Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МО́РА ((Moro) Альда) (23.9.1916, г. Малье, Італія — 9.5.1978),

італьянскі дзярж. і паліт. дзеяч. Юрыст. Праф. крымін. права ун-та г. Бары. Чл. (з 1946), паліт. сакратар (1959—62), старшыня (з 1976) Хрысц.-дэмакр. партыі; узначальваў яе левае крыло, імкнуўся аб’яднаць намаганні хрысц. дэмакратаў і сацыялістаў у парламенце. Чл. палаты дэпутатаў італьян. парламента (з 1948). У 1948—58 нам. міністра замежных спраў, міністр юстыцыі, нар. адукацыі. У 1969—72 і 1973—74 міністр замежных спраў, у 1963—68 і 1974—76 прэм’ер-міністр Італіі. 16.3.1978 выкрадзены і пазней забіты тэрарыстамі з т.зв. «чырвоных брыгад». Аўтар прац па розных аспектах юрыд. навукі.

т. 10, с. 520

Морава Антаніна Пятроўна

т. 18, кн. 1, с. 430

МО́РАЎЧЫК ((Moravcsik) Дзьюла) (29.1. 1892, Будапешт — 10.12.1972),

венгерскі філолаг і гісторык-візанціназнавец. Акад. Венг. АН (1945), чл.-кар. Аўстр., Баварскай, Балг. і Ням. (ГДР) АН. Праф. Будапешцкага ун-та, ганаровы д-р Афінскага ун-та. Даследаваў пераважна візант.-венг. адносіны. Гал. працы: «Візантынацюркіка» (т. 1—2, 1942—43), «Візантыя і Венгрыя» (1953). Апублікаваў твор Канстанціна VII (Парфірароднага) «Аб кіраванні імперыяй» (1949) і інш. візант. тэксты.

т. 10, с. 520

МО́РАЧ,

рака ў Слуцкім, Клецкім і Салігорскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Случ (бас. р. Прыпяць). У верхнім цячэнні рака наз. Копанка. Даўж. 150 км. Пл. вадазбору 2030 км2.

Пачынаецца каля в. Вошкаты Капыльскага р-на на Капыльскай градзе, цячэ па паўд.-зах. ч. Цэнтральнабярэзінскай раўніны і паўн. ч. нізіны Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі: Удава, Мажа, (справа), Волка, Вызенка (злева). Даліна на вял. працягу невыразная, месцамі трапецападобная, шыр. 400—800 м. У месцах, дзе даліна выразная, пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, шыр. 100—200 м. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае. Шыр. яго да в. Морач Капыльскага р-на 2—4 м, ніжэй 20—25 м, каля Чырвонаслабодскага вадасховішча (плаціна за 50 км ад вусця ракі) 40—50 м. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Веснавы крыгаход 5 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,7 м³/с. М. выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.

Рака Морач.

т. 10, с. 520

МО́РАЧ вёска ў Клецкім р-не Мінскай вобл., каля р. Морач, на аўтадарозе г. Клецк — в. Колкі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на ПдУ ад горада і 37 км ад чыг. ст. Клецк, 162 км ад Мінска. 2079 ж., 674 двары (1999). Цэхі па разліву мінер. вады і па вытв-сці плеценых вырабаў з лазы. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Свята-Вазнясенская царква.

т. 10, с. 521

МОРГ (ад франц. morgue),

спецыяльна абсталяванае памяшканне стацыянарных лячэбных устаноў для захоўвання, апазнання, анатаміравання і выдачы трупаў.

т. 10, с. 521

МОРГ (ад ням. Morgen раніца),

даўняя мера (адзінка) зямельнай плошчы. У сярэдневяковай Германіі М. — плошча зямлі, якую мог апрацаваць адзін чалавек з ранку да поўдня. У ВКЛ, у т.л. на Беларусі, М. стаў пашыраным з сярэдзіны 16 ст. 1 М. = 0,71 га.

т. 10, с. 521

МО́РГАН ((Morgan) Льюіс Генры) (21.11. 1818, Нью-Йорк — 17.12.1881),

амерыканскі этнограф, гісторык. Чл. Нац. АН ЗША (1875). Заснавальнік т-ва для вывучэння і дапамогі індзейцам (1840). Даследчык першабытнага грамадства, сцвярджаў ідэю прагрэсу і адзінства гіст. шляху чалавецтва. Першым паказаў значэнне роду як асн. ячэйкі першабытнага грамадства, эвалюцыю сям’і і шлюбу ад групавых форм да індывідуальных, абгрунтаваў палажэнне аб развіцці ўласнасці ад калектыўных форм да прыватных. Аўтар прац «Ліга іракезаў» (1851), «Старажытнае грамадства, або Даследаванне ліній чалавечага прагрэсу ад дзікасці праз варварства да цывілізацыі» (1877).

т. 10, с. 521

МО́РГАН ((Morgan) Томас Хант) (25.9. 1866, г. Лексінгтан, штат Кентукі, ЗША —4.12.1945),

амерыканскі біёлаг, заснавальнік школы генетыкаў. Чл. Нац. АН ЗША, Лонданскага каралеўскага т-ва. Ганаровы замежны чл. АН СССР (1932). Скончыў ун-т штата Кентукі (1886) і ун-т Дж.Хопкінса ў г. Балтымар (1891). З 1891 праф. Жаночага каледжа ў Брын-Моры, з 1904 — Калумбійскага ун-та ў Нью-Йорку. З 1928 кіраўнік біял. лабараторыі Каліфарнійскага тэхнал. ін-та ў г. Пасадэна. У 1927—31 Прэзідэнт Нац. АН ЗША. Навук. працы па эксперым. эмбрыялогіі, рэгенерацыі органаў і ўстанаўленні полу ў жывёл. Эксперыментальна абгрунтаваў і сфармуляваў асн. палажэнні храмасомнай тэорыі спадчыннасці (разам з Г.Мёлерам, А.Сцёртэвантам, К.Брыджэсам). Устанавіў заканамернасці размяшчэння і счаплення генаў у храмасомах, красінговера. Працы М. высветлілі цыталагічны механізм Мендэля законаў і спрыялі распрацоўцы генет. асноў тэорыі натуральнага адбору. Нобелеўская прэмія 1933.

т. 10, с. 521

МО́РГАНЫ (Morgan),

адна са старэйшых і найбуйнейшых фін. груп ЗША. Узнікла ў канцы 19 ст. Уяўляе сабой вялізную кааліцыю банкаўскіх і прамысл. манаполій, звязаных сістэмай удзелу, асабістай уніяй і фін. сувязямі. Кіруючым цэнтрам фін. групы да 2-й сусв. вайны з’яўляўся банкірскі дом «Дж.П.Морган энд К°» у Нью-Йорку. Сферы ўплыву кааліцыі: банкаўская справа, апрацоўчая прам-сць, чыг. транспарт. Вядучыя фін. ін-ты: камерцыйны банк «Морган гаранты траст компані», інвестыцыйны банк «Морган Стэнлі». Кантралююць каля 50% актываў страхавых кампаній «Прудэншэл», «Нью-Йорк лайф», сетку інвестыцыйных банкаў, прамысл. карпарацыі «Юнайтэд Стэйтс стыл», «Джэнерал электрык», «Джэнерал мотарс».

Т.Морган.

т. 10, с. 521