Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРО́СУЛ

(Grosul) Якім Сяргеевіч (21.9.1912, с. Карагаш Ціраспальскага р-на, Малдова — 28.9.1976),

малдаўскі гісторык. Акад. АН Малд. ССР (1961), чл.-кар. АН СССР (1966). Засл. дз. нав. Малд. ССР (1967). Д-р гіст. н. (1955), праф. (1957). Скончыў пед. ін-т у Ціраспалі (1937). У 1938—40 у Чырв. Арміі. У час ням.-фаш. акупацыі Малдавіі ў Вял. Айч. вайну настаўнічаў у сав. тыле (Казахстан, Расія). Выкладаў у Малд. пед. ін-це (1944—46). Нам. дырэктара Малд. н.-д. базы АН СССР (1947—50) і старшыні прэзідыума Малд. філіяла АН СССР (1950—61). Першы прэзідэнт АН Малдавіі (з 1961). Аўтар і сааўтар прац па гістарыяграфіі, гісторыі нар. гаспадаркі і культуры Малдавіі (пераважна 19—20 ст.), падручнікаў па гісторыі Малдавіі для сярэдніх школ і інш.

Тв.:

Труды по истории Молдавии. Кишинев, 1982.

У.Я.Калаткоў.

т. 5, с. 449

ГРОТ

(франц. grotte ад італьян. grotta),

1) неглыбокая пячора са скляпеністай столлю і шырокім уваходам.

2) Расшырэнне пячоры пасля вузкага праходу.

3) Ніша ў канцы горнага ледавіка, адкуль выцякаюць расталыя воды. Бываюць аб’ектамі турызму (напр., Блакітны грот на в-ве Капры).

4) Тып паркавага збудавання (часам у выглядзе павільёна), муроўка і апрацоўка якога (ракавінкі, туф, камень) імітуюць натуральную пячору. Былі пашыраны ў еўрап. садовапаркавым мастацтве 16—18 ст., на Беларусі — з 18 ст. (грот у Гомельскім парку).

т. 5, с. 449

ГРОТ Мікалай Якаўлевіч

(30.4.1852, Хельсінкі — 4.6.1899),

расійскі філосаф, псіхолаг. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1875), вывучаў філасофію ў Германіі (1875—76). З 1876 праф. Нежынскага гіст.-філал. ін-та, Новарасійскага ун-та ў Адэсе (з 1883) і Маскоўскага ун-та (з 1886). З 1889 адзін з арганізатараў і рэдактар час. «Вопросы философии и психологии». Логіку вызначаў як навуку пра пазнанне, а пазнавальную дзейнасць — як сукупнасць «псіхічных абаротаў». У сацыялогіі адмаўляў суб’ектыўны метад, імкнуўся стварыць аб’ектыўную форму прагрэсу. Эвалюцыяніраваў ад пазітывісцкага адмаўлення навук. значэння філасофіі («Адносіны філасофіі да навукі і мастацтва», 1883) да спробы стварыць самастойную філас. сістэму. Сваю філас. пазіцыю называў «монадуалізмам» («Пра душу ў сувязі з сучаснымі вучэннямі аб сіле», 1886). Па сутнасці яна была плюралістычнай канструкцыяй, заснаванай на прызнанні двух ці больш зыходных субстанцыяльных пачаткаў, аб’яднаных на нейтральнай аснове. Абараняў прынцып свабоды волі («Крытыка паняцця свабоды волі і сувязі з паняццем прычыннасці», 1889), імкнуўся даказаць узаемадзеянне псіхічных і матэрыяльных працэсаў, увёў паняцце псіхічнай энергіі («Жыцёвыя задачы псіхалогіі», 1890; «Паняцце душы і псіхічнага жыцця ў псіхалогіі», 1897, і інш.).

Тв.:

Психология чувствований в ее истории и главных основах. СПб., 1879—1880;

К вопросу о реформе логики. Нежин, 1882;

О научном значении пессимизма и оптимизма как мировоззрений. Одесса, 1884;

Джордано Бруно и пантеизм. Одесса, 1885;

Философия и ее общие задачи: Сб. статей. СПб., 1904.

т. 5, с. 449

ГРОТ Якаў Карлавіч

(27.12.1812, С.-Пецярбург — 5.6.1893),

рус. філолаг. Акад. (1858), віцэ-прэзідэнт Пецярбургскай АН (з 1889), праф. Гельсінгфорскага (Хельсінкскага) ун-та 1841—52 і Царскасельскага ліцэя (1853—62). Даследаваў шведскую і фінскую л-ры, скандынаўскі фальклор і міфалогію, рус. л-ру 18—19 ст. Аўтар прац «Пушкін, яго ліцэйскія сябры і настаўнікі» (1887), «Пушкінскі ліцэй (1811—1817)» (1911), «Нарыс жыцця і паэзіі Жукоўскага» (1883). Выдаў першы і найб. поўны збор твораў Г.Дзяржавіна ў 9 т. Асаблівае значэнне мелі яго працы па этымалогіі, лексікаграфіі і граматыцы рус. мовы, сярод якіх «Філалагічныя росшукі» (т. 1—2, 1873, 4-е выд. 1899), «Рускі правапіс» (1885, 22-е выд. 1916) і інш. У 1891 пад яго кіраўніцтвам і па складзенай ім праграме пачаў выдавацца акадэмічны «Слоўнік рускай мовы».

Тв.:

Труды. Т. 1—5. СПб., 1898—1903.

т. 5, с. 449

ГРО́ТГЕР

(Grottger) Артур (11.11.1837, в. Атыневічы Львоўскай вобл., Украіна — 13.12.1867),

польскі жывапісец і графік, прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў Львове ў Я.Машкоўскага і Ю.Косака (1848—52), Кракаўскай школе прыгожых мастацтваў (1852—54), Венскай АМ (1855—58). Напачатку пісаў акварэллю батальныя і жанравыя сцэны, пазней — гіст. кампазіцыі, партрэты, карыкатуры. У работах — элементы акадэмізму, містычная сімволіка, тэатр. пафас: цыклы кардонаў «Варшава І» (1861), «Варшава II» (1862), «Палонія» (1863), «Літуанія» (1864—66; абедзве прысвечаны паўстанню 1863—64), аўтапартрэт (1867), жывапісныя творы «Пераход праз мяжу» (1865), «Развітанне», «Паход у Сібір» (абедзве 1866) і інш. Аўтар цыкла «Вайна» (1866—67), у якім карціны нац. трагедыі і нар. гераізму.

Н.К.Мазоўка.

т. 5, с. 449

ГРО́ТГУС

(Grotthuss, Grothuβ) Крысціян Іаган Дзітрых (Тэадор) фон (20.1.1785, г. Лейпцыг, Германія — 26.3.1822),

фізік і хімік. У 1803—08 вучыўся ў Лейпцыгу, Парыжы, Рыме. З 1808 праводзіў навук. даследаванні ў сваім маёнтку Гедучай у Літве. Навук. працы па электра- і фотахіміі, будове рэчыва. Прапанаваў тэорыю электролізу (1805), сфармуляваў першы закон фотахіміі (закон Гротгуса): фотахім. рэакцыю ў рэчыве можа выклікаць толькі тая частка падаючага на яго святла, якую рэчыва паглынае (1818).

Літ.:

Страдынь Я.П. Теодор Гротгус. М., 1966.

т. 5, с. 449

ГРО́ТЭВАЛЬ

(Grotewohl) Ота (11.3.1894, г. Браўншвайг, Германія — 21.9.1964),

нямецкі паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Акадэміі імя Лейбніца ў Гановеры (1924—26), Берлінскім ун-це (1926—30). З 1912 чл. Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ). Дэп. ландтага (1920—25), міністр унутр. спраў, міністр нар. адукацыі (1920—22), міністр юстыцыі (1922—24) зямлі Браўншвайг. Дэп. рэйхстага (1925—33). У час нацысцкай дыктатуры пазбаўлены дэпутацтва, за ўдзел у нелегальным антыфаш. руху арыштаваны ў 1938 і 1939. У 1945 удзельнічаў у аднаўленні СДПГ ва Усх. Германіі, старшыня яе ЦК (1945—46). Пасля аб’яднання СДПГ з усх.-герм. камуністамі ў Сацыяліст. адзіную партыю Германіі сустаршыня партыі (разам з В.Пікам; 1946 — 54), чл. Палітбюро яе ЦК (з 1949). Першы прэм’ер-міністр Герм. Дэмакр. Рэспублікі (ГДР, з 1958 старшыня СМ) у 1949—64, у 1960—64 таксама нам. старшыні Дзярж. савета рэспублікі. Тройчы Герой Працы ГДР (1954, 1959, 1964).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв. (1945—1960 гг.). М., 1966.

т. 5, с. 449

ГРО́ТЭФЕНД

(Grotefend) Георг Фрыдрых (9.6.1775, г. Мюндэн, Германія — 15.12.1853),

нямецкі філолаг і асірыёлаг. Працуючы выкладчыкам гімназіі ў Гётынгене (1797—1803), пачаў дэшыфроўку стараж.-перс. клінапісу. За аснову дэшыфроўкі ўзяў 2 надпісы персідскіх цароў Ахеменідаў. Зыходзячы з паўтаральнасці ў гэтых надпісах разгаданага ім слова «цар» і абапіраючыся на паслядоўнасць лагічных разважанняў, прачытаў у 1802 пачаткі гэтых надпісаў: першага як «Дарый, цар вялікі, цар цароў, Гістаспа сын, Ахеменід», і другога як «Ксеркс, цар вялікі, цар цароў, Дарыя цара сын, Ахеменід».

т. 5, с. 450

ГРОЎ

(Grove) Джорж (13.8.1820, Лондан — 28.5.1900),

англійскі муз. дзеяч, крытык. Па прафесіі інжынер. З 1850 сакратар Т-ва мастацтваў, з 1852 сакратар, з 1873 чл. дырэкцыі Хрустальнага палаца ў Лондане (пісаў анатацыі да канцэртаў у 1856—96). У 1882—94 першы дырэктар Каралеўскага муз. каледжа. Вядомы як складальнік вял. энцыклапедычнага «Слоўніка музыкі і музыкантаў» (т. 1—4, з дадатковым, 1879—89, шмат разоў перавыдаваўся). Аўтар кн. «Бетховен і яго дзевяць сімфоній» (1896). І.Дз.Назіна.

т. 5, с. 450

ГРОЎТ

(англ. groat),

англійская сярэбраная манета 14—19 ст. Упершыню выраблены ў 1351 (лігатурная маса 4,57 г), адпавядаў 4 пені. З канца 15 ст. маса манеты бесперапынна змяншалася (у 1-й пал. 19 ст. 1,88 г). У 1856 чаканка гроўта спынена, да 1887 заставаўся ў абарачэнні.

т. 5, с. 450