Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРАТАКО́Л (ад грэч. prōtokollon першы аркуш),

1) дакумент, складзены паводле пэўнай формы, які змяшчае запіс выступленняў удзельнікаў сходу, нарады, пасяджэння і прынятыя імі рашэнні.

2) Працэсуальны дакумент, у якім у пісьмовай форме фіксуюцца ход і вынікі працэсуальных дзеянняў, што ажыццяўляюцца следчым, асобай, якая вядзе дазнанне пры расследаванні крымін. спраў, і судом пры разборы крымін. і цывільных спраў, а таксама арбітражным або гасп. судом пры разборы спраў, аднесеных да іх кампетэнцыі.

3) Акт, складзены службовай асобай, які ўтрымлівае апісанне выкананых ёю дзеянняў і ўстаноўленых фактаў.

4) Рашэнне міжнар. канферэнцыі, якое мае сілу міжнар. дагавора.

5) Дыпламат. П. — сукупнасць правілаў, якія рэгулююць парадак выканання розных дыпламат. актаў.

т. 13, с. 23

ПРАТАКТЫ́НІЙ (лац. Protactinium),

Pa, радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 91, ат. м. 231,0359, адносіцца да актыноідаў. Вядома 20 ізатопаў з масавымі лікамі 216—218, 222—238; найб. устойлівы ​231Pa (перыяд паўраспаду 3,28∙10​4 гадоў) уваходзіць у радыеактыўны рад урану. У зямной кары 10​−10% па масе. Адкрыты ў 1917 О.Ганам і Л.Майтнер і незалежна ад іх — Ф.Содзі і Дж.​Кранстанам. Назва ад грэч. prōton — першы і актыній (пры α-распадзе ​231Pa утвараецца актыній-227).

Светла-шэры метал, tпл1572 °C, шчыльн. 15370 кг/м³. Вылучаюць з прыроднай сыравіны (ва уранавых рудах на 1 частку урану прыпадае ⁓3∙10​−7 частак П.). Выкарыстоўваюць ​231Pa як зыходны нуклід для атрымання урану-232, ​233Pa (γ-выпрамяняльнік) у навук. доследах.

т. 13, с. 23

ПРАТА́ЛІЙ,

тое, што зарастак.

т. 13, с. 23

ПРАТАЛІ́НІ ((Pratolini) Васка) (19.10.1913, г. Фларэнцыя, Італія — 12.1.1991),

італьянскі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік неарэалізму ў італьян. л-ры. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік руху Супраціўлення. Друкаваўся з 1938. У рамане-хроніцы «Аповесць пра бедных закаханых» (1947), аўтабіягр. цыкле «Вуліца Магадзіні» (1941), «Квартал» (1945), «Сямейная хроніка» (1947), трылогіі «Італьянская гісторыя» (1955—66) духоўнае станаўленне «героя з народа». Аўтар зб-каў паэзіі «Горад майго трыццацігоддзя» (1967), «Каляндар 67 года» (1978), «Некалькі лістоў да Наташы» (1985). Яго творы адметныя спалучэннем лірычнага дакументалізму з маст. вымыслам.

Тв.:

Рус. пер. — Повесть о бедных влюбленных. М., 1956;

Виа де Магадзини;

Семейная хроника. М., 1958;

Метелло. М., 1958;

Квартал. М., 1963;

Постоянство разума. М., 1966.

Літ.:

Потапова З.М. Неореализм в итальянской литературе. М., 1961.

т. 13, с. 23

ПРАТАМІ́НЫ,

нізкамалекулярныя бялкі, якія вылучаюць са спермы рыб і птушак. Маюць у сабе астаткі шчолачных амінакіслот, напр., аргініну да 70—80%. Лёгка ўтвараюць солі з рознымі к-тамі; хларыды, нітраты і сульфаты П. растваральныя ў вадзе. Больш вывучаны ў сперме рыб, дзе складаюць фракцыю асн. бялку. Напр., П. са спермы селядца наз. клупеінам, ласося — сальмінам, карпа — цыпрынінам. Комплекс П. з інсулінам выкарыстоўваецца ў медыцыне.

т. 13, с. 23

ПРАТАНЕ́МА (ад прата... + грэч. nēma нітка),

прадростак, мікраскапічнае ніткаватае або пласціністае ўтварэнне ў водарасцей і мохападобных. Утвараецца са споры або ў выніку рэгенерацыі клетак гаметафіту ці спарафіту. Дае пачатак аднаму або некалькім макраскапічным слаявінам.

т. 13, с. 23

ПРАТАПЛА́ЗМА (ад прата... + плазма),

змесціва жывой клеткі — яе цытаплазма і ядро. З’яўляецца мнагафазным калоідам, дзе дысперснае асяроддзе — вада, а асн. дысперсная фаза — бялкі і ліпіды. У жывёл, раслін, мікробных клетак і аднаклетачных арганізмаў фіз. ўласцівасці, хім. састаў, структурна-марфал. асаблівасці П. маюць шмат агульнага, што служыць адным з доказаў адзінства жывой прыроды. Часам тэрмінам «П.» няправільна наз. пазаядзерную ч. клеткі — цытаплазму.

т. 13, с. 23

ПРАТАПЛА́СТ (ад прата + грэч. plastos вылеплены, утвораны),

у раслін — поўнасцю пазбаўленая клетачнай сценкі клетка, якая мае клетачную мембрану, што абмяжоўвае цытаплазму, ядро і інш. арганоіды. У клетачнай інжынерыі П. атрымліваюць штучна для кланіравання і рэгенерацыі з іх цэлых раслін (зліццё П., якія належаць розным відам). У мікраарганізм а ў П. ўтвараюцца ў выніку мутацый, аўталітычных працэсаў, уздзеяння некат. антыбіётыкаў і інш. агентаў. У форме П. існуюць мікаплазмы і L-формы бактэрый.

т. 13, с. 23

ПРАТАПО́ПАЎ (Алег Георгіевіч) (н. 3.10.1938, Краснаярскі край, Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Канд. тэхн. н. (1986). Скончыў Томскі ун-т (1960). З 1973 у Мінскім НДІ сродкаў аўтаматызацыі. З 1978 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па апрацоўцы відарысаў, лічбавых картаграфічных сістэмах. Распрацаваў метады, алгарытмы, сродкі стварэння і кантролю лічбавых карт мясцовасці і аўтаматызаваных комплексаў для іх вытв-сці; адаптыўныя метады павышэння імавернасці перадачы тэлекодавай інфармацыі па каналах сувязі. Дзярж. прэмія СССР 1985.

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 23

ПРАТА́САЎ (Мікалай Іванавіч) (н. 25.6.1933, с. Пералазы Краснагорскага р-на Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне земляробства і аховы раслін. Д-р с.-г. н., праф. (1987). Скончыў БСГА (1957). З 1964 працуе ў ёй (з 1973 заг. кафедры). Навук. працы па ахове с.-г. раслін ад шкоднікаў і хвароб, мерах барацьбы з пустазеллем, аграбіял. асновах выкарыстання фунгіцыдаў і гербіцыдаў у інтэнсіўным земляробстве, севазваротах.

Тв.:

Гербициды в интенсивном земледелии. Мн., 1988;

Агробиоэкологические основы применения фунгицидов в интенсивном земледелии. Мн., 1992.

т. 13, с. 23