ГРО́ЗНЫ
(Hrozný) Бедржых (6.5.1879, г. Ліса-на-Лабе, Чэхія — 12.12.1952),
чэшскі ўсходазнавец, адзін з заснавальнікаў хеталогіі. Акад. Чэхаславацкай АН (1952). Праф. Венскага (1905) і Пражскага (1919) ун-таў. З 1897 вывучаў тэалогію, семіталогію і санскрыт у Венскім ун-це. У 1924—25 удзельнічаў у раскопках стараж. паселішча Кюльтэпэ. З 1929 гал. рэдактар час. «Archiv orientálni» («Усходні архіў»). З 1938 дырэктар Ін-та ўсходазнаўства ў Празе. Упершыню распрацаваў прынцыпы інтэрпрэтацыі хецкіх клінапісных тэкстаў (1915). У працы «Мова хетаў, іх лад і іх прыналежнасць да індагерманскага моўнага племені» (ч. 1—2, 1916—17) падрабязна выклаў канцэпцыю індаеўрап. характару хецкай мовы. Зрабіў першы поўны пераклад стараж. помніка клінапіснай хецкай мовы — надпісаў цара Анітаса. Аўтар прац «Хецкія клінапісныя тэксты з Багазкёя» (1919), «Хецкія клінапісныя тэксты, спроба дэшыфроўкі» (т. 1—3, 1933—37), «Старажытная гісторыя Пярэдняй Азіі, Індыі і Крыта» (4 выд., 1949), і інш.
т. 5, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)