«МИ́НСКИЙ МЕРИДИА́Н»,
штотыднёвая гарадская грамадска-інфарм. газета. Выходзіць з ліп. 1991 у Мінску на рус. мове. Асвятляе пытанні паліт., эканам. і культ. жыцця бел. сталіцы і Кастрычніцкага р-на г. Мінска. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкамі: «За словам — справа!», «На скрыжаванні», «Зорны праспект», «Культурная хроніка», «Маленькая краіна», «Урач дае параду» і інш. Пры рэдакцыі створаны клуб «Чарадзей і К°».
М.І.Барысенка.
т. 10, с. 455
«МИ́НСКИЙ ПРОЛЕТА́РИЙ»,
што дзённая газета, орган Мінскага Савета рабочых і чырвонаармейскіх дэпутатаў і губваенрэўкома. Выдавалася 2—30.4.1919 у Мінску на рус. мове. Асвятляла жыццё і барацьбу мінчан за ўмацаванне сав. улады, работу сав. органаў у галіне гасп. і культ. буд-ва, друкавала інфарм. матэрыял аб ходзе нацыяналізацыі прамысл. прадпрыемстваў, заклікала насельніцтва Мінска на барацьбу з інтэрвентамі і ўнутр. контррэвалюцыяй. У кожным нумары давалася інфармацыя «Радыёграмы РОСТА». Матэрыялы групаваліся пад рубрыкамі: «Па Расіі», «На Украіне», «Па Беларусі і Літве», «Партыйнае жыццё», «Рабочае жыццё», «Мясцовае жыццё», «Эканамічная старонка». Выйшлі 22 нумары.
Літ.:
Бараноўскі П.М. Газета клікала да барацьбы // Весн. БДУ. Сер. 4. 1987. № 2.
П.М.Бараноўскі.
т. 10, с. 455
«МИ́НСКОЕ СЛО́ВО»,
штодзённая грамадска-паліт. газета вялікадзяржаўна-шавіністычнага кірунку. Выдавалася з 4(17).11.1906 да 15(28).6.1912 у Мінску на рус. мове. Працягвала праграму газет «Белорусский вестник» і «Минская речь». Мела падтрымку Мін-ва ўнутр. спраў і асабіста П.А.Сталыпіна. Выступала супраць раўнапраўя народаў Рас. імперыі, імкнулася дыскрэдытаваць бел. нац. адраджэнне, бел. друк, адмаўляла нац. і этнакульт. самастойнасць беларусаў, раіла выкрасліць назвы Беларусь і беларусы. Абражала бел. пісьменнікаў (Я.Купалу, Я.Коласа, Ф.Багушэвіча, Цётку і інш.), бел. народ і яго мову. Заклікала губ. адміністрацыю не абмяжоўвацца рэпрэсіямі бел. дзеячаў і «Нашай нівы», а «вырваць зло ў самым корані». У шматлікіх аўтарскіх і рэд. артыкулах («Беларускі сепаратызм», «Пра кніжную беларускую мову» і інш.) патрабавала ад урада забароны бел. нац. культуры. Абвінавачвала рус. дэмакр. прэсу, творчасць М.Горкага, Л.Андрэева, Ф.Салагуба, А.Купрына і інш. у безыдэйнасці і гандлярстве. За распальванне варожасці паміж народамі Рас. імперыі губ. ўлады канфіскоўвалі асобныя нумары газеты. Праграму «М.с.» працягвалі газ. «Минское русское слово» і «Северо-Западная жизнь».
Літ.:
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.
У.М.Конан.
т. 10, с. 457
«МИ́НСКОЕ Э́ХО»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета ліберальна-бурж. кірунку. Выдавалася з 30.5(12.6).1908 да 20.9(3.10).1909 у Мінску на рус. мове. Выступала за бурж.-дэмакр. рэформы, абмежаванае культ.-нац. самавызначэнне народаў, эвалюцыйнае развіццё грамадства на аснове раўнапраўя, свабоды слова. Змяшчала агляды друку, крытычныя матэрыялы на асобныя рэакц. выданні («Минское слово» і інш.), камерцыйную рэкламу і аб’явы, антываен. публіцыстыку, белетрыстыку, маст. творы мясц. аўтараў. Інфармавала пра тэатр. і муз. жыццё Мінска, дзейнасць Мінскага літ.-артыстычнага т-ва. Пры асвятленні эстэт. праблем схілялася да народніцкай крытыкі, займала кампрамісную пазіцыю ў спрэчках паміж прыхільнікамі рэалізму і мадэрнізму. Апублікавала літ.-крытычныя нататкі, літ. агляды пра рус., бел. пісьменнікаў, кампазітараў (Л.Андрэева, М.Арцыбашава, С.Гарадзецкага, М.Гумілёва, М.Горкага, А.Каменскага, Я.Купалу, Л.Талстога, П.Чайкоўскага, А.Чэхава), а таксама замежных (М.Метэрлінка, Ю.Славацкага), пра юбілеі М.Гогаля, І.Тургенева.
Літ.:
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985. С. 136—153.
У.М.Конан.
т. 10, с. 458
«МИНЧА́НИН»,
штотыднёвая літ. і грамадска-паліт. газета ліберальна-асветнага кірунку. Выходзіла з 30.11(13.12) да 28.12.1913 (10.1.1914) у Мінску на рус. мове. Арыентавалася на асветніцкія ідэі, добры густ і здаровы сэнс, імкнулася пазбягаць «партыйных і нацыяналістычных тэндэнцый». У серыі нарысаў, артыкулаў і літ. аглядаў крытыкавала бездухоўнасць, дэгуманізацыю масавай культуры і грамадскага побыту, адзначала крызіс рэліг., эстэт., маральных і інш. духоўных каштоўнасцей. Сцвярджала думку (А.Чорнабародаў, І.Бялоў), што тэхн. прагрэс пач. 20 ст. прывёў да крызісу культуры, які выявіўся ў выцясненні высокага мастацтва масавай культурай, у дэвальвацыі рэлігіі, філасофіі, хрысц. гуманізму, у перамозе прагматызму і утылітарызму над духоўнасцю. Выступала з крытыкай мадэрнісцкіх і натуралістычных плыней у мастацтве. Змяшчала асобныя маст. творы.
У.М.Конан.
т. 10, с. 459
«МИР ИСКУ́ССТВА»,
літаратурна-мастацкі ілюстраваны часопіс, пад эгідай якога сфарміравалася аднайм. маст. аб’яднанне (гл. «Свет мастацтва»), да 1903 друкаваліся таксама творы пісьменнікаў-сімвалістаў. Выдаваўся ў 1898/99—1904 у Пецярбургу (у 1899 М.К.Ценішавай і С.І.Мамантавым, у 1900—04 С.Дзягілевым). Заснавальнік і гал. рэдактар Дзягілеў, з 1903 рэдактарам быў таксама А.Бенуа. У галіне выяўл. мастацтва часопіс сцвярджаў эстэт. пазіцыю аб’яднання «Свет мастацтва», папулярызаваў рус. мастацтва 18 — пач. 19 ст., нар. творчасць, уздымаў праблемы рас. і замежнага маст. жыцця (артыкулы і нарысы Бенуа, І.Грабара, Дзягілева і інш., пераклады з замежных выданняў, рэпрадукцыі твораў мастацтва). У літ. частцы «М.и.», якую ўзначальваў Дз.Філасофаў, змяшчаліся рэліг.-філас. творы Дз.Меражкоўскага, З.Гіпіус, Л.Шастова, В.Розанава, літ.-крытычныя артыкулы В.Брусава і А.Белага. Публікаваліся таксама артыкулы па пытаннях эстэтыкі, маст. адукацыі, рэцэнзіі, нарысы пра тэатр., муз., арх. жыццё і інш. У афармленні часопіса ўдзельнічалі Л.Бакст, Я.Лансерэ, К.Сомаў і інш. У 1903 выходзіла асобнае выданне «Хроника журнала «Мир искусства».
Літ.:
Лапшина Н. «Мир искусства». М., 1977;
Лифарь С. Дягилев. СПб., 1993.
т. 10, с. 461
МКРТЧАН (Мгер) (Фрунзе) Мушэгавіч (4.7.1930, г. Гюмры, Арменія—1993),
армянскі акцёр. Нар. арт. Арменіі (1971). Нар. арт. Грузіі (1980). Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Ерэванскі тэатр. ін-т (1956). У 1946—53 працаваў у Ленінаканскім,драм. т-ры імя А.Мравяна. З 1956 у т-ры імя Г.Сундукяна ў Ерэване. Мастацтву акцёра ўласцівы лірызм, спалучэнне камедыйнай імправізацыйнасці з пранікненнем ў характары герояў. Здымаўся ў кіно: «Каўказская палонніца», «Трохвугольнік» (абодва 1967), «Мы і нашы горы» (1970), «Хатабала» (1971), «Айрык» (1972), «Наапет» (1977), «Міміно» (1978), «Аплявуха» (1980), «Песня мінулых дзён» (1982), «Адзінокім прадастаўляецца інтэрнат» (1984). Дзярж. прэмія Арменіі 1967. Дзярж. прэмія СССР 1978.
т. 10, с. 495
МЛАДААФГА́НЦЫ,
удзельнікі нац.-асв. руху ў Афганістане ў 1-й трэці 20 ст. Выступалі за нац. незалежнасць Афганістана, асвечаную манархію, пашырэнне свецкай адукацыі. Гал. ідэолагі М. — Махмуд Тарзі і Абдулгані. Іх падтрымліваў эмір Афганістана Аманулахан [1919—29]. М. займалі важныя пасады ва ўрадзе Аманулы, але крытыкавалі яго за паспешныя і непрадуманыя рэформы. Пасля падзення рэжыму Аманулы ў 1929 сышлі з паліт. арэны.
Літ.:
Очильдиев Д.Я. Младоафганское движение (1900—1929). Ташкент, 1985.
т. 10, с. 495
МЛАДАБУХА́РЦЫ,
удзельнікі грамадска-паліт. руху пач. 20 ст. ў Бухарскім эміраце. Ідэйная аснова руху — джадзідызм. М. выступалі за нар. асвету, супраць карупцыі ў дзяржапараце. Пасля рас. Лют. рэв. 1917 створана арг-цыя М. на чале з А.Мунзімам (старшыня ЦК) і А.Фітратам (сакратар), якая патрабавала ўтварэння «нар. прадстаўніцтваў», памяншэння падаткаў, свабоды школ і друку. Эмірскі ўрад распачаў супраць М. рэпрэсіі. У студз. 1920 Ф.Хаджаеў, лідэр радыкальнага крыла М., стварыў у Ташкенце Туркестанскае цэнтр. бюро М.-рэвалюцыянераў. Пасля абвяшчэння Бухарскай Народнай Савецкай Рэспублікі (БНСР) у вер. 1920 М. ўзначалілі першы яе ўрад. 11.9.1920 частка М. аб’ядналася з бухарскімі камуністамі ў Бухарскую камуніст. партыю, іншыя далучыліся да басмацтва.
Літ.:
Бухарская революция // Родина. 1989. № 11.
т. 10, с. 495