РУ́ШКАВІЧЫ,

літоўскі княжацкі род, прадстаўнікі якога Ванібут, Бутавіт, Віжэік, Вішлій, Кіценій, Плікасова ўдзельнічалі ў падпісанні з Уладзіміра-Валынскім княствам дагавора 1219, скіраванага супраць Польшчы. У сярэдзіне 1250-х г. кн. Сірвід Р. удзельнічаў у сумесным з рус. князямі паходзе супраць мангола-татар на Украіну. На думку рас. гісторыка І.​Бяляева, Р. разам з Булевічамі валодалі тэр. ад Віліі да Нёмана і Свіслачы (заходняй), на У — да Бярэзіны (дняпроўскай). Літ. гісторык Э.​Гудавічус лічыць, што Р. валодалі зямлёй Упіта. На думку М.​Ермаловіча, іх уладанні ляжалі па суседстве з Пінскім княствам.

т. 13, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)