ГРО́ТГЕР

(Grottger) Артур (11.11.1837, в. Атыневічы Львоўскай вобл., Украіна — 13.12.1867),

польскі жывапісец і графік, прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў Львове ў Я.Машкоўскага і Ю.Косака (1848—52), Кракаўскай школе прыгожых мастацтваў (1852—54), Венскай АМ (1855—58). Напачатку пісаў акварэллю батальныя і жанравыя сцэны, пазней — гіст. кампазіцыі, партрэты, карыкатуры. У работах — элементы акадэмізму, містычная сімволіка, тэатр. пафас: цыклы кардонаў «Варшава І» (1861), «Варшава II» (1862), «Палонія» (1863), «Літуанія» (1864—66; абедзве прысвечаны паўстанню 1863—64), аўтапартрэт (1867), жывапісныя творы «Пераход праз мяжу» (1865), «Развітанне», «Паход у Сібір» (абедзве 1866) і інш. Аўтар цыкла «Вайна» (1866—67), у якім карціны нац. трагедыі і нар. гераізму.

Н.К.Мазоўка.

т. 5, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)