Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МО́НТЭ-КА́РЛА (Monte Carlo),

горад у Манака. Каля 12 тыс. ж. (1997). Порт на Міжземным м. Кліматычны курорт. Буйны цэнтр міжнар. турызму і банкаўскіх аперацый. Сусветна вядомае казіно, пабудаванае ў 1878 (дае каля 4% нац. гадавога прыбытку). Суднарамонт. Адна з самых магутных у Еўропе радыёстанцый. Оперны т-р Музей выяўл. мастацтваў. Штогадовыя міжнар. фестывалі цыркавога мастацтва, тэлевізійных фільмаў і інш. Штогадовыя сусв. «Ралі Монтэ-Карла» (з 1911). Штаб-кватэра Міжнар. акадэміі па турызме.

т. 10, с. 520

МО́НТЭ-КА́РЛА МЕ́ТАД (назва ад г. Монтэ-Карла, які вядомы сваім ігральным домам),

метад статыстычных выпрабаванняў, лікавы метад прыбліжанага рашэння задач з дапамогаю мадэліравання выпадковых працэсаў.

Для рашэння задачы М.-К.м. выбіраецца працэс, у якім некат. імавернасная характарыстыка роўная шуканаму рашэнню. Потым працэс мадэліруецца і эксперыментальна знаходзіцца стат. ацэнка характарыстыкі. Гэтая ацэнка і бярэцца за прыбліжанае рашэнне. Выкарыстоўваецца пры рашэнні задач фізікі, радыётэхнікі, тэорыі масавага абслугоўвання, выліч. матэматыкі і інш. Найб. пашырыўся пасля стварэння ЭВМ.

т. 10, с. 520

МО́НТЭ-РО́ЗА (Monte Rosa),

горны масіў у Пенінскіх Альпах, на мяжы Італіі і Швейцарыі. Выш. да 4634 м (пік Дзюфур). Складзены з гранітаў і гнейсаў. Ледавікі, у т.л. Горнер (даўж. 14 км). Хваёвыя лясы, субальпійскія і альпійскія лугі і хмызнякі. Турызм, альпінізм.

т. 10, с. 520

МОН-СЕНІ́ (франц. Mont Cenis, італьян. Monte Cenisio),

перавал паміж Коцкімі і Грайскімі Альпамі ў Францыі, недалёка ад мяжы з Італіяй. Выш. 2083 м. Злучае басейны рэк Ізер і Дора-Рыпарыя. Па М.-С. праходзіць шаша Грэнобль — Турын. На ПдЗ, пад перавалам Фрэжус, — чыг. тунэль М.-С.

т. 10, с. 519

МО́ПЛА ПАЎСТА́ННЕ 1921,

выступленне мопла — мусульм. ч. народа малаялі акругі Малабар Мадраскай прав. Брыт. Індыі (цяпер штат Керала, Індыя) супраць брыт. улад. Узнікла як ч. Халіфацкага руху. Пачалося з сутыкнення мусульм. вернікаў і англ. войск у мяст. Тырурангадзі 20.8.1921. Паўстанцы захапілі раёны Эрнад і Валуванад і абвясцілі аб стварэнні «халіфацкага царства» на чале з А.Мусальярам (потым — Х.Кунахмедам). Паўстанцы жорстка распраўляліся з памешчыкамі-індусамі, але моцна пацярпелі і простыя індусы, якіх прымушалі прыняць іслам. Задушана англ. войскамі ў канцы 1921, асобныя атрады працягвалі супраціўленне да лют. 1922.

т. 10, с. 520

МОПР,

гл. Міжнародная арганізацыя дапамогі барацьбітам рэвалюцыі.

т. 10, с. 520

МОР ((More) Томас) (7.2.1478, Лондан — 7.7.1535),

англійскі гуманіст, пісьменнік і дзярж. дзеяч, адзін з заснавальнікаў утапічнага сацыялізму. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це, юрыд. школах Лондана. У 1504 выбраны ў палату абшчын парламента, у 1529—32 лорд-канцлер каралеўства, падтрымліваў Контррэфармацыю. У гал. творы «Утопія» (1516) даў разгорнутую крытыку сац. ўкладу Англіі, паказаў ідэальную мадэль дзярж. і грамадскага ладу, які грунтуецца на грамадскай уласнасці, усеагульнай і абавязковай працы, справядлівым размеркаванні багацця, свабодным развіцці асобы; паліт. лад Утопіі заснаваны на прынцыпах выбарнасці і старшынства, сям’я прадстаўлена ячэйкай камуніст. быту і гасп. дзейнасці. Пабудову новага грамадства звязваў з развіццём свядомасці і маральным выхаваннем народа і валадароў, рэліг. верацярпімасцю. Абвінавачаны ў дзярж. здрадзе і пакараны смерцю; кананізаваны каталіцкай царквой (1935). Утапічныя ідэі М. станоўча паўплывалі на гуманістаў розных эпох (Марэлі, Ф.Бабёф, А.Сен-Сімон, Ш.Фур’е і інш).

Тв.:

Рус. пер. — Утопия. М., 1978.

Літ.:

Горфункель А.Х. Философия эпохи Возрождения. М., 1980;

Marius R. T.More;

A biography. New York, 1985.

Т.І.Адула.

т. 10, с. 520

МО́РА,

частка акіяна, больш-менш аддзеленая ад яго сушай або ўзвышэннямі падводнага рэльефу. Адрозніваецца ад адкрытай ч. акіяна пераважна наяўнасцю ўласнага гідралагічнага і кліматычнага рэжымаў. На Зямлі каля 60 мораў. Паводле ступені адасобленасці ад акіяна і асаблівасцей гідралагічнага рэжыму М. падзяляюцца на ўнутраныя ўскраінныя моры і міжастраўныя моры, паводле геагр. становішча — на міжмацерыковыя моры і ўнутрымацерыковыя моры. Ад замкнёнасці М. сушай залежаць гідралагічны рэжым, салёнасць вады, сезонныя ваганні т-ры паветра і вады на паверхні М. Перавага цыкланічных вятроў над М. абумоўлівае перавагу ў іх цыкланічных цячэнняў. Арганічны свет М. больш разнастайны і багаты эндэмікамі, чым у адкрытых частках акіяна. Часта ўмоўна М. называюць таксама асобныя адкрытыя часткі акіяна, якія вызначаюцца пэўнымі асаблівасцямі (Саргасава м. ў Атлантычным ак. з вял. масай водарасцей — саргасаў), асобныя вадасховішчы (Мінскае м.), і, наадварот, некаторыя М. называюць залівамі (Мексіканскі, Гудзонаў, Персідскі і інш.).

т. 10, с. 520

МО́РА (лац. mora прамежак часу, паўза),

у антычнай паэзіі адзінка часу, неабходная для вымаўлення аднаго кароткага склада. Гл. ў арт. Антычнае вершаскладанне, Метрычнае вершаскладанне.

т. 10, с. 520

МО́РА,

самастойны атрад цяжкаўзброенай пяхоты колькасцю больш за 1000 чал. у стараж. Спарце (з 431 да н.э.); тактычная адзінка спартанскай арміі. Кожная М. ўключала 4 лохі, лох — 2 пентакостысы, пентакостыс — 2 брацтвы або двайную энамотыю. У час бою падраздзяленні М. дзейнічалі ў складзе фалангі.

т. 10, с. 520