Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРО́ЗАЎ, Грозава,

вёска ў Капыльскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на У ад Капыля, 102 км ад Мінска, 26 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 481 ж., 197 двароў (1997).

Вядома з 1-й пал. 16 ст., вёска Навагрудскага пав. ВКЛ, уласнасць Алелькавічаў, потым Валодкавічаў [заклалі пры двары 2 царквы, мужчынскі манастыр (існаваў да 1810)], Радзівілаў, Незабытоўскіх. У 18 ст. мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі ў Слуцкім пав. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці, належала Межаеўскім, Вітгенштэйнам, Гогенлоэ. У 1886 — 156 ж., 19 двароў, 3 школы, 3 царквы, 3 заезныя дамы, 11 крам; у пач. 20 ст. — 1032 ж., 177 двароў. У 1924—31 цэнтр Грэскага раёна, з 1931 у Капыльскім, з 1935 у Грэскім р-нах, з 1938 вёска. З 1956 у Капыльскім р-не. У 1971 — 587 ж., 189 двароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (2-я пал. 18 ст.).

т. 5, с. 447

ГРО́ЗНЕНСКАЯ ПАРО́ДА авечак, танкарунная, воўнавага кірунку. Выведзена ў 1938—51 ў Дагестане скрыжаваннем мясц. мерыносаў з аўстралійскімі. Прыстасавана да ўмоў засушлівых стэпаў. Сярод танкарунных парод вызначаецца высокім выхадам валакна воўны на 1 кг жывой масы (45—55%). Бараноў выкарыстоўваюць пры вывядзенні інш. танкарунных парод. Гадуюць у раёнах Калмыкіі, Астраханскай вобл.

Жывёлы моцнай канстытуцыі. Скура тонкая, шчыльная, утварае папярочныя складкі на шыі і дробныя ўздоўж тулава; у бараноў складкаватасць больш выразная. Руно шчыльна самкнутае. У бараноў крута выгнутыя рогі, авечкі звычайна бязрогія. Воўна белая, доўгая (8—10 да 13 см), густая, мяккая, пруткая, з шаўкавістым бляскам, 64—70 якасці. Пазнаспелыя. Жывая маса бараноў 70—90 кг, матак 45—50 кг.

т. 5, с. 447

ГРО́ЗНЫ,

горад, сталіца Чэчэнскай Рэспублікі (Ічкерыя), на р. Сунжа. 186 тыс. ж. (1996). Чыг. вузел. Аэрапорт. Нафтаперапр., нафтахім., хім., харч. прам-сць, машынабудаванне (нафтавае абсталяванне і інш.) і металаапрацоўка. Моцна пацярпеў у час ваен. дзеянняў у 1994—96.

Засн. ў 1818 пры буд-ве Сунжэнскай абарончай лініі як рус. крэпасць Грозная. У 1869 крэпасць перайменавана ў горад Грозны. У 1893 праз яго прайшла чыг. Беслан—Пятроўск-Порт (сучасная Махачкала). З пач. 20 ст. буйны прамысл. цэнтр Паўн. Каўказа. З 1934 сталіца Чэчэна-Інгушскай аўт. вобл., у 1936—91 аднайменнай АССР (у 1944—57 цэнтр Грозненскай вобл.), з 1.11.1991 сталіца Чэчэнскай рэспублікі (Ічкерыя) у складзе Рас. Федэрацыі.

т. 5, с. 447

ГРО́ЗНЫ (Hrozný) Бедржых

(6.5.1879, г. Ліса-на-Лабе, Чэхія — 12.12.1952),

чэшскі ўсходазнавец, адзін з заснавальнікаў хеталогіі. Акад. Чэхаславацкай АН (1952). Праф. Венскага (1905) і Пражскага (1919) ун-таў. З 1897 вывучаў тэалогію, семіталогію і санскрыт у Венскім ун-це. У 1924—25 удзельнічаў у раскопках стараж. паселішча Кюльтэпэ. З 1929 гал. рэдактар час. «Archiv orientálni» («Усходні архіў»). З 1938 дырэктар Ін-та ўсходазнаўства ў Празе. Упершыню распрацаваў прынцыпы інтэрпрэтацыі хецкіх клінапісных тэкстаў (1915). У працы «Мова хетаў, іх лад і іх прыналежнасць да індагерманскага моўнага племені» (ч. 1—2, 1916—17) падрабязна выклаў канцэпцыю індаеўрап. характару хецкай мовы. Зрабіў першы поўны пераклад стараж. помніка клінапіснай хецкай мовы — надпісаў цара Анітаса. Аўтар прац «Хецкія клінапісныя тэксты з Багазкёя» (1919), «Хецкія клінапісныя тэксты, спроба дэшыфроўкі» (т. 1—3, 1933—37), «Старажытная гісторыя Пярэдняй Азіі, Індыі і Крыта» (4 выд., 1949), і інш.

т. 5, с. 447

ГРОМ,

гукавая з’ява ў атмасферы, якая суправаджае разрад маланкі. Выклікаецца ваганнямі паветра ў выніку хуткага награвання і расшырэння ўздоўж маланкі (узрыўная хваля). Звычайна чутны на адлегласці не больш як 15—20 км. Раскаты грому тлумачацца тым, што маланка мае вял. даўжыню і гук ад розных яе ўчасткаў даходзіць да назіральніка неадначасова, а таксама адбіццём гуку ад воблакаў.

т. 5, с. 447

ГРОМ Уладзімір Мікалаевіч

(н. 20.12.1951, в. Сямурадцы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. дзеяч самадзейнага мастацтва. Засл. работнік культ. Беларусі (1986). Скончыў Гомельскае муз. вучылішча (1971), Мінскі ін-т культуры (1986). З 1982 арганізатар і маст. кіраўнік фалькл. ансамбля «Крупіцкія музыкі». Збірае для патрэб калектыву бел. нар. муз. інструменты (валодае ігрой на гармоніку, дудцы, жалейцы, дудзе, акарыне і інш.), робіць фаназапісы ўзораў фалькл. песеннай і інстр. творчасці, аранжыроўкі найгрышаў, папаўняе рэпертуар творамі кампазітараў 18—19 ст. (М.К.Агінскі, М.Ельскі, В.Казлоўскі, А.Абрамовіч і інш.). Прэмія 1996 у галіне нар. творчасці.

І.Дз.Назіна.

т. 5, с. 447

ГРОМААДВО́Д,

недакладная назва маланкаадвода.

т. 5, с. 447

ГРО́МАК Валерый Іванавіч

(н. 9.4.1950, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1993), праф. (1994). Скончыў БДУ (1972), дзе і працуе. Навук. працы па даследаванні аналітычных уласцівасцей рашэнняў дыферэнцыяльных ураўненняў (нелінейных звычайных і ў частковых вытворных). Пабудаваў аналітычную тэорыю ўраўненняў Пенлеве.

Тв.:

Аналитические свойства решений уравнений Пенлеве. Мн., 1990 (разам з М.А.Лукашэвічам).

т. 5, с. 447

ГРО́МАЎ Міхаіл Міхайлавіч

(24.2.1899, г. Цвер, Расія — 22.1.1985),

савецкі ваен. дзеяч. Герой Сав. Саюза (1934), ген.-палк. авіяцыі (1944), засл. лётчык СССР, праф. (1937). На ваен. службе з 1918. Скончыў школу лётчыкаў (1918). Удзельнік грамадз. вайны. У 1934 устанавіў сусв. рэкорд далёкасці палёту (больш за 12 тыс. км), у 1937 разам з А.Б.Юмашавым і С.А.Даніліным здзейсніў беспасадачны пералёт Масква—Паўн. полюс—ЗША. У Вял. Айч. вайну са снеж. 1941: камандзір авіядывізіі, потым каманд. ВПС Калінінскага фронту, 3-й і 1-й паветр. арміямі (удзельнічалі ў Беларускай аперацыі 1944). У пасляваен. час на камандных пасадах у ВПС, у Мін-ве авіяц. прам-сці (1949—55).

т. 5, с. 447

Громаў Ігар Мікалаевіч

т. 18, кн. 1, с. 374