаванняў, якія мелі мемар. значэнне (П. Смольнага ін-та ў С.-Пецярбургу, 1923—25, арх. У.​Шчуко, У.​Гельфрэйх; набярэжнай р. Волга ў Валгаградзе, 1952, арх. В.​Сімбірцаў, І.​Фіялка; комплексу на Піскароўскіх могілках у С.-Пецярбургу, 1960, арх. А.​Васільеў, Я.​Левінсон).

С.​А.​Сергачоў.

Прапілеі Акропаля ў Афінах. Арх. Мнесікл. 437—432 да н.э.

т. 13, с. 15

ПРАПІЛЕ́Н, прапэн,

ненасычаны аліфатычны вуглевадарод, CH2=CHCH3. Бясколерны газ са слабым пахам, tкіп — 47,7 °C. Сумесі з паветрам (2—11,1% П. па аб’ёме) выбухованебяспечныя. Раствараецца ў этаноле, дыэтылавым эфіры, мала — у вадзе. Полімерызацыяй П. атрымліваюць поліпрапілен. У прам-сці П. атрымліваюць пры піролізе вуглевадародаў (напр., прапану) і крэкінгу розных відаў нафтавай сыравіны. Выкарыстоўваюць у вытв-сці пластмас, каўчукоў (гл. Этылен-прапіленавыя каўчукі), акрыланітрылу, гліцэрыны, прысадак, мыйных сродкаў (тры- і тэтрамеры П.), высокаактанавых кампанентаў маторнага паліва, растваральнікаў і інш. Аказвае слабае наркатычнае ўздзеянне, ГДК 30 мг/м³.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 13, с. 15

ПРАПІ́СКІ,

у тэхніцы алейнага шматслаёвага жывапісу этап выканання палатна, у час якога мадэліруюцца формы і аб’ёмы, ствараецца асн. каларыт будучага твора. Робіцца за падмалёўкай, папярэднічае лесіроўцы. Колькасць П. можа быць рознай, але кожная з іх завяршаецца поўным высыханнем фарбаў. У шырокім і недакладным сэнсе П. наз. часам падмалёўку, а таксама любую прапрацоўку ўжо закончанай карціны або яе дэталі, у т. л. неаўтарскія панаўленні.

т. 13, с. 15

ПРАПО́ЙСК,

назва горада Слаўгарада з 12 ст. да 1945.

т. 13, с. 15