МОР ((More) Томас) (7.2.1478, Лондан — 7.7.1535),
англійскі гуманіст, пісьменнік і дзярж. дзеяч, адзін з заснавальнікаў утапічнага сацыялізму. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це, юрыд. школах Лондана. У 1504 выбраны ў палату абшчын парламента, у 1529—32 лорд-канцлер каралеўства, падтрымліваў Контррэфармацыю. У гал. творы «Утопія» (1516) даў разгорнутую крытыку сац. ўкладу Англіі, паказаў ідэальную мадэль дзярж. і грамадскага ладу, які грунтуецца на грамадскай уласнасці, усеагульнай і абавязковай працы, справядлівым размеркаванні багацця, свабодным развіцці асобы; паліт. лад Утопіі заснаваны на прынцыпах выбарнасці і старшынства, сям’я прадстаўлена ячэйкай камуніст. быту і гасп. дзейнасці. Пабудову новага грамадства звязваў з развіццём свядомасці і маральным выхаваннем народа і валадароў, рэліг. верацярпімасцю. Абвінавачаны ў дзярж. здрадзе і пакараны смерцю; кананізаваны каталіцкай царквой (1935). Утапічныя ідэі М. станоўча паўплывалі на гуманістаў розных эпох (Марэлі, Ф.Бабёф, А.Сен-Сімон, Ш.Фур’е і інш).
Тв.:
Рус. пер. — Утопия. М., 1978.
Літ.:
Горфункель А.Х. Философия эпохи Возрождения. М., 1980;
Marius R. T.More;
A biography. New York, 1985.
Т.І.Адула.
т. 10, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)