ПРА́КТЫКА (ад грэч. prakticos актыўны, дзейны),

матэрыяльная мэтазгодная дзейнасць людзей, накіраваная на засваенне і пераўтварэнне аб’ектыўнай рэчаіснасці; працэс пераходу набытага вопыту ва ўмовы жыцця людзей. Як сукупная дзейнасць чалавецтва ў гіст. развіцці з’яўляецца асновай грамадства і пазнання. Асн. віды П. — вытв-сць матэрыяльных даброт і П., накіраваная на сац. пераўтварэнне. Структура П. ўключае патрэбнасць, мэту, матыў, мэтазгодную дзейнасць, прадмет, сродкі і вынік. Разглядаецца ў кантэксце ўзаемаўплываў з тэорыяй. У філасофіі праблема тэорыі і П становіцца актуальнай з 19 ст. Г.​Гегель разглядаў П. як «валявую дзейнасць ідэі». Суб’ектыўныя ідэалісты сцвярджалі другаснасць П. ў адносінах да тэорыі. Вял. ролю ў пазнанні адводзілі П. прыхільнікі марксізму, сцвярджаючы дыялект. адзінства тэорыі і П Прагматысты разглядалі каштоўнасць вучэння толькі па яго практ. выніках.

т. 12, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)