МО́РАЧ,

рака ў Слуцкім, Клецкім і Салігорскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Случ (бас. р. Прыпяць). У верхнім цячэнні рака наз. Копанка. Даўж. 150 км. Пл. вадазбору 2030 км2.

Пачынаецца каля в. Вошкаты Капыльскага р-на на Капыльскай градзе, цячэ па паўд.-зах. ч. Цэнтральнабярэзінскай раўніны і паўн. ч. нізіны Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі: Удава, Мажа, (справа), Волка, Вызенка (злева). Даліна на вял. працягу невыразная, месцамі трапецападобная, шыр. 400—800 м. У месцах, дзе даліна выразная, пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, шыр. 100—200 м. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае. Шыр. яго да в. Морач Капыльскага р-на 2—4 м, ніжэй 20—25 м, каля Чырвонаслабодскага вадасховішча (плаціна за 50 км ад вусця ракі) 40—50 м. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Веснавы крыгаход 5 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,7 м³/с. М. выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.

Рака Морач.

т. 10, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)