Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МО́ДЭНА ((Modena) Густава) (13.2.1803, г. Венецыя, Італія — 20.2.1861),

італьянскі акцёр, адзін з заснавальнікаў рэаліст. школы акцёрскага мастацтва. З 1824 выступаў у трупах розных антрэпрэнёраў, у 1843 стварыў уласную трупу. Садзейнічаў рэфармаванню італьян. т-ра, станаўлення нац. драматургіі. Творчасць склалася пад уплывам ідэй адраджэння незалежнасці і ўсталявання рэсп. ладу ў Італіі. Ролі вызначаліся гераічна-рамантычнай прыўзнятасцю, выкрывальным пафасам: Паала («Франчэска да Рыміні» С.Пеліка), Адэльгіз («Адэльгіз» А.Мандзоні), Брут, Саул, Філіп, («Брут», «Саул», «Філіп» В.Альф’еры), Магамет («Магамет» Вальтэра) і інш.

т. 10, с. 512

МО́ЖА,

рака ў Крупскім р-не Мінскай вобл. і Круглянскім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток р. Бобр (бас. р. Дняпро). Даўж. 77 км. Пл. вадазбору 530 км2. Пачынаецца за 2 км на Пн ад в. Шынкі Крупскага р-на. Цячэ ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, у сярэднім цячэнні (часткова) і ў нізоўі — праз лясныя масівы. Асн. прытокі: Бярозка, Казлянка і Мясрэда (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 600—800 м, у ніжнім цячэнні невыразная. Схілы пераважна спадзістыя, слаба парэзаныя далінамі прытокаў і каналаў. Пойма двухбаковая часам чаргуецца па берагах, шыр. 200—400 м. Рэчышча сярэднязвілістае, на некаторых участках выпрастана. Шыр. ракі ў межань у вярхоўі да 8 м, у ніжнім цячэнні 10—20 м. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,4 м³/с.

т. 10, с. 512

МО́ЖЫ ((Morzy) Юзаф) (н. 10.8.1921, в. Лопуш Падляскага ваяв., Польшча),

польскі гісторык. Д-р гіст. н. (1962). Скончыў Маскоўскі ун-т (1955). Да 1991 працаваў ва Ун-це імя А.Міцкевіча ў Познані, дацэнт (1968). Вывучае гісторыю ВКЛ і Расіі. Аўтар манаграфіі «Дэмаграфічны крызіс у Літве і Беларусі ў II палове XVII ст.» (1965; бел. пераклад фрагментаў у час. «Спадчына», 1992, №5), дзе на падставе шматлікіх крыніц зроблена выснова пра значнае (да 50%) скарачэнне насельніцтва ВКЛ у час войнаў 1648—67.

т. 10, с. 512

МО́ЗГ,

цэнтральны аддзел нерв. сістэмы жывёл і чалавека, які забяспечвае рэгуляцыю жыццёвых функцый арганізма, у т.л. вышэйшую нерв. дзейнасць; у чалавека — псіхічныя функцыі, мысленне. Падзяляецца на галаўны мозг і спінны мозг. Гл. таксама Цэнтральная нервовая сістэма.

т. 10, с. 512

МО́ЗЕЛЬ (франц. Moselle, ням. Mosel),

рака ў Францыі, Люксембургу, Германіі, левы прыток р. Рэйн. Даўж. 545 км, пл. бас. 28,2 тыс. км2. Пачынаецца на паўд.-зах. схілах Вагезаў, б.ч. цячэння — у Рэйнскіх Сланцавых гарах. Асн. прыток — р. Саар (справа). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 290 м³/с. Суднаходная да вярхоўяў. Злучана каналамі з рэкамі Марна, Сона. На М. — гарады Нансі, Мец (Францыя), Трыр, Кобленц (Германія).

т. 10, с. 512

МО́ЗЕР ((Moser) Лукас) (каля 1390, г. Вейль-дэр-Штат, Германія — пасля 1434),

нямецкі жывапісец. Працаваў у Швабіі. Аўтар алтара св. Марыі Магдаліны ў царкве ў Тыфенброне каля г. Бадэн (жывапісныя кампазіцыі «Падарожжа па моры», «Сон святых, якія прыбылі ў Марсель», «Яўленне св. Магдаліны жонцы князя», «Апошняе прычашчэнне св. Магдаліны ў саборы Экса», «Св. Марта», «Св. Лазар», «Магдаліна выцірае ногі Хрысту ў час балю ў Сімона», «Хрыстос з дзевамі разумнымі і неразумнымі», усе 1432). Вял. дакладнасцю і назіральнасцю вызначаецца перадача тыпажу персанажаў, арх. і пейзажнага фону, светлавых эфектаў, што сведчыць пра блізкасць мастака да жывапісных прыёмаў ранняга нідэрл. Адраджэння.

Я.Ф.Шунейка.

Л.Мозер. Алтар св. Марыі Магдаліны ў царкве ў Тыфенброне. 1432.

т. 10, с. 512

МО́ЗЛІ ((Moseley) Генры Гвін Джэфрыс) (23.9.1887, г. Уэймут, Вялікабрытанія — 10.8.1915),

англійскі фізік, адзін з заснавальнікаў рэнтгенаўскай спектраскапіі. Скончыў Оксфардскі ун-т (1910). У 1910—14 у Манчэстэрскім, потым у Оксфардскім ун-тах. Навук. працы па радыеактыўнасці, бэта-, гама- і рэнтгенаўскай спектраскапіі. Вызначыў даўжыні хваль рэнтгенаўскіх прамянёў, прадказаў рэнтгенаўскія спектры некаторых элементаў. Выявіў сувязь паміж частатой характарыстычнага рэнтгенаўскага выпрамянення і атамным нумарам хім. элемента (гл. Мозлі закон). Загінуў у час 1-й сусв. вайны.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 378—379.

т. 10, с. 513

МО́ЗЛІ ЗАКО́Н,

закон, які звязвае частату спектральных ліній характарыстычнага рэнтгенаўскага выпрамянення хім. элемента з яго атамным нумарам. Эксперыментальна ўстаноўлены Г.Мозлі (1913).

Паводле М.з. квадратны корань з частаты ν спектральнай лініі характарыстычнага рэнтгенаўскага выпрамянення з’яўляецца лінейнай функцыяй атамнага нумара Z хім. элемента: ν / R = ( Z Sn ) / n , дзе RРыдберга пастаянная, Sn — пастаянная экраніравання, nгал. квантавы лік (гл. Квантавыя лікі). Адыграў важную ролю ў разуменні фіз. сутнасці атамнага нумара і станаўленні перыядычнага закону хім. элементаў.

А.І.Болсун.

т. 10, с. 513

МО́ІН (Марк Міхайлавіч) (10.5.1903, в. Рыебіні Прэйльскага р-на, Латвія — 13.2.1969),

бел. акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). Працаваў у Дзярж. яўр. т-ры Беларусі (1926—49), з 1940 у Бел. дзярж. эстрадзе, з 1956 рэжысёр Бел. рэсп. студыі тэлебачання. Артыст героіка-рамант. плана. Сярод роляў: Франдоса («Авечая крыніца» Лопэ дэ Вэгі), Скапэн («Хітрыкі Скапэна» Мальера), Фабрыцыо («Карчмарка» К.Гальдоні), Ботвін («Ботвін» А.Вявюркі), Гірш («Паўстанне ў гета» П.Маркіша). Тэлепастаноўкі: «Суд» У.Галубка, «Наталля» паводле Я.Скрыгана і «У пошуках радасці» В.Розава (1958).

т. 10, с. 513

МО́ІСІ ((Moissi) Аляксандр) (Сандра) (2.4.1880, г. Трыест, Італія — 23.3.1935),

нямецкі акцёр. Па нацыянальнасці албанец. З 1898 вучыўся ў Венскай кансерваторыі (барытон), быў статыстам, пазней акцёрам «Бурггэатра». З 1904 працаваў пад кіраўніцтвам М.Райнгарта, у 1905—33 у Ням. т-ры і «Камершпіле» (БерЛін). Акцёр шырокага дыяпазону. Творчасць вызначалася адухоўленасцю, эмацыянальнасцю, мяккай вытанчанасцю пластыкі, імкненнем да перадачы вобразаў высакародных герояў, якія пакутуюць ад сутыкнення з жорсткасцю і несправядлівасцю жыцця. Сярод роляў: Освальд («Прывіды» Г.Ібсена), Гамлет, Рамэо («Гамлет», «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), маркіз ды Поза, Франц («Дон Карлас», «Разбойнікі» Ф.Шылера), Мефістофель («Фауст» І.В.Гётэ), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Іванаў («Іванаў» А.Чэхава) і інш.

т. 10, с. 513