ПРАПІЛЕ́І, прапілон (ад грэч. popylaion перад дзвярыма, уваход),
парадны праход, праезд, утвораны сім. каланадамі ці порцікамі, размешчанымі па восі руху. Характэрны для архітэктуры Стараж. Грэцыі (П. Акропаля ў Афінах, 437—432 да н.э., арх. Мнесікл) і Рыма (П. свяцілішча ў Баальбеку, 1—3 ст., Ліван), дзе іх будавалі пры гал. уваходзе на акропаль ці ў свяцілішча. Пашыраны ў перыяд класіцызму (П. ў Мюнхене, Германія, 1846—60, арх. Л.Кленцэ). У 2-й пал. 19—20 ст. ўзводзіліся як ч. асабліва ўрачыстых арх. комплексаў ці збудаванняў, якія мелі мемар. значэнне (П. Смольнага ін-та ў С.-Пецярбургу, 1923—25, арх. У.Шчуко, У.Гельфрэйх; набярэжнай р. Волга ў Валгаградзе, 1952, арх. В.Сімбірцаў, І.Фіялка; комплексу на Піскароўскіх могілках у С.-Пецярбургу, 1960, арх. А.Васільеў, Я.Левінсон).
С.А.Сергачоў.
Прапілеі Акропаля ў Афінах. Арх. Мнесікл. 437—432 да н.э.