літоўскі княжацкі род, прадстаўнікі якога Ванібут, Бутавіт, Віжэік, Вішлій, Кіценій, Плікасова ўдзельнічалі ў падпісанні з Уладзіміра-Валынскім княствам дагавора 1219, скіраванага супраць Польшчы. У сярэдзіне 1250-х г.кн. Сірвід Р. удзельнічаў у сумесным з рус. князямі паходзе супраць мангола-татар на Украіну. На думку рас. гісторыка І.Бяляева, Р. разам з Булевічамі валодалі тэр. ад Віліі да Нёмана і Свіслачы (заходняй), на У — да Бярэзіны (дняпроўскай). Літ. гісторык Э.Гудавічус лічыць, што Р. валодалі зямлёй Упіта. На думку М.Ермаловіча, іх уладанні ляжалі па суседстве з Пінскім княствам.
РУ́ШЧЫЦ (Фердынанд) (10.12.1870, б. маёнтак Багданава, Валожынскі р-н Мінскай вобл. — 30.10.1936),
жывапісец, графік, тэатр. мастак і педагог. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі, Польшчы, Літвы. Вучыўся ў К.Ермалаева ў Мінску, скончыў Пецярбургскую АМ (1897). Праф. Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве (1904—07), Кракаўскай АМ (1907—08), аддзялення прыгожых мастацтваў Віленскага ун-та (1919—32). У творчасці наследаваў традыцыі бел., рус., польскага, франц. мастацтва, у некат. творах адметны ўплыў мадэрну. Сац. матывы гучаць у творах «Каля касцёла» (1899), «У свет» (1901), «Эмігранты» (1902), эпічнасць і сімволіка — у творы «Зямля» (1898). Лірычнасцю і эмацыянальнай выразнасцю вызначаюцца пейзажы «Вясна» (1897, 1907), «Млын зімою» (1897), «Млын ноччу» (1898), «Млын» (1899), «Пустка (Асенні вецер)», «Восень» (абодва 1901), «Зімовая казка» (1904), «Лясны ручай», «Берагі Вілейкі». Рэаліст. паказам роднай прыроды вылучаюцца карціны «Мінск зімою» (1895), «Крэва» (1899), «Мост зімою» (1901), «Былое» (1903), «Багданава» (1905), «Зіма», «Бледнае сонца» і інш. Творам уласцівы лаканізм і прастата кампазіцыі, выдатныя каларыстычныя якасці. Працаваў таксама ў графіцы: выконваў ілюстрацыі да перыяд. выданняў Вільні, Варшавы, Кракава; аўтар станковых работ «Залаты пакой» (1913), «Сям’я», «Аўтапартрэт», «Дрэвы над вадой» і інш. Аформіў шэраг спектакляў у т-ры Н.Младзяёўскай-Шчуркевіч у Вільні: «Ліля Венеда» (1909), «Князь Нязломны» (1910) і «Балядына» (1914) Ю.Славацкага, «Вяселле» (1910), «Варшавянка» (1914) і «Лістападаўская ноч» (1930) С.Выспянскага.