Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭ́ЙНСКАЯ ДЭМІЛІТАРЫЗАВА́НАЯ ЗО́НА Існавала ў 1919—36. Устаноўлена пасля 1-й сусв. вайны паводле Версальскага мірнага дагавора 1919

(гл. таксама карту да гэтага арт.),

ахоплівала тэр. Германіі на левым беразе р. Рэйн і паласу шырынёй 50 км на яе правым беразе. У зоне забаранялася размяшчаць герм. войскі, будаваць ваен. ўмацаванні і г.д. Яе мірны статус пацверджаны Лакарнскімі дагаворамі 1925. У сак. 1936 нацысцкі ўрад А.​Гітлера абвясціў пра аднаўленне поўнага суверэнітэту Германіі над Р.д.з. і ўвёў туды войскі, што прывяло да ліквідацыі зоны ў парушэнне ўмоў Версальскага і Лакарнскіх дагавораў. Пасля поспеху гэтай акцыі нацысты распачалі падрыхтоўку да аншлюсу Аўстрыі.

т. 13, с. 566

РЭ́ЙНСКАЯ ПАРО́ДА гусей.

Выведзена ў Германіі ў 20 ст. скрыжаваннем эмдэнскіх гусей з мясц. формамі. Пашырана паўсюдна, у т. л. на Беларусі.

Галава і шыя сярэдніх памераў, тулава кампактнае, грудзі шырокія. Апярэнне белае, дзюба і ногі аранжавыя. Маса гусакоў 6,5—6,7, гусак 5,5—6 кг. Яйцаноскасць 45—50 яец за год. Маса кожнага яйца да 175 г. Выкарыстоўваюць як бацькоўскую форму для вытв-сці мяснога маладняку, якія ў 60 сут важаць 3,7—4 кг.

М.​Ц.​Гарачка.

т. 13, с. 566

РЭ́ЙНСКІЯ СЛА́НЦАВЫЯ ГО́РЫ (Rheinisches Schiefergebirge). Гал. ч. ў Германіі (часткова ў Бельгіі, Люксембургу, Францыі) па абодвух берагах сярэдняга цячэння р. Рэйн. Даўж. каля 400 км, выш. да 880 м (г. Гросер-Фельдберг). Складзены пераважна са сланцаў, кварцытаў, пясчанікаў і вапнякоў. Плато, над якім на 300—400 м узвышаюцца крышт. масівы (Таўнус, Хунсрук, Айфель і інш.) і вулканічныя купалы. Расчлянёны далінамі рэк Рэйн, Мозель, Лан. Дубовыя, букавыя і хваёвыя лясы, балоты, пустэчы. Тэрасы рачных далін і ніжнія ўчасткі схілаў апрацаваны. Жывёлагадоўля. Каля паўн. падножжаў — Рурскі вугальны басейн.

т. 13, с. 566

РЭ́ЙНСКІ ГАРАНТЫ́ЙНЫ ПАКТ,

гл ў арт. Лакарнскія дагаворы 1925.

т. 13, с. 566

РЭ́ЙНСКІ САЮ́З 1806—13 (ням Rheinbund, франц. Confédération du Rhin),

аб’яднанне большасці герм. дзяржаў пад пратэктаратам Францыі ў перыяд напалеонаўскіх войнаў. Засн па патрабаванні франц. імператара Напалеона I паводле дагавора ад 12.7.1806 (падпісаны ў Парыжы) паміж Францыяй і 16 княствамі Зах. і Паўд. Германіі. Гэтыя княствы аддзяляліся ад «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (6.8.1806 яна ліквідавана) і ўступалі ў ваен. саюз з Францыяй (абавязваліся паставіць апошняй у выпадку вайны 63 тыс. вайскоўцаў), становячыся фактычна яе васаламі. У большасці дзяржаў саюза быў уведзены і дзейнічаў Французскі грамадзянскі кодэкс 1804. Да 1811 далучыліся яшчэ 20 дзяржаў Зах., Сярэдняй і Паўн. Германіі (4 каралеўствы, 5 вял. герцагстваў і 11 герцагстваў, акрамя Прусіі і некалькіх малых дзяржаў). У 1808 ахопліваў пл. 325 800 км² з 14,61 млн. жыхароў, да 1811 скараціўся да 283 100 км² з 13,3 млн. жыхароў. Выкарыстоўваўся Напалеонам для забеспячэння франц. панавання ў Германіі. Распаўся пасля паражэння франц. войск у Лейпцыгскай бітве 1813.

т. 13, с. 566

РЭ́ЙНСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Фрыдрыха Вільгельма,

гл. Бонскі універсітэт.

т. 13, с. 566

РЭ́ЙНУО́ТЭР ((Rainwater) Леа Джэймс) (9.12.1917, г. Каўнсіл, штат Айдаха, ЗША — 31.5.1986),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1968). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1939). З 1939 у Калумбійскім ун-це (з 1952 праф., у 1951—53 і 1956—61 дырэктар Невіскай цыклатроннай лабараторыі). Навук. працы па нейтроннай спектраскапіі, ядз., нейтроннай і мезоннай фізіцы. Выказаў гіпотэзу аб несферычнасці ядзер з прычыны дэфармавання нейтронных абалонак цэнтрабежнымі сіламі (сфераідальная мадэль ядра Р.; 1950), якую ў 1953 пацвердзілі О.​Н.​Бор і Б.​Р.​Мотэльсан. Вызначыў масу µ​+-мезона (разам з В.​Л.​Фітчам), вымераў радыусы ядзер з атамнымі нумарамі ад 13 да 83 і ўдакладніў значэнне радыуса пратона (1953). Удзельнічаў у стварэнні атамнай бомбы. Нобелеўская прэмія 1975 (разам з Борам і Мотэльсанам).

Тв.:

Рус. пер. — Как возникла модель сфероидальных ядер // Успехи физ. наук. 1976 Т. 120, вып. 4.

М.​М.​Касцюковіч.

Л.Рэйнуотэр.

т. 13, с. 566

РЭЙС (ням. Reise падарожжа),

шлях якога-н. трансп. сродку па пэўным маршруце.

т. 13, с. 566

РЭ́ЙСМУС, рэйсмас (ад ням. reißen чарціць + Maß мера, памер),

інструмент, які выкарыстоўваецца ў метала- і дрэваапрацоўцы для нанясення на загатоўках разметачных ліній паралельна выбранай базавай лініі (гл. Разметка), перанясення памераў з маштабнай лінейкі і інш.

т. 13, с. 567

РЭ́ЙСМУСАВЫ СТАНО́К,

адзін з відаў дрэварэзальных станкоў для прастругвання дошак, брусковых загатовак або шчытавых зборачных адзінак цыліндрычным фрэзераваннем. Рэзальны інструмент — нажавы вал з устаўленымі нажамі, падача загатоўкі — вальцовым механізмам. Для апрацоўкі на Р.с. ў загатоўкі папярэдне фарміруюць 1—2 базавыя паверхні на фугавальным станку.

Схема аднабаковага рэйсмусавага станка: 1 — ролік; 2 — стол; 3 — загатоўка; 4 і 8 — задні і пярэдні падавальныя вальцы; 5 і 7 — задні і пярэдні прыціскачы; 6 — вал з рэжучымі нажамі.

т. 13, с. 567