Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПРАЛЕТА́РСК,

вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Обаль. Цэнтр саўгаса. За 31 км на ПнЗ ад горада і 34 км ад чыг. ст. Гарадок, 68 км ад Віцебска. 376 ж., 57 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 551

ПРАЛЕТА́РСКАЕ,

вёска ў Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., на аўтадарозе Касцюковічы—Клімавічы. Да 1917 наз. Царковішча. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на Пн ад г. Касцюковічы, 150 км ад Магілёва, 7 км ад чыг. ст. Камунары. 365 ж., 130 двароў (2000). Сярэдняя школа, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 12, с. 551

«ПРАЛЕТА́РСКАЯ СЯЛЯ́НСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ЛІТАРАТУ́РНАЯ СУПО́ЛКА»,

гл. «Пробліск».

т. 12, с. 551

ПРАЛЕТА́РЫІ (лац. proletarii ад proles патомства, г. зн. немаёмны, які мае толькі патомства) антычныя, у Старажытным Рыме паводле рэформы цара Сервія Тулія — найніжэйшы немаёмны слой грамадзян, якія не ўваходзілі ў склад 5 класаў (ці разрадаў) рым. абшчыны; выстаўлялі ў нар. апалчэнне адну цэнтурыю і мелі адзін голас (з 193) у каміцыях (нар. сход). З 1 ст. П. — дэкласаваныя слаі грамадства, якія жылі за кошт падачак дзяржавы і багацеяў.

т. 12, с. 551

ПРАЛЕТАРЫЯ́Т,

гл. ў арт. Рабочы клас.

т. 12, с. 551

«ПРАЛЕТАРЫЯ́Т»,

назва 3 польскіх рэв. сацыяліст. арг-цый у 1880—90-я г. — пач. 20 ст. 1) «П.» Вялікі, Першы — першая паліт. партыя польскіх рабочых (1882—86). Засн. Л.Варынскім у Варшаве. Гурткі існавалі ў Каралеўстве Польскім, Пецярбургу, Маскве, Кіеве, Вільні, Віцебску, Пінску і інш. Праграма: марксісцкі аналіз капіталіст. ладу, барацьба за сацыялізм рэв. сродкамі. Тактыка: прапаганда сярод рабочых, арг-цыя забастовак, эканам. і паліт. тэрор. Узначальваўся ЦК (у 1884—85 ім кіравала ўраджэнка Беларусі М.У.Багушэвіч). Друкаваныя органы: газ. «Proletariat» («Пралетарыят»), час. «Walka klas» («Барацьба класаў»), Сувязі з групай «Вызваленне працы» і Благоева групай, саюз з «Народнай воляй» (1884). У 1884—86 партыя разгромлена паліцыяй, 5 чал. пакараны смерцю, многія зняволены.

2) «П.» Малы, Другі — сацыяліст.-рэв. партыя (1888—93), паслядоўніца «П.» Вялікага. Засн. Л.​Кульчыцкім і М.Каспшакам. Прапаганда сярод рабочых, індывід. тэрор [у т. л. замах на варшаўскага ген.-губернатара І.​У.​Гурка (гл. Гуркі) у жн. 1892], У сак. 1893 «П.» уліўся ў Сацыял-дэмакратыю Каралеўства Польскага і Літвы, ч. членаў далучылася да Польскай сацыялістычнай партыі (ППС).

3) «П.» Трэці, Польская сацыяліст. партыя — «П.» (1900—09). Створаны групай левых на чале з Кульчыцкім, якая выйшла з ППС. Выступаў за аўтаномію Каралеўства Польскага і дэмакр. рэспубліку для ўсёй Расіі, гал. мэтай лічыў сацыяліст. рэвалюцыю і дыктатуру пралетарыяту. Тактыка: прапаганда, арганізацыя забастовак, індывід. тэрор. У 1909 спыніў існаванне.

Літ.:

Baumgarten L. Dzieje Wielkiego Proletariatu. Warszawa, 1966.

т. 12, с. 551

ПРАЛЕТКУ́ЛЬТ, пралетарская культура,

масавая культурна-асветная і літ.-маст. арг-цыя ў 1917—32. Створана ў Петраградзе. У 1920 аб’ядноўваў каля 400 тыс. чал., у т. л. амаль 80 тыс. удзельнікаў літ. гурткоў і маст. студыі у розных гарадах Расіі. Сярод тэарэтыкаў П.​А.​Багданаў, Ф.​Калінін, П.​Кержанцаў, П.​Лебедзеў-Палянскі, В.​Плятнёў; у працы П. прымалі ўдзел паэты М.​Герасімаў, В.​Казін, У.​Кірылаў і інш., рэж. Р.​Аляксандраў, І.​Пыр’еў, В.​Смышляеў, С.​Эйзенштэйн, акцёры Э.​Гарын, М.​Штраўх і інш. П. імкнуўся стварыць шляхам развіцця самадзейнасці класавую пралет. культуру, якую могуць стварыць толькі рабочыя ў маст. студыях і клубах на аснове «арганізацыі калектыўнага вопыту», што набываецца ў індустр. грамадстве. Для П. характэрны ігнараванне літ.-маст. традыцый, пераацэнка ролі самадзейнасці ў процівагу прафесіяналізму, арыентацыя на аўтаномнасць і незалежнасць ад дзяржавы. Выдаваў 20 часопісаў, у т. л. «Горн» (1918—23), «Пролетарская культура» (1918—21) у Маскве, «Грядущее» (1918—21) у Петраградзе. Ствараў агітац.-масавыя творы, у якіх апяваў сусв. рэвалюцыю, пралет. калектывізм, фабрычна-заводскую працу, імкнуўся выявіць не асабістыя, а пераважна калектыўныя класавыя пачуцці пралетарыяту.

На Беларусі П. створаны ў 1917—18. У 1919—20 меў свае губернскія (Віцебскі, Гомельскі, Мінскі П.) і гар. (Аршанскі, Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Магілёўскі, Полацкі, Слуцкі П.) арг-цыі, час. «Искусство» (1921) у Віцебску і «Коммунистическое просвещение» (1920—21) у Гомелі, гар. і сельскія тэатр. гурткі і нар. універсітэты. Дзейнасць П. паўплывала на асобных пісьменнікаў і публіцыстаў «Маладняка», «Беларускай літаратурна-мастацкай камуны», Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў і інш.

Літ.:

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968.

У.​М.​Конан.

т. 12, с. 551

ПРАЛІ́ВЫ МІЖНАРО́ДНЫЯ,

прыродныя марскія шляхі, якія злучаюць асобныя моры ці акіяны і выкарыстоўваюцца для міжнар. суднаходства. Паводле міжнар. звычаяў, практыкі і пагадненняў дзяржаў для такіх праліваў гістарычна ўстаноўлены прынцып свабоды праходу суднаў і пралёту самалётаў усіх краін. Паводле Канвенцыі ААН па марскім праве 1982, у пралівах, дзе існуе міжнар. суднаходства, усе судны і лятальныя апараты карыстаюцца правам свабоднага транзітнага праходу, і ім не павінны чыніцца перашкоды. Існуюць пралівы, якія вядуць у закрытыя моры і па сваім геагр. становішчы не служаць мэтам транзіту. Да іх адносяцца Балтыйскія і Чарнаморскія пралівы. Іх прававы рэжым рэгулюецца спец. міжнар. пагадненнямі і міжнар. звычаямі.

т. 12, с. 551

ПРАЛІ́Ў,

адносна вузкая водная прастора, якая раздзяляе якія-небудзь участкі сушы і злучае сумежныя водныя басейны або іх часткі. Звычайна П. мае свой асобны гідралагічны рэжым, які залежыць ад рэжыму злучаных ім вадаёмаў або частак вадаёмаў, даўжыні, шырыні і глыбіні П. Макс. памеры: даўж. 1760 км (Мазамбікскі П. паміж Афрыкай і в-вам Мадагаскар), шыр. да 1120 км (П. Дрэйка, паміж архіпелагам Вогненная Зямля і Паўд. Шэтландскімі а-вамі, злучае Атл. ак. з Ціхім).

т. 12, с. 552

ПРАЛІФЕРА́ЦЫЯ (ад лац. proles атожылак, патомства + fero нясу),

павелічэнне колькасці клетак (або геномаў пры поліплаідыі) шляхам непрамога дзялення, мітозу. Вядзе да росту тканкі, у адрозненне ад інш. спосабу павелічэння яе масы (напр., з прычыны ацёку). Інтэнсіўнасць П. рэгулюецца стымулятарамі і інгібітарамі, якія выпрацоўваюцца ўнутры рэагуючых клетак і воддаль ад іх (напр., гармоны). У раннім эмбрыягенезе П. адбываецца бесперапынна. Па меры дыферэнцыроўкі перыяды паміж дзяленнямі павялічваюцца. Некат. дыферэнцыраваныя клеткі, напр., нервовыя, не здольныя да П. У раслін П. наз. праліфікацыяй.

т. 12, с. 552