род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. сыраежкавых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі 42 віды. Найб. вядомыя М.: белы, або бялянка (L. pubescens), горкі, або гаркуха (L. rufus), грузд чорны (L. necator), ружовы, або ваўнянка (L. torminosus), скрыпіца (L. vellereus), смачны, або рыжык (L. deliciosus). Трапляюцца з ліп. па кастр. у лясах, на ўзлесках і лугах, дзе ёсць карані дрэў. Утвараюць «ведзьміны кольцы».
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка белая, шэрая да ружавата-ліловай, карычневая. дыям. да 25 см, звычайна правільна-круглаватая з загорнутым ці апушчаным уніз краем, не аддзяляецца ад ножкі. Пласціны прырослыя або зыходныя. Ножка шчыльная або рыхлая, часта ўнутры полая. Мякаць белая, палевая, з млечным сокам (сістэм. адзнака). Споры авальныя або шарападобныя, белыя ці жаўтаватыя. Усе віды ядомыя.