Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАМЫ́К КЕМА́ЛЬ (Namik Kemal; 21.12.1840, г. Тэкірдаг, Турцыя — 2.11.1888),

турэцкі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў т-ва «Новыя асманы». Сваімі публіцыст. творамі і перакладамі на тур. мову прац. еўрап. ліберальных аўтараў спрыяў пашырэнню ў Асманскай імперыі канстытуцыйных ідэй. У 1876 разам з Мідхат-пашой напісаў першую тур. канстытуцыю. Пасля паражэння рэфарматараў сасланы на в-аў Хіяс, дзе і памёр.

Літ.:

Стамбулов В.И. Намык Кемаль. М., 1935;

Петросян Ю.А. «Новые Османы» и борьба за конституцию 1876 в Турции. М., 1958.

т. 11, с. 138

НАМЫСЛО́ЎСКІ Я.Л., гл. Ліцыній Намыслоўскі Я.

т. 11, с. 138

НАМЫ́ТЫЯ ГЛЕ́БЫ,

глебы, якія фарміруюцца на ніжніх частках схілаў, у лагчынах і ярах у выніку адкладу змытага дажджавымі і талымі водамі глебавага драбназёму. Таксама наз. дэлювіяльнымі глебамі (гл. Дэлювій). Развіваюцца звычайна ва ўмовах кароткачасовага залішняга ўвільгатнення. Маюць слаісты профіль з вял. колькасцю гліністых і пылаватых часцінак і гумусу (2—3%). Колерам падобныя на перагнойны гарызонт нязмытых глеб. Сярэдне- ці слабакіслыя. Паводле магутнасці дэлювію падзяляюцца на слаба- (да 20 см), сярэдне- (20—50), моцна- (50—100) і вельмі моцнанамытыя (больш за 100 см). Багатыя элементамі жыўлення раслін. Выкарыстоўваюцца пад сенажаці і пашы.

т. 11, с. 138

НАМЫЎНЫ́Я РАЎНІ́НЫ,

тое, што акумулятыўныя раўніны.

т. 11, с. 139

НАМЮ́Р, Намен (франц. Namur, флам. Namen),

горад на Пд Бельгіі, каля ўпадзення р. Самбра ў Маас. Адм. ц. правінцыі Намюр. 104 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: хім., тэкст., гарбарная, харч., азбеставая. Вядомая з сярэднявечча вытв-сць кухонных катлоў, нажоў, меднага посуду. У наваколлі — буйныя шкляныя з-ды. Ун-т. Музеі: археал., епархіяльны і атэля дэ-Круа. Арх. помнікі 9—18 ст.

т. 11, с. 139

НАНА... (ад грэч. nanos карлік), дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў дольных адзінак, роўных 10​−9 зыходным адзінкам. Пазначаецца н. Напр., 1 нг (нанаграм) = 10​−9 г, 1 нКл (нанакулон) = 10​−9 Кл. Да 1967 прыстаўку Н. называлі мілімікра... і пазначалі ммк.

т. 11, с. 139

НАНАМЕ́ТР (ад нана... + метр),

дольная адзінка даўжыні. Пазначаецца нм. 1 нм = 10​−9 м.

т. 11, с. 139

НАНАРЭЛЬЕ́Ф (ад нана... + рэльеф),

дробныя формы рэльефу (выш. да некалькіх дзесяткаў сантыметраў), якія ўзнікаюць у выніку экзагенных (суфазійна-карставых, тэрмакарставых, эразійных, эолавых і інш.) і глебаўтваральных працэсаў, а таксама ў выніку дзейнасці жывёл-землярыяў і антрапагенных уздзеянняў на рэльеф (буд-ва, узорванне зямель і інш.). Характэрны кароткачасовасць такіх форм рэльефу (сезон, радзей некалькі гадоў), іх перабудова. Гл. таксама Мікрарэльеф.

т. 11, с. 139

нанатэхналогія

т. 18, кн. 1, с. 432

нанаэлектроніка

т. 18, кн. 1, с. 433