Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МО́РЫС ((Morris) Уільям) (24.3.1834, Лондан — 3.10.1896),

англійскі мастак, пісьменнік, тэарэтык мастацтва, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (1853·—56). З 1856 працаваў у арх. майстэрні Дж.Э.Стрыта ў Лондане. У 1857—62 займаўся жывапісам. З 1860-х г. пад уплывам ідэй прэрафаэлітаў, Т.Карлейля і Дж..Рэскіна выступаў з рамант. крытыкай бурж. ладу, машыннай вытв-сці проціпастаўляў нар. рамёствы, традыцыі ручной працы і індывідуальную маст. творчасць, у якіх бачыў сродак эстэт. выхавання і пераўвасаблення грамадства. У 1861—62 заснаваў (з П.Маршалам і Ч.Фолкнерам) маст. прамысл. кампанію (саматужныя майстэрні дэкар. размалёўкі, мэблі, тканін, метал. вырабаў, вітражоў, шпалер, вышывак і інш.), у 1890—91 — Келмскоцкае выд-ва. Вырабы яго майстэрняў, афармленне інтэр’ераў і кніг вызначаліся рысамі дэкар. стылізацый у духу сярэдневяковага мастацтва. Творчасць М. папярэднічала ўзнікненню стылю мадэрн і заклала асновы мастацкага канструявання. Імкненне да сярэдневяковых матываў і рамант. стылізацыі вобразаў уласціва і для яго літ. творчасці: паэмы «Абарона Гінеўры» (1858), «Зямны рай» (ч. 1—3, 1868—70), аповесці «Сон пра Джона Бола» (1888). Аўтар. сац.-утапічнага рамана «Звесткі ніадкуль, або Эпоха шчасця» (1891).

Тв.:

Рус. пер. — Искусство и жизнь. М., 1973.

Літ.:

Мортон А.Л. Английская утопия: Пер. с англ. М., 1956;

Гольдзамт Э. Уильям Моррис и социальные истоки современной архитектуры: Пер. с пол. М., 1973.

т. 10, с. 523

МО́РЫСАН (Morrison) Тоні [сапр. Уофард

(Wofford) Хлоя Антонія; н. 18.2.1931, г. Ларэйн, штат Агайо, ЗША], амерыканская пісьменніца. Вучылася ў Говардскім і Корнелскім ун-тах. У творчасці М. выразна выяўляецца цікавасць да этн. каранёў амер. неграў, да вытокаў нар. традыцый, міфалогіі, фальклору. Сац.-побытавыя і міфалагічныя матывы спалучаюцца ў раманах «Самыя блакітныя вочы» (1970) і «Сула» (1974). Для рамана «Саламонава песня» (1978) характэрна ўзаемапранікненне элементаў хронікі, эпасу і легенды, у раманах «Смаляная лялька» (1981),

«Любімая дачка» (1987) і «Джаз» (1992) — узмацненне міфапаэт. матываў. Аўтар зб. эсэ «Гульня ў поцемках» (1992) і інш. Нобелеўская прэмія 1993.

Тв.:

Рус. пер. — Песнь Соломона. М., 1982.

Літ.:

Писатели США. М., 1990;

Стулов Ю.В. 100 писателей США Мн., 1998.

Л.П.Баршчэўскі.

Т.Морысан.

т. 10, с. 523

МО́РЫЦ ((Moricz) Жыгманд) (2.7.1879, Тысачэчэ, Венгрыя — 4.9.1942),

венгерскі пісьменнік. Вучыўся ў Дэбрэцэнскім ун-це. Вядомасць прынесла апавяд. «Сем крэйцэраў» (1908). У раманах «Самародак», «Глухі куток» (абодва 1911), «Добрай удачы» (1914) рэалістычна адлюстравана жыццё венг. працоўных. Найб. значныя творы М. — гіст. трылогія «Эрдэй» (1922—33) і сац. раман «Сваякі» (1930). Аўтар раманаў «Шчаслівы чалавек» (1935), «Бецяр» (1937), «Шандар Рожа» (1941—42), апавяданняў, п’ес, рэпартажаў. На бел. мову асобныя апавяданні М. пераклалі Л.Арабей, Я.Васілёнак, Т.Мартыненка, М.Татур.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Венгерскія апавяданні. Мн., 1957;

Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1958;

Избранное. М., 1980;

Пьесы. М., 1962;

Жужанна в Клагенфурте: Рассказы. М., 1970.

Літ.:

Умнякова Е.В. Жигмонд Мориц и современная венгерская литература. М., 1985;

Сувиженко Л.И. Жигмонд Мориц и его время. Л., 1988.

Ж.Морыц.

т. 10, с. 523

МО́РЫЦ (Юна Пятроўна) (н. 2.6.1937, Кіеў),

расійская паэтэса. Скончыла Літ. ін-т імя М.Горкага (1961). Друкуецца з 1954. У паэт. зб-ках «Размова пра шчасце» (1957), «Мыс Жадання» (1961), «Лаза» (1970), «Пры святле жыцця» (1977), «Трэцяе вока» (1980) «Сіні агонь» (1985), «На гэтым беразе высокім» (1987), «Учора я спявала ў пераходзе» (1997), «Дзіўны які я звер» (1998) і інш. роздум пра чалавечыя адносіны, любоў, мацярынства. Паэма «Зорка Сербасці» (нап. 1999) прысвечана Сербіі. Аўтар «Апавяданняў пра дзівоснае» (1998), літ.-крытычных эсэ, вершаў для дзяцей. Творчасці М. уласцівы глыбіня пачуццяў, багацце фарбаў, гумар, літ., музычныя і жывапісныя рэмінісцэнцыі. Многія яе вершы пакладзены на музыку («Добра — быць маладым!», «Калі мы былі маладыя...», «Вялікі сакрэт для маленькай кампаніі» і інш.). Займаецца графікай і жывапісам. На бел. мову асобныя яе вершы пераклаў Я.Сіпакоў.

Тв.:

Избранное. М., 1982;

В логове голоса. М., 1990.

т. 10, с. 524

МО́РЫЦ АРА́НСКІ (Maurits van Oranje; 14.11.1567, г. Дыленбург, Германія — 23.4.1625),

нідэрландскі дзярж. дзеяч, палкаводзец. Прынц, граф Насаўскі. Сын Вільгельма I Аранскага. Пасля забойства бацькі старшыня Дзярж. савета Генеральных штатаў і ген.-адмірал ВМС (з 1584), статхаўдэр (правіцель) Галандыі і Зеландыі (з 1585), потым таксама Утрэхта і Аверэйсела (з 1590), Гелдэрна (з 1591) і Гронінгена (з 1621). З 1590 галоўнакамандуючы. Рэфармаваў армію (увёў новую тэхніку аблогі, выкарыстанне малых баявых падраздзяленняў, строгую дысцыпліну), на чале яе вызваліў ад ісп. панавання паўн. правінцыі Нідэрландаў (1591—94). Перагаворы пра заключэнне перамір’я з Іспаніяй (1609) і інш. падзеі ў Нідэрландах выклікалі канфлікт М. з вял. пенсіянарыем (фактычным правіцелем) Галандыі Я. ван Олдэнбарневелтам, якога М. загадаў пакараць смерцю (1619).

т. 10, с. 524

МО́РЫЦ САКСО́НСКІ (Maurice de Saxe; 28.10.1696, г. Гослар, Германія — 30.11.1750),

французскі палкаводзец і ваен. тэарэтык. Маршал Францыі (1744). Граф (1711). Пабочны сын курфюрста Саксонскага Аўгуста II (кароль Рэчы Паспалітай у 1697—1706 і 1709—33). Служыў у саксонскіх, польск., аўстр., з 1720 франц. войсках. Удзельнік войнаў за польск. (1733—35) і аўстр. (1740—48) спадчыну (вызначыўся ў час штурму Прагі ў 1741 і Эгера ў 1742). З 1745 галоўнакаманд. франц. арміяй, атрымаў шэраг перамог над англа-галандскімі войскамі ў Фландрыі, што значна ўзняло ваен. прэстыж Францыі і садзейнічала заключэнню Ахенскага мірнага дагавора (1748). У трактаце «Мае летуценні» (1731) выказаў новыя для таго часу ідэі пра перавагі вайсковай павіннасці перад сістэмай вярбоўкі, неабходнасць мець пастаянныя ваен. кадры, пра атаку пяхоты, ролю інж. умацаванняў на полі бою і інш. Вял. значэнне ў вайне надаваў маральнаму фактару.

т. 10, с. 524

МО́САР,

вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. За 20 км на ПнЗ ад г. і чыг. станцыі Глыбокае, 220 км ад Віцебска. 489 ж., 224 двары (1999).

Ільнозавод, базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Мосарскі касцёл Ганны (1792). За 1,5 км на ПнЗ ад вёскі курганны могільнік.

Вядома з 16 ст. як мястэчка. У 16—19 ст. М. валодалі Зяновічы, Валовічы, Далмат-Ісайкоўскія, Млечкі, Бжастоўскія. Апошнія пабудавалі ў 1775—90 у М. палац (не захаваўся), у 1792 — парафіяльны касцёл св. Ганны. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі. З 1872 дзейнічала нар. вучылішча. З канца 19 ст. М. — уладанне Пілсудскіх. У 1885 у маёнтку М. 558 ж., у вёсцы М. 117 ж. З 1921 М. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Дунілавіцкага раёна, з 20.1.1960 — Глыбоцкага раёна, з 1960 ва Удзелаўскім с/с.

І.У.Бунто.

т. 10, с. 524

МО́САР вёска ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдУ ад г.п. Ушачы, 140 км ад Віцебска, 30 км ад чыг. ст. Лепель. 304 ж., 141 двор (1999). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 10, с. 524

МО́САРСКІ КАСЦЁЛ ГА́ННЫ,

помнік архітэктуры класіцызму ў в. Мосар Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1792. Прамавугольны выцягнуты па падоўжнай восі мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Гал. фасад аздоблены канеліраванымі пілястрамі, філёнгамі, паўкруглымі нішамі са скульптурамі святых. Аконныя і дзвярныя праёмы прамавугольныя, аздоблены ліштвамі. Пры ўваходзе вылучаны вузкі нартэкс з бакавымі ўваходамі ў асн. залу. Зала перакрыта люстраным скляпеннем з арнаментаванай размалёўкай. Алтарная сцяна дэкарыравана канеліраванымі пілястрамі, 10 філянговымі рамамі з ляпнымі барэльефнымі выявамі евангелістаў. Сцены завершаны па перыметры магутным антаблементам, які мае фрыз з трыгліфамі і ляпнымі гірляндамі, карнізам з сухарыкамі. З паўд.-зах. боку ад касцёла стаіць 3-ярусная мураваная званіца, накрытая шатром. Збудаванні абнесены мураванай агароджай з брамай.

Т.В.Габрусь.

Мосарскі касцёл Ганны. Рэльеф «Евангеліст Марк».
Мосарскі касцёл Ганны.

т. 10, с. 524

МО́САРСКІ ПАГО́РАК (КАМО́ІД),

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1996). На паўд.-ўсх. ускраіне в. Мосар Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Камоід купалападобны, плоскавяршынны, гляцыяін’екцыйны; выш. 25 м, дыяметр 750 м. Утварыўся каля 15—20 тыс. гадоў назад у выніку выціскання пяску, суглінку, гліны ў поласць нерухомага або слабарухомага лёду. М.п. — тыповая форма рэльефу для Бел. Паазер’я.

В.Ф.Вінакураў.

т. 10, с. 524