Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПРАКСІ́ЦЕ́ЛЬ (Praxitelēs; каля 390 да н.э., Афіны — каля 330 да н.э.),

старажытнагрэчаскі скульптар. Выступіў наватарам кампазіцыйнай пабудовы скульптуры — перанёс цэнтр цяжару цела на вонкавую апору. Працаваў пераважна ў мармуры. Зберагліся ў арыгінале група «Гермес з дзіцем Дыянісам» (каля 340 да н.э.), ант. копіі «Афрадыта Кнідская» (каля 350 да н.э.), «Сатыр адпачывае». Ў творах адлюстроўваў геданічны ідэал Грэцыі перыяду крызісу поліснай сістэмы. Творчасць П. паўплывала на майстроў элінізму, асабліва на александрыйскую школу.

Праксіцель Фрагмент статуі Афрадыты Кнідскай. Каля 350 г. да н.э.

т. 12, с. 548

ПРАКСІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. praksis справа, дзеянне + ...логія),

галіна сацыялагічных даследаванняў, якая вывучае методыку разгляду розных дзеянняў або сукупнасці дзеянняў з пункту погляду іх эфектыўнасці. Засн. польскім вучоным Т.​Катарбінскім, з’яўляецца адным з метадаў сучасных сацыялагічных даследаванняў. Сутнасць метаду заключаецца ў практычным (і гіст.) даследаванні і характарыстыцы розных прац. навыкаў і прыёмаў, выяўленні іх элементаў і складанні на гэтай аснове розных рэкамендацый практычнага характару. П. займаецца гісторыяй названых катэгорый, а таксама канкрэтнымі даследаваннямі працы калектываў, аналізам форм арг-цыі працы, яе спецыялізацыі, суб’ектыўнымі (радзей аб’ектыўнымі) фактарамі змены арганізацыі, і ступені эфектыўнасці працы. П. вывучае ўзаемадзеянне індывіда і калектыву ў працэсе вытв-сці.

т. 12, с. 548

ПРАКТА́ЛОГІЯ (ад грэч. prōctos задні праход + ...логія),

раздзел гастраэнтэралогіі і абдамінальнай хірургіі, які вывучае хваробы прамой кішкі (гемарой, практыт і інш.), распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі; больш шырока — хваробы тоўстага кішэчніка (колапракталогія). Многія захворванні прамой кішкі з’яўляюцца лакалізацыяй працэсаў у папярэдніх аддзелах (паліпоз, хвароба Крона, неспецыфічны язвавы каліт), асабліва пры злаякасных захворваннях. На Беларусі ў 1971 адкрыта аддзяленне П. на базе Мінскай абл. клінічнай бальніцы (Бараўляны); з 1978 — Рэсп. цэнтр. Створаны аддзяленні П. ў абл. цэнтрах, рэабілітацыйная служба для хворых на рак прамой кішкі.

І.​М.​Грышын.

т. 12, с. 549

ПРА́КТЫКА (ад грэч. prakticos актыўны, дзейны),

матэрыяльная мэтазгодная дзейнасць людзей, накіраваная на засваенне і пераўтварэнне аб’ектыўнай рэчаіснасці; працэс пераходу набытага вопыту ва ўмовы жыцця людзей. Як сукупная дзейнасць чалавецтва ў гіст. развіцці з’яўляецца асновай грамадства і пазнання. Асн. віды П. — вытв-сць матэрыяльных даброт і П., накіраваная на сац. пераўтварэнне. Структура П. ўключае патрэбнасць, мэту, матыў, мэтазгодную дзейнасць, прадмет, сродкі і вынік. Разглядаецца ў кантэксце ўзаемаўплываў з тэорыяй. У філасофіі праблема тэорыі і П становіцца актуальнай з 19 ст. Г.​Гегель разглядаў П. як «валявую дзейнасць ідэі». Суб’ектыўныя ідэалісты сцвярджалі другаснасць П. ў адносінах да тэорыі. Вял. ролю ў пазнанні адводзілі П. прыхільнікі марксізму, сцвярджаючы дыялект. адзінства тэорыі і П Прагматысты разглядалі каштоўнасць вучэння толькі па яго практ. выніках.

т. 12, с. 549

ПРАКТЫ́Т (ад грэч. prōktos задні праход, прамая кішка),

запаленне слізістай абалонкі прамой кішкі. Часцей бывае ў спалучэнні з запаленчымі зменамі інш. аддзелаў кішэчніка (напр., неспецыфічны язвавы каліт). Бывае П. банальнага характару (пастаяннае траўміраванне ў педэрастаў). Трэшчыны і кровазліцці ў слізістай абалонцы кішкі з’яўляюцца варотамі ВІЧ-інфекцыі і развіцця СНІДу. Прыкметы П.: адчуванне пякоты ў вобласці задняга праходу, частыя пазывы позывы* на стул, выдзяленні слізі, крыві. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае. Гл. таксама Практалогія.

І.​М.​Грышын.

т. 12, с. 549

ПРАКТЫ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ,

раздзел астраметрыі, які распрацоўвае метады, інструменты і прылады для вызначэння геагр. каардынат, азімутаў напрамкаў і дакладнага часу паводле астр. назіранняў. Падзяляецца на геадэзічную астраномію, мараходную (распрацоўвае спосабы вызначэння па нябесных свяцілах і навігацыйных ШСЗ месцазнаходжання судна ў моры і папраўкі прылад курсапаказвання) і авіяцыйную (вызначае каардынаты лятальнага апарата í папраўкі компаса ва ўмовах палёту). Вымяральныя прылады П.а.: зеніт-тэлескоп, кварцавы гадзіннік, мерыдыянны круг, пасажны інструмент, секстант, універсальны інструмент, хранограф, хранометр і інш. Па астр. гадзінніках службы часу розных краін вызначаюць час адпаведнага часавага пояса з дакладнасцю да дзесяцітысячнай долі секунды, кругласутачна перадаюць сігналы дакладнага часу. Астр. метады арыенціроўкі (вызначэнне геагр. каардынат і азімутаў напрамкаў) з’яўляюцца найб. надзейнымі метадамі ў далёкіх плаваннях марскіх караблёў, авіяц. і касм. палётах.

Літ.:

Блажко С.Н. Курс практической астрономии. 4 изд. М., 1979.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 12, с. 549

ПРАКУЛЕ́ВІЧ (Уладзімір Антонавіч) (н. 5.4.1949, с. Новасысоеўка Якаўлеўскага р-на Прыморскага краю, Расія),

бел. вучоны ў галіне мікрабіялогіі і генетыкі мікраарганізмаў. Д-р біял. н. (1989), праф. (1995). Скончыў БДУ (1971), з 1984 працуе ў ім (з 1989 заг. кафедры). Навук працы па вывучэнні працэсаў рэкамбінацыі і рэпарацыі ў бактэрый, стварэнні сістэм генет. аналізу і вывучэнні арганізацыі геномаў фітапатагенных бактэрый, пабудове кальцавых генет. карт бактэрый, малекулярна-генет. характарыстыцы плазмід грамстаноўчых бактэрый, распрацоўцы і ўкараненні ў вытворчасць вет. прэпаратаў новага пакалення.

Тв.:

Генетический контроль УФ-резистентности у Erwinia chrysanthemi // Молекулярные механизмы генетических процессов. М., 1991;

Генетическая организация хромосомы Erwinia chrysanthemi (разам з Ю.​К.​Фамічовым) // Успехи современной генетики. 1993. Вып. 18.

т. 12, с. 549

ПРАКУЛЕ́ВІЧ (Уладзімір Міхайлавіч) (1887, в. Красналукі Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. — 20.8.1938),

палітычны дзеяч Беларусі. Скончыў Маскоўскі ун-т (1912). У 1912—14 працаваў у мінскіх казённай палаце, акр. судзе. З пач. 1-й сусв. вайны эвакуіраваны ў Маскву. У 1917—20 на судзейскіх пасадах у Мінску, мяст. Вызна (г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага р-на). Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання 1920. У 1921 эмігрыраваў у Вільню, чл. прэзідыума Віленскага нац. к-та, чл. замежнага ЦК Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1922 высланы з Вільні, пераехаў у Коўна. Са жн. 1923 дзярж. сакратар урада ,YH БНР* на чале з А.​І.​Цвікевічам, разам з якім пераехаў у Прагу. З 1926 у Мінску, працаваў у Дзярж. б-цы БССР. 19.7.1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі» і на 5 гадоў сасланы ў г. Свярдлоўск. 9.1.1938 зноў арыштаваны і прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны па 1-м прыгаворы ў 1988, па 2-м — у 1989.

Тв.:

Слуцкое восстание (ноябрь — декабрь 1920 г.) // Нёман. 1996. №4.

У.​М.​Міхнюк.

т. 12, с. 549

ПРАКУРА́ТАР (лац. procurator літаральна папячыцель, кіраўнік),

у Старажытным Рыме: 1) домакіраўнік; 2) давераная асоба рым. грамадзяніна ў суд. і камерцыйных справах (звычайна з ліку вольнаадпушчанікаў); 3) у эпоху імперыі таксама кіраўнік вял. маёнтка (імператарскага, прыватнага), чыноўнік, які кіраваў невял. правінцыяй, загадваў зборам падаткаў у вял. правінцыі або ўзначальваў фін. ці гасп. ведамства.

т. 12, с. 549

ПРАКУРАТУ́РА (ад лац. procurare клапаціцца),

спецыяльны дзярж. орган (сістэма органаў), у кампетэнцыю якога ўваходзіць узбуджэнне крымін. спраў, падтрыманне абвінавачвання, прадстаўніцтва інтарэсаў дзяржавы ў суд. працэсе. У шэрагу краін П. належыць таксама функцыя нагляду за дакладным і аднастайным выкананнем законаў усімі грамадзянамі, арг-цыямі і службовымі асобамі (т.зв. «агульны нагляд»), У адных краінах П. з’яўляецца састаўной ч. суда, у другіх арганізацыйна аддзелена ад яго. У некат. краінах П. ўваходзіць у сістэму мін-ва юстыцыі (ЗША, Францыя, Нідэрланды, Аўстрыя, Японія, Польшча). У Рэспубліцы Беларусь П. з’яўляецца адзінай і цэнтралізаванай сістэмай органаў П., якую ўзначальвае Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 549