Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА (АБ’ЯДНА́ННЕ),

адно са структурных падраздзяленняў нар.-гасп. комплексу ў Рэспубліцы Беларусь і некат. інш. краінах. З’яўляецца адносна адасобленым прадпрыемствам; сваю дзейнасць ажыццяўляе на аснове поўнага гасп. разліку, самакіравання і самафінансавання; мае статус юрыд. асобы і распараджаецца сваёй мат.-тэхн. базай. Гл. таксама Прадпрыемства.

т. 6, с. 144

ДЗЯРЖА́ЎНАЕ РЭГУЛЯВА́ННЕ,

форма ўздзеяння дзяржавы на функцыянаванне эканам. сістэмы, галін нар. гаспадаркі з мэтай падтрымання сваёй палітыкі, змянення ў пэўным кірунку эканам. працэсаў, з’яў або сувязей паміж імі. Выкарыстоўваецца для ўздзеяння на рыначную кан’юнктуру, працэс рыначнага цэнаўтварэння. Дз.р. цэн можа ажыццяўляцца прамым (лімітаванне цэн ці іх субсідзіраванне са сродкаў дзярж. бюджэту) і ўскосным (дыферэнцыраваная падатковая і крэдытная палітыка, фінансаванне н.-д. работ, дзяржзаказы прыватным кампаніям і інш.) метадамі.

т. 6, с. 144

ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ХАРЭАГРАФІ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

назва ў 1992—96 Дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 144

ДЗЯРЖА́ЎНАСЦЬ,

1) асаблівая прыкмета гіст. развіцця краін (нацый, саюзаў плямён і інш. утварэнняў), якія змаглі стварыць уласную дзяржаву. Існуе шэраг сімвалічных прыкмет аўтаномнай Дз. — выкарыстанне афіц. дзярж. мовы, дзярж. сімволікі (герб, гімн, сцяг), наяўнасць пэўнай сістэмы органаў улады (дзярж. апарату), формы праўлення (манархія, парламенцкая рэспубліка, прэзідэнцкая рэспубліка), формы тэр. ўладкавання (унітарная дзяржава, федэрацыя, канфедэрацыя), формы паліт. рэжыму (дэмакр., аўтарытарны, ваенны, грамадзянскі, тэакратычны і інш.). Нац. Дз. выражае рэальную здольнасць увасабляць і абараняць суверэнітэт нацыі або іншага этнасу, выкарыстоўваць паліт. ўладу для ўмацавання дэмакратыі і росту дабрабыту народа, развіцця яго культуры і мовы, абароны правоў і свабод чалавека, законных інтарэсаў прадстаўнікоў нац. меншасцей і ўсіх жыхароў дадзенага нац.-тэр. ўтварэння. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, зыходзячы з неад’емнага права народа на самавызначэнне і абапіраючыся на шматлікую гісторыю развіцця бел. дзяржаўнасці, замацоўвае статус краіны як унітарнай дэмакр. сац. прававой дзяржавы, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самаст. ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку, абараняе сваю незалежнасць і тэр. цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак (гл. таксама Дзяржава).

2) Уласцівасць улады, яе палітыкі, якая выражае іх сілу, незалежнасць, магутнасць і здольнасць аказваць уплыў на развіццё падзей у свеце. Вызначаецца паліт., эканам. і духоўна-ідэалаг. аўтарытэтам краіны ў свеце або рэгіёне, яе маштабам і колькасцю насельніцтва, характарам і ўздзеяннем яе палітыкі і інш. фактарамі. Абсалютызацыя гэтых прынцыпаў і ўяўленні аб выключнасці і асаблівай ролі сваёй краіны, нацыі на практыцы прыводзяць да вялікадзяржаўнасці, ігнаравання волі і інтарэсаў іншых краін і народаў, знешняй экспансіі (гл. Нацыяналізм, Шавінізм).

С.Ф.Дубянецкі.

т. 6, с. 144

ДЗЯРЖА́ЎНАЯ АКАДЭМІ́ЧНАЯ СІМФАНІ́ЧНАЯ КАПЭ́ЛА РАСІ́І.

Створана ў 1991 у Маскве ў выніку зліцця Дзярж. камернага хору СССР (існаваў з 1971) і Дзярж. сімфанічнага аркестра Мін-ва культуры СССР (існаваў з 1957). Маст. кіраўнік і гал. дырыжор капэлы В.Палянскі. Капэла ўяўляе сабой арган. адзінства двух муз. арганізмаў, якія захоўваюць пэўную творчую самастойнасць (маюць уласныя канцэртныя праграмы, гастрольныя планы, здзяйсняюць запісы). Дзякуючы асаблівай сінт. структуры калектыў мае магчымасць выконваць узоры класічнай музыкі — месы і араторыі, рэквіемы і кантаты, прызначаныя для выканання салістамі, хорам і аркестрам, у т.л. «Глорыя» А.Вівальдзі, «Месія» Г.Ф.Гендэля, месы В.А.Моцарта і Ф.Шуберта, рэквіемы Л.Керубіні, Дж.Вердзі, Моцарта, І.Брамса, А.Брукнера, «Званы» С.Рахманінава, «Вяселейка» І.Стравінскага, многія оперы ў канцэртным выкананні. Капэла — першы выканаўца многіх твораў А.Шнітке, М.Сідзельнікава, С.Губайдулінай і інш. Выступленням капэлы ўласцівыя глыбіня інтэрпрэтатарскіх канцэпцый, высокая ансамблевая культура, бездакорнае пачуццё стылю, каларыстычнае багацце гукавой палітры. Аркестр быў створаны як оперна-сімф. аркестр Усесаюзнага радыё і тэлебачання (арганізатар і першы маст. кіраўнік С.Самасуд), з 1981 яго ўзначальваў Г.Раждзественскі, пад кіраўніцтвам якога калектыў на высокім узроўні выканаў у канцэртах і запісаў на радыё ўсе сімфоніі Брукнера, Дз.Шастаковіча, А.Анегера, Шнітке і інш. Хор (арганізатар і кіраўнік Палянскі) набыў найб. вядомасць пасля ўдзелу ў Міжнар. конкурсе поліфанічных хароў «Гвіда д’Арэца» ў Італіі, дзе стаў лаўрэатам. Яго рэпертуар вялікі і разнастайны, выкананне адметнае высокай вакальна-харавой тэхнікай, прыгожым роўным гучаннем, крышталёвай яснасцю і дакладнасцю інтанавання.

т. 6, с. 144

ДЗЯРЖА́ЎНАЯ АКАДЭМІ́ЧНАЯ ХАРАВА́Я КАПЭ́ЛА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ імя Р.Р.Шырмы.

Створана ў 1940 у Беластоку як Бел. ансамбль песні і танца. Заснавальнік і кіраўнік да 1970 Р.Шырма, танц. групай кіраваў І.Хвораст. Ў 1950 ансамбль рэарганізаваны ў Дзярж. хор БССР (з 1944 у Гродне, з 1952 у Мінску), з 1955 Дзярж. хар. капэла БССР, з 1957 акадэмічная, імя Шырмы з 1978. З 1988 у складзе Бел. філармоніі. Маст. кіраўнік і гал. дырыжор Л.Яфімава (з 1987). У рэпертуары капэлы апрацоўкі бел. нар. песень, творы бел. кампазітараў, у т.л. М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, А.Бандарэнкі, Г.Вагнера, Я.Глебава, У.Дарохіна, Э.Казачкова, В.Казлоўскага, І.Кузняцова, М.Куліковіча-Шчаглова, А.Літвіноўскага, І.Лучанка, С.Манюшкі, А.Мдывані, Я.Паплаўскага, Ю.Семянякі, Дз.Смольскага, Л.Шлег і інш., хар. і вак.-сімф. свецкая і царк. музыка рус. і замежных класікаў і сучасных кампазітараў: рэквіемы Дж.Вердзі, В.А.Моцарта, Р.Шумана, Л.Керубіні, А.Брукнера, І.Брамса, Дз.Кабалеўскага, месы І.С.Баха, Брукнера, Моцарта, І.Гайдна, араторыі Дз.Шастаковіча, П.Чайкоўскага, С.Пракоф’ева, хар. канцэрты С.Танеева, П.Часнакова, Дз.Бартнянскага, А.Архангельскага, С.Рахманінава і інш. Капэла выступала з вядомымі сімф. аркестрамі Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Германіі пад кіраўніцтвам Ю.Яфімава, М.Янсанса, Л.Крэмера, Р.Зеехафера, Ч.Грабоўскага, В.Катаева, В.Дуброўскага, П.Д.Панэла, С.Сандэцкіса, Ю.Домаркаса, Ю.Цырука, А.Янчанкі і інш. У розны час капэлай кіравалі У.Раговіч, А.Шунтаў; працавалі спевакі М.Тэадаровіч, Л.Царанкова, М.Шуманскі, В.Юневіч і інш. Калектыў — лаўрэат Міжнар. фестывалю царк. музыкі ў г. Гайнаўка (Польшча, 1993).

Літ.:

Смольский Б.С. Государственная академическая хоровая капелла БССР. Мн., 1959;

Пуроўскі К. Песні вольных людзей. Мн., 1961.

Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 145

ДЗЯРЖА́ЎНАЯ ДУ́МА,

1) прадстаўнічая заканад. ўстанова ў Расіі ў 1906—17. Створана паводле Маніфеста 17 кастрычніка 1905 ва ўмовах рэвалюцыі 1905—07 пасля таго, як большасць рас. насельніцтва байкатавала выбары ў «Булыгінскую думу». Складалася з дэпутатаў, якія выбіраліся шматступеньчата па 4 нераўнапраўных курыях (ад землеўладальнікаў, гар. насельніцтва, сялян і рабочых) на 5 гадоў. Разглядала законапраекты, якія потым абмяркоўваліся ў Дзяржаўным савеце і зацвярджаліся царом. 1-я (10.5—21.7.1906, адна сесія; старшыня С.А.Мурамцаў) і 2-я (5.3—15.6.1907, адна сесія; старшыня Ф.А.Галавін). Дз.д. распушчаны царом. Пасля змены выбарчага закона Мікалаем II (чэрв. 1907) у 3-й (14.11.1907—22.6.1912, пяць сесій; старшыня М.А.Хамякоў, з 1910 А.І.Гучкоў, з 1911 М.У.Радзянка) і 4-й (28.11.1912—19.10.1917, пяць сесій; старшыня Радзянка) Дз.д. крыху павялічыўся ўплыў правых манархічных партый (гл. Чарнасоценцы). У 1-ю сусв. вайну сесіі думы склікаліся нерэгулярна, узнік «Прагрэсіўны блок», а ў ходзе Лют. рэвалюцыі 1917 — Часовы к-т Дз.д., які сфарміраваў Часовы ўрад. Распушчана Часовым урадам 19.10.1917 у сувязі з пач. выбараў ва Устаноўчы сход. Канчаткова скасавана пасля Кастр. рэвалюцыі 1917. У гады дзейнасці думы дэпутаты ад бел. губерняў (сярод іх памешчык Р.А.Скірмунт, гісторык А.П.Сапуноў) у залежнасці ад іх паліт. поглядаў выступалі за культ.-нац. аўтаномію Беларусі (у т.л. ўвядзенне ў школах навучання на бел. мове) або супраць яе і інш. 2) Ніжняя палата Федэральнага сходу (парламента) Рас. Федэрацыі, утвораная паводле канстытуцыі 1993. Яе дэпутаты выбіраюцца на 4 гады (палова па спісах паліт. партый і грамадскіх рухаў, другая палова па аднамандатных акругах паводле мажарытарнай сістэмы), працуюць на прафес. пастаяннай аснове.

Кр.: Калинычев Ф.И. Государственная дума в России: Сб. док. и материалов. М., 1957.

Літ.:

Леонтович В.В. История либерализма в России, 1762—1914: Пер. с нем. [2 изд.]. М., 1995. С. 491—542;

Запруднік Я. Справа аўтаноміі Беларусі ў першай думе і «Наша ніва» // 3 гісторыяй на «Вы». Мн., 1994. Вып. 3;

Забаўскі М.М. Палітычная барацьба ў Беларусі ў перыяд выбараў у III Дзяржаўную думу // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1987. № 5.

т. 6, с. 145

ДЗЯРЖА́ЎНАЯ МО́ВА,

нацыянальная ці афіцыйная мова, статус якой замацаваны ў спецыяльных юрыдычных актах (канстытуцыі, законе аб мовах і інш.). У адпаведнасці з заканадаўствам Дз.м. абслугоўвае ўсе або абсалютную большасць разгалінаванняў афіц. сферы грамадскіх зносін. Сусв. практыка сведчыць, што статус Дз.м. пераважна надаецца нацыянальнай мове. Афіцыйная мова не абавязкова набывае статус дзяржаўнай, але Дз.м. не можа не прайсці этапу афіц. ўжывання.

У ВКЛ Дз.м. была старабел. мова, што было замацавана ў Статутах ВКЛ 1566 і 1588 і захоўвалася да 1696, калі рашэннем канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай афіц. мовай была абвешчана польская. У крас. 1918 Рада БНР вярнула бел. мове статус дзяржаўнай Такім жа статусам, але ўжо разам з літ.. польск., рус. і яўр. карысталася бел. мова ў перыяд існавання Бел.-Літ. ССР (лют.жн. 1919). З 1924 у БССР у адпаведнасці з аб’яўленай палітыкай беларусізацыі Дз.м. аб’яўляліся бел., рус., польск. і яўр. мовы. У адпаведнасці з Законам «Аб мовах у Беларускай ССР», прынятым Вярх. Саветам Беларусі 26.1.1990, і Дэкларацыяй аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь (27.7.1990) у 1994 дзярж. статус бел. мовы быў замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Згодна з унесенымі ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь змяненнямі, паводле вынікаў лістападаўскага (1996) рэферэндуму Дз.м. акрамя беларускай прызнана і руская мова.

Л.М.Лыч.

т. 6, с. 145

ДЗЯРЖА́ЎНАЯ РАЁННАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ

(ДРЭС),

цеплавая кандэнсацыйная электрастанцыя, якая выпрацоўвае толькі электрычную энергію. Першая ў свеце раённая электрастанцыя на мясц. паліве (торфе) магутнасцю 15 Мвт пабудавана ў 1912—14 пад Масквой па ініцыятыве рус. інжынера Р.Э.Класона. Планам ГОЭЛРО (1920) прадугледжвалася збудаванне некалькіх цеплавых электрастанцый, з іх найб. вядомая Шатурская ДРЭС, у Беларусі — Асінаўская ДРЭС (гл. Беларуская ДРЭС). Паступова тэрмін ДРЭС амаль страціў свой першапачатковы сэнс («раённая») і ў сучасным разуменні азначае кандэнсацыйную электрастанцыю даволі вял. магутнасці, якая працуе ў аб’яднанай энергасістэме побач з інш. буйнымі электрастанцыямі. Першай і адной з самых буйных цеплавых электрастанцый блочнага тыпу ў Беларусі з’яўляецца Бярозаўская ДРЭС (920 тыс. кВт). У Беларускай энергетычнай сістэме працуюць таксама Лукомская ДРЭС (найбольшая з такога тыпу электрастанцый; 2400 тыс. кВт), б. Васілевіцкая ДРЭС (гл. Светлагорская ЦЭЦ).

т. 6, с. 146

ДЗЯРЖА́ЎНАЯ СЛУ́ЖБА,

від працоўнай дзейнасці. якая ажыццяўляецца грамадзянамі на прафес. аснове ў дзяржаўным апараце. У Рэспубліцы Беларусь праходжанне Дз.с. рэгламентуецца Канстытуцыяй, Законам «Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце» ад 23.11.1993, інш. нарматыўнымі актамі. Права на Дз.с. маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь незалежна ад сац. і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, полу, адносін да рэлігіі, паліт. поглядаў. Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства могуць прыцягвацца для работы ў дзярж. апараце як кансультанты ці эксперты. Да дзяржслужачых адносяцца асобы, якія займаюць у прадугледжаным заканадаўствам парадку пасады ў дзярж. апараце, надзелены адпаведнымі паўнамоцтвамі і атрымліваюць за сваю працу заработную плату. Асн. правы і абавязкі дзярж. служачых, правілы іх паводзін, парадак праходжання і спынення Дз.с. рэгулююцца заканадаўствам. Пры пэўных абставінах дзярж. служачыя маюць права на адстаўку.

С.У.Скаруліс.

т. 6, с. 146