Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МЛЕ́ЧНІК (Lactarius),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. сыраежкавых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі 42 віды. Найб. вядомыя М.: белы, або бялянка (L. pubescens), горкі, або гаркуха (L. rufus), грузд чорны (L. necator), ружовы, або ваўнянка (L. torminosus), скрыпіца (L. vellereus), смачны, або рыжык (L. deliciosus). Трапляюцца з ліп. па кастр. у лясах, на ўзлесках і лугах, дзе ёсць карані дрэў. Утвараюць «ведзьміны кольцы».

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка белая, шэрая да ружавата-ліловай, карычневая. дыям. да 25 см, звычайна правільна-круглаватая з загорнутым ці апушчаным уніз краем, не аддзяляецца ад ножкі. Пласціны прырослыя або зыходныя. Ножка шчыльная або рыхлая, часта ўнутры полая. Мякаць белая, палевая, з млечным сокам (сістэм. адзнака). Споры авальныя або шарападобныя, белыя ці жаўтаватыя. Усе віды ядомыя.

С.​С.​Колас.

Да арт. Млечнік: 1 — грузд чорны; 2 — грузд сапраўдны; 3 — скрыпіца; 4 — рыжык сасновы (сапраўдны); 5 — рыжык яловы; 6 — ваўнянка.

т. 10, с. 497

МЛЕ́ЧНІКІ, млечныя сасуды,

клеткі некат. кветкавых раслін, якія маюць у вакуолях млечны сок. Адрозніваюць 2 тыпы М.: членістыя і нячленістыя. Членістыя ўтвараюцца з многіх асобных клетак, якія зліваюцца ў суцэльную галінастую сістэму (напр., у складанакветных, макавых). Нячленістыя — адна гіганцкая клетка, што ўзнікае ў зародку, расце, разгаліноўваецца і пранізвае ўсе органы расліны (напр., у малачайных, тутавых).

т. 10, с. 497

МЛЕ́ЧНЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,

тое, што малочныя залозы.

т. 10, с. 497

МЛЕ́ЧНЫЯ САСУ́ДЫ,

тое, што млечнікі.

т. 10, с. 497

МЛЕ́ЧНЫ СОК,

вадкасць, што змяшчаецца ў млечніках раслін. Звычайна малочнага колеру (адсюль назва), але бывае і інш. афарбоўкі (напр., у чыстацелу — аранжавы). З’яўляецца эмульсіяй, якая мае ў сабе клетачны сок, змешаны з тэрпеноідамі, алкалоідамі, танінамі, бялкамі, інш. рэчывамі, і знаходзіцца ў вакуолях. Можа мець амілапласты. У каўчуканосаў М.с. наз. латэксам натуральным (багаты на каўчук натуральны і гуту). У мякаці пладовых цел некат. грыбоў ёсць таўстасценныя гіфы (аналаг млечнікаў) з М.с. рознага колеру.

т. 10, с. 497

МЛЕ́ЧНЫ ШЛЯХ,

1) дыфузная святлівая паласа няправільнай формы, што перасякае нябесную сферу ў плоскасці Галактыкі. Складаецца з вял. колькасці зорак, якія паасобку нельга бачыць простым вокам, але можна распазнаць з дапамогай тэлескопа.

М.Ш. — сукупнасць зорак нашай зорнай сістэмы — Галактыкі, якой яна выглядае знутры, з пункту, паблізу галактычнай плоскасці, на адлегласці ~​1/2 галактычнага радыуса ад ядра галактыкі. Сярэдняя лінія М.Ш. блізкая да вял. круга (галактычнага экватара), паўн. полюс якога знаходзіцца ў сузор’і Валасоў Веранікі; бачная шырыня ў межах ад 5° да 30°. У напрамку да цэнтра Галактыкі (сузор’і Стральца і Скарпіёна) М.Ш. шырокі і яркі, у процілеглым (сузор’і Персея і Возніка) — вузкі і менш яркі. У многіх месцах М.Ш. назіраюцца цёмныя плямы, што абумоўлена паглынаннем святла воблакамі касмічнага пылу. Паміж сузор’ямі Арла і Цэнтаўра паласа паглынальнага рэчыва дзеліць М.Ш. на 2 часткі.

2) Уласная назва Галактыкі.

Млечны Шлях.

т. 10, с. 497

МЛІ́ЕЎСКАЯ РА́ННЯЯ,

сорт грушы селекцыі Мліеўскай доследнай станцыі садаводства імя Л.​П.​Сімірэнкі (Украіна), атрыманы ад скрыжавання сартоў Эксперэн і Глыва ўкраінская. Перспектыўная для вырошчвання на Беларусі (акрамя Віцебскай вобл.).

Дрэва сярэднярослае з шырокапірамідальнай кронай сярэдняй гушчыні. Пладаносіць на 4—5-ы год пасля пасадкі. Зімаўстойлівая, адносна ўстойлівая да бактэрыяльнага раку і паршы. Плады сярэдняй велічыні (90—140 г). Афарбоўка светла-жоўтая з невял. румянцам, паверхня з дробнымі ржавымі пятнамі плямамі*. Мякаць белая, сакавітая, масляністая, салодкая. Спажывецкая спеласць — у сярэдзіне жніўня.

М.​Р.​Мялік.

Мліеўская ранняя.

т. 10, с. 497

МЛО́ДАК (Рыта) (Рэвека) Веньямінаўна (27.2.1906, Мінск — 3.12.1969),

бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. Беларусі (1940). Скончыла Віцебскі муз. тэхнікум (1928), Бел. студыю оперы і балета (1933), удасканальвалася ў Маскве ў М.​Уладзіміравай. З 1931 салістка Бел. Радыёкамітэта, у 1933—59 (з перапынкам) салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала прыгожым, багатага тэмбру голасам, сцэн. абаяльнасцю, цёпла і шчыра перадавала чалавечыя пачуцці. Сярод партый: у бел. рэпертуары — Марыся («Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Надзейка («Кветка шчасця» А.​Туранкова), адметныя глыбокай непасрэднасцю і праўдзівасцю, Астахава («Надзея Дурава» А.​Багатырова); у класічных і сучасных операх — мадам Батэрфляй («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Мікаэла («Кармэн» Ж.​Бізэ), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны), Таццяна, Ліза, Марыя, Настасся («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Мазепа», «Чаравічкі» П.​Чайкоўскага), Яраслаўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Тамара («Дэман» А.​Рубінштэйна), Маша («Дуброўскі» Э.​Напраўніка), Земфіра («Алека» С.​Рахманінава), Наталля («Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага). Выступала як камерная спявачка; удумлівы інтэрпрэтатар рамансаў бел. кампазітараў, нар. песень.

Літ.:

Тамашова Н. Майстар вакальнага мастацтва // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

А.​Я.​Ракава.

Р.В.Млодак.
Р.Млодак у ролі Надзейкі.

т. 10, с. 497

«МЛОТ»

(«Młot», «Молат»),

масава-палітычная газета, орган ЦК КП(б) Беларусі. Выдавалася з 18.12.1918 да 7.3.1926 на польск. мове, напачатку ў Мінску, з № 41 1919 у Вільні, з № 84 1919 у Мінску, а № 150 1919—20 у Смаленску; з 25.2.1920 да 20.2.1921 не выходзіла. Спачатку «М.» — орган ЦВК груп Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), з 30.12.1918 — орган ЦВК груп Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП) у Расіі, з 23.2.1919 — орган ЦВК КПРП і ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, з 9.3.1921 — орган Польск. бюро пры Цэнтр. бюро КП(б) Беларусі, з лют. 1924 — орган Польск. бюро пры Часовым Бел. бюро ЦК РКП(б), з 3.4.1924 да 17.5.1924 — орган Часовага Бел. бюро ЦК РКП(б), Асвятляла пытанні грамадска-паліт. жыцця Беларусі.

т. 10, с. 498

МЛЫН,

машына для здрабнення (памолу) розных матэрыялаў. Ад драбілак адрозніваецца больш тонкім памолам (да часцінак менш за 5 мм, часам да 0,001 мм). Выкарыстоўваюцца ў горнай, хім., металургічнай, фармацэўтычнай і харч. прам-сці, у вытв-сці буд. матэрыялаў і інш.

У М. матэрыялы трапляюць пад удары рухомых рабочых органаў або здрабняльных цел, пераціраюцца, расціскаюцца, саўдараюцца. Паводле формы і віду рабочага органа адрозніваюць М.: барабанныя (шаравыя, стрыжнёвыя, галечныя, самаздрабнення); ролікавыя, валковыя, кальцавыя, фрыкцыйна-шаравыя і бегуны; малатковыя, пальцавыя (дэзінтэгратары); вібрацыйныя з хістальным корпусам; струменныя і аэрадынамічныя (без здрабняльных цел). Пры неабходнасці барабанныя М. аб’ядноўваюць з класіфікатарамі або з паветр. сепаратарамі. Найб. пашыраны барабанныя М. значных памераў (дыяметрам да 5 м і больш, даўж. да 15 м). Гл. таксама Мукамольны млын.

А.​Я.​Вакар.

Схемы млыноў: 1 — шаравога; 2 — ролікавага; 3 — кальцавога; 4 — малатковага; 5 — вібрацыйнага; 6 — струменнага; 7 — калоіднага.

т. 10, с. 498