КРУЦІГАЛО́ЎКІ (Jynx),

род птушак сям. дзятлавых атр. дзятлападобных. 2 віды: К. звычайная (J. torquilla), пашыраная ў Еўразіі, і К. чырвонаваллёвая (J. ruficollis) — у Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі К. звычайная трапляецца ў рэдкалессях, поймавых гаях, парках, садах, каля жылля. Нар. назвы куйка, круцігаловец, крутагаловец.

Даўж. К. звычайнай да 20 см, маса да 37 г. Апярэнне зверху светла-шэрае з папярочнымі цёмнымі палосамі. Горла, грудзі, падхвосце жаўтавата-вохрыстыя з цёмным папярочным малюнкам. Ніз белы з бурымі плямкамі. Дзюба слабая, крыху загнутая на канцы. Корміцца мурашкамі, тлямі і інш. насякомымі. Гнёзды ў дуплах дрэў і пнёў. Нясе 7—12 яец. Патрывожаная выцягвае шыю, круціць галавой (адсюль назва) і шыпіць.

Круцігалоўка звычайная.

т. 8, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)