«ПРАЛЕТАРЫЯ́Т»,

назва 3 польскіх рэв. сацыяліст. арг-цый у 1880—90-я г.пач. 20 ст. 1) «П.» Вялікі, Першы — першая паліт. партыя польскіх рабочых (1882—86). Засн. Л.Варынскім у Варшаве. Гурткі існавалі ў Каралеўстве Польскім, Пецярбургу, Маскве, Кіеве, Вільні, Віцебску, Пінску і інш. Праграма: марксісцкі аналіз капіталіст. ладу, барацьба за сацыялізм рэв. сродкамі. Тактыка: прапаганда сярод рабочых, арг-цыя забастовак, эканам. і паліт. тэрор. Узначальваўся ЦК (у 1884—85 ім кіравала ўраджэнка Беларусі М.У.Багушэвіч). Друкаваныя органы: газ. «Proletariat» («Пралетарыят»), час. «Walka klas» («Барацьба класаў»), Сувязі з групай «Вызваленне працы» і Благоева групай, саюз з «Народнай воляй» (1884). У 1884—86 партыя разгромлена паліцыяй, 5 чал. пакараны смерцю, многія зняволены.

2) «П.» Малы, Другі — сацыяліст.-рэв. партыя (1888—93), паслядоўніца «П.» Вялікага. Засн. Л.​Кульчыцкім і М.Каспшакам. Прапаганда сярод рабочых, індывід. тэрор [у т. л. замах на варшаўскага ген.-губернатара І.​У.​Гурка (гл. Гуркі) у жн. 1892], У сак. 1893 «П.» уліўся ў Сацыял-дэмакратыю Каралеўства Польскага і Літвы, ч. членаў далучылася да Польскай сацыялістычнай партыі (ППС).

3) «П.» Трэці, Польская сацыяліст. партыя — «П.» (1900—09). Створаны групай левых на чале з Кульчыцкім, якая выйшла з ППС. Выступаў за аўтаномію Каралеўства Польскага і дэмакр. рэспубліку для ўсёй Расіі, гал. мэтай лічыў сацыяліст. рэвалюцыю і дыктатуру пралетарыяту. Тактыка: прапаганда, арганізацыя забастовак, індывід. тэрор. У 1909 спыніў існаванне.

Літ.:

Baumgarten L. Dzieje Wielkiego Proletariatu. Warszawa, 1966.

т. 12, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)