Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРУТЫ́, Крут (Krut; ? — 1093),

князь Вендскай дзяржавы [1066—93]. Паходзіў, верагодна, з княжацкай дынастыі, якая ў 10—12 ст. правіла на в-ве Руяна (цяпер в-аў Руген, Германія). Узначальваў супраціўленне прыбалтыйскіх і палабскіх славян іх прымусовай хрысціянізацыі з боку ням. герцагаў. У час аслаблення «Свяшчэннай Рымскай імперыі» пры Генрыху IV пашырыў межы Вендскай дзяржавы да Паўн. мора, падпарадкаваў Нордальбінгію. Загінуў у барацьбе з Генрыхам, сынам Готшалка, які дзейнічаў у саюзе з саксонцамі.

т. 8, с. 489

КРУХМА́Л,

асноўны рэзервовы вуглявод раслін. Складаецца з лінейнай амілозы (каля 25%) і разгалінаванага амілапекціну (каля 75%). Белы парашок без паху і смаку. Не раствараецца ў халоднай вадзе, у гарачай утварае калоідны раствор. У растворы ёду набывае сіні колер. Біясінтэз К. праводзіцца глюказілтрансферазамі. Утвараецца ў клетачных арганелах (хларапластах і амілапластах), адкладваецца ў выглядзе зярнят, назапашваецца ў насенні, клубнях, карэнішчах і цыбулінах. Асн. ч. найважнейшых прадуктаў харчавання (у муцэ 75—80%, у бульбе 25%). Выкарыстоўваецца ў мед., тэкст., харч. (вытв-сць віннага спірту, глюкозы, патакі) прам-сці. Асн. крыніцы атрымання К. — бульба, кукуруза, пшаніца, рыс.

т. 8, с. 489

КРУХМАЛАНО́СНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія назапашваюць у тканках крухмал і выкарыстоўваюцца для яго атрымання. Гал. К. к. — бульба, кукуруза. Вырошчваюць таксама батат, маніёк ядомы (у клубнях 20—40% крухмалу), сагавую пальму (з аднаго ствала атрымліваюць 110—160 кг крухмалу) і інш.

т. 8, с. 489

КРУХМА́ЛА-ПА́ТАЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, якая вырабляе крухмалапрадукты — крухмал, патаку, глюкозу і інш. Яе прадукцыя шырока выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці, а таксама ў тэкст., хім., фармацэўтычнай, папяровай і інш. галінах прам-сці, у ліцейнай вытв-сці. Асн. сыравіна: бульба, кукуруза, пшаніца, рыс, сорга і інш. Гал. прадукт — крухмал, з’яўляецца важнай часткай прадуктаў харчавання. Найб. развіта ў Германіі, ЗША, Польшчы, Канадзе, Расіі. На Беларусі К.-п.п. спецыялізуецца на вытв-сці сухога крухмалу і патакі, часткова вырабляе жэліруючы крухмал. Яе развіццё пачалося ў 1840-я г. на дробных прадпрыемствах. Зараз дзейнічае больш за 50 прадпрыемстваў (у сістэме Мінсельгасхарча 16 спецыялізаваных з-даў, 2 цэхі па вытв-сці бульбянога крухмалу і 2 прадпрыемствы па вытв-сці крухмальнай патакі). Найбольшыя з іх: крухмала-патачны з-д у в. Чырвоны Бераг (Жлобінскі р-н), крухмальныя з-ды ў г. Талачын, в. Гальшаны (Ашмянскі р-н), в. Сноў (Нясвіжскі р-н). У 1997 атрымана 9,3 тыс. т сухога крухмалу і 3,8 тыс. т патакі, хоць існуючыя магутнасці дазваляюць атрымліваць у год 25 тыс. т сухога крухмалу і 22,5 тыс. крухмальнай патакі. Пры базіснай крухмалістасці бульбы (15%) яе расход на вытв-сць 1 т сухога крухмалу складае 6,4—6,6 т. У залежнасці ад якасці бульбы і тэхналогіі перапрацоўкі доля выдалення крухмалу вагаецца ад 75 да 85%.

Г.С.Смалякоў.

т. 8, с. 489

КРУЦІГАЛО́ЎКІ (Jynx),

род птушак сям. дзятлавых атр. дзятлападобных. 2 віды: К. звычайная (J. torquilla), пашыраная ў Еўразіі, і К. чырвонаваллёвая (J. ruficollis) — у Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі К. звычайная трапляецца ў рэдкалессях, поймавых гаях, парках, садах, каля жылля. Нар. назвы куйка, круцігаловец, крутагаловец.

Даўж. К. звычайнай да 20 см, маса да 37 г. Апярэнне зверху светла-шэрае з папярочнымі цёмнымі палосамі. Горла, грудзі, падхвосце жаўтавата-вохрыстыя з цёмным папярочным малюнкам. Ніз белы з бурымі плямкамі. Дзюба слабая, крыху загнутая на канцы. Корміцца мурашкамі, тлямі і інш. насякомымі. Гнёзды ў дуплах дрэў і пнёў. Нясе 7—12 яец. Патрывожаная выцягвае шыю, круціць галавой (адсюль назва) і шыпіць.

Круцігалоўка звычайная.

т. 8, с. 489

КРУЦІ́ЛАВІЧЫ,

вёска ў Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр Данілавіцкага с/с і калгаса. За 19 км на У ад г. Дзятлава, 183 км ад Гродна, 6 км ад чыг. ст. Наваельня. 537 ж., 162 двары (1998). Сярэдняя школа, б-ка, аддз. сувязі.

т. 8, с. 489

КРУЦІ́ЛІН (Сяргей Андрэевіч) (2.10.1921, с. Дзелехава Скапінскага р-на Разанскай вобл., Расія — 28.2.1985),

расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1947). Друкуецца з 1947. Аўтар аповесцей «Крыніцы» (1953), «Косы дождж» (1969), «За ўзгоркам» (1971), апавяданняў (зб. «За паваротам», 1961), раманаў «Ліпягі» (кн. 1—3, 1963—65; Дзярж. прэмія РСФСР 1967), «Грахі нашы цяжкія», «Паводка» (абодва 1982) і інш. аб жыцці вёскі, у якіх знешне спакойная манера апавядання спалучаецца з канфліктнасцю і драматызмам. Раман «Апраксін бор» (кн. 1—3, 1968—76) пра падзеі Вял. Айч. вайны. Пісаў нарысы (цыкл «Горад на Вятцы-рацэ», 1959).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1984.

т. 8, с. 489

КРУЦІ́ЛІНА (Ніна Іванаўна) (н. 30.7.1941, г.п. Павелец Скапінскага р-на Разанскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне анкалогіі і прамянёвай тэрапіі. Д-р мед. н., праф. (1994). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1967). З 1978 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1992 заг. кафедры). Навук. працы па прамянёвай тэрапіі анкалагічных хворых, спосабах прафілактыкі і карэкцыі парушэнняў гемапаэза. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

т. 8, с. 489

КРУЦІ́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

машына для вырабу кручаных ніцей (у т. л. пражы), нітак, корду, шпагату і інш. Асн. рабочы орган — верацяно, з дапамогай якога скручваюцца ніці. Перад работай на К. м. ніці перамотваюць на матальнай машыне (для павелічэння аб’ёму пакоўкі) і трасцяць. Выкарыстоўваецца ў тэкст. вытв-сці.

т. 8, с. 490

КРУЦІ́ЛЬНЫЯ ВАГА́ННІ,

механічныя ваганні, пры якіх пругкія элементы канструкцый зведваюць дэфармацыю кручэння. Напр., гарманічны рух круцільнага маятніка. Выяўляюцца таксама ў машынах з пераменнай нагрузкай на вярчальны вал, напр., поршневых рухавіках, турбінах, генератарах, сілавых перадачах трансп. машын.

К. в. круцільнага маятніка выкарыстоўваюцца ў розных фіз. прыладах, напр., для вызначэння модуля пругкасці пры зруху, каэфіцыентаў унутр. трэння. У канструкцыях механізмаў і машын К. в. звычайна адмоўная з’ява — пры супадзенні частаты ваганняў, што ўзнікаюць, з адной з частот, напр., сілавой перадачы, выяўляюцца рэзанансныя К. в. (гл. Рэзананс), якія вядуць да разбурэння машыны. Гл. таксама Флатэр.

т. 8, с. 490