Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭГРЭСІ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ,

раздзел матэматычнай статыстыкі, які аб’ядноўвае практычныя метады даследаванняў рэгрэсійнай залежнасці паміж велічынямі на аснове статыстычных даных.

Асн. задачы — вызначэнне агульнага віду ўраўненняў рэгрэсіі, ацэнак невядомых параметраў гэтых ураўненняў і праверка статыстычных гіпотэз аб рэгрэсіі. У Р.а. выкарыстоўваюць найменшых квадратаў метад і яго мадыфікацыі, метады найб. праўдападобнасці, давяральных інтэрвалаў. Найб. дэтальна распрацаваны метады статыстычнага вызначэння каэфіцыентаў лінейнай і палінаміяльнай рэгрэсіі і метады карэляцыйнага аналізу. Выкарыстоўваецца ў эканоміцы, фізіцы, сельскай гаспадарцы, біялогіі і інш.

т. 13, с. 549

РЭГРЭСІ́ЎНАЯ ЭРО́ЗІЯ,

разбурэнне і змыванне горных парод і глеб паверхневым вадацёкам (пастаянным або часовым). Р.э. пашыраецца ў бок вытоку, даўжыня вадацёку пры гэтым павялічваецца, што вядзе часам да перахопу рэк суседніх басейнаў. Разам з глыбіннай эрозіяй Р э. садзейнічае росту і пашырэнню яроў, фарміраванню падоўжнага профілю даліны (гл. Профіль раўнавагі ракі). На Беларусі Р э. найб. актыўна праяўляецца ў бас. рэк Нёман, Зах. Дзвіна, у раёнах пашырэння лёсападобных парод па краявых утварэннях Бел. і Мазырскай град, на Аршанска-Магілёўскай раўніне. Гл. таксама Эрозія.

т. 13, с. 549

РЭГРЭ́СІЯ ў тэорыі імавернасцей і матэматычнай статыстыцы,

залежнасць матэматычнага чакання адной выпадковай велічыні ад адной ці некалькіх інш. велічынь.

У адрозненне ад функцыянальнай залежнасці у = f(х), дзе кожнаму значэнню незалежнай пераменнай х адпавядае пэўнае значэнне у, пры рэгрэсійнай сувязі аднаму і таму ж значэнню х могуць адпавядаць некалькі значэнняў у (у залежнасці ад выпадку), напр., залежнасць сярэдняга дыяметра хвой ад іх вышыні. Найб. пашырана вызначэнне рэгрэсійных залежнасцей статыстычнымі метадамі. Практычныя метады даследаванняў Р. па статыстычных даных — асн. задача рэгрэсійнага аналізу.

т. 13, с. 549

РЭГРЭ́СІЯ мора

(ад лац. regressio адваротны рух, адыход),

паступовае адступанне мора ад берагоў. Адбываецца ў выніку падняцця сушы, апускання акіянічнага дна або змяншэння колькасці вады ў Сусв. ак. (напр., у эпоху мацерыковага зледзянення) або ў замкнёным вадаёме (пры арыдызацыі клімату і памяншэнні сцёку з сушы, напр., Аральскае м.). Неаднаразова адбываліся на працягу геал. гісторыі Зямлі, найб. значныя з іх супадалі з эпохамі гораўтварэння або ледавіковымі эпохамі. Процілеглы Р. працэс — трансгрэсія.

т. 13, с. 549

РЭГРЭ́СНЫ ІСК,

адваротнае патрабаванне аб вяртанні грашовай сумы (або інш. матэрыяльнай каштоўнасці), якая была выплачана трэцяй асобе па віне даўжніка. Напр., асоба, адказная за прычыненую шкоду, абавязана па Р.і. страхавой арг-цыі кампенсаваць сумы страхавых выплат пацярпеламу. На даўжніка па Р.і. ўскладаецца абавязак кампенсаваць крэдытору аплачаныя ім трэцяй асобе сумы ў поўным аб’ёме. Выключэнне складаюць Р.і. прадпрыемства (установы) да свайго работніка, калі дзейнічаюць агульныя нормы матэрыяльнай адказнасці (кампенсацыя шкоды, якая аплачана прадпрыемствам, у гэтым выпадку, можа быць у памеры акладу, трэці акладу і г.д.).

т. 13, с. 549

РЭГТА́ЙМ (англ. ragtime ад rag урывак + time час, тэмп, такт),

стыль фп. ігры і звязаны з ім жанр танц. п’есы, які распаўсюдзіўся ў ЗША з пач. 20 ст. Для Р. характэрны сінкапіраваная мелодыя, якая звычайна выконваецца ў хуткім тэмпе ў спалучэнні з рытмічна дакладным акампанементам. Паўплываў на стыль ранняга джаза і танц. культуру 1910—20-х г. (ад танца Р. паходзяць тустэп, уанстэп, факстрот і інш.). Сярод вядучых прадстаўнікоў Р. кампазітар С.Джоплін, піяніст Дж.​Р.​Мортан, кампазітар і піяніст Ю.​Блэйк.

т. 13, с. 549

РЭ́ГУЛ,

α Льва, зорка 1,4 візуальнай зорнай велічыні (цесная сістэма з 3 зорак). Найб. яркая ў сузор’і Льва, свяцільнасць прыблізна ў 160 разоў большая за сонечную. Адлегласць ад Сонца 26 пк.

т. 13, с. 549

РЭГУЛЯВА́ННЕ (ням. regulieren рэгуляваць ад лац. regulare норма, правіла), 1) прывядзенне чаго-н. у пэўную сістэму, падпарадкаванне пэўнаму правілу.

2) Наладжванне правільнага ўзаемадзеяння частак механізма.

т. 13, с. 549

РЭГУЛЯВА́ННЕ АЎТАМАТЫ́ЧНАЕ,

аўтаматычнае падтрыманне або змена паводле зададзенага закону фіз. велічынь, якія характарызуюць вытв. працэс. Ажыццяўляецца пры дапамозе аўтаматычнага рэгулятара, які забяспечвае пастаяннае значэнне рэгуляванай (кіравальнай) велічыні праз выпрацоўку рэгулявальнага ўздзеяння на аснове сігналу адхілення рэгуляванай велічыні ад зададзенага значэння. Асновы тэорыі Р.а. закладзены ў працах Дж.К.Максвела і І.​А.​Вышняградскага.

Сістэмы Р.а. разам з сістэмамі праграмнага кіравання (ажыццяўляюць змену кіравальных велічынь па зададзеным законе) і сістэмамі сачэння (выконваюць змену кіравальных велічынь па адвольным законе) наз. сістэмамі аўтам. кіравання. Сістэмы Р.а. класіфікуюцца паводле тыпу контуру кіравання (разамкнёныя і замкнёныя); спосабу перадачы сігналаў — неперарыўныя (фіз. велічыні звязаны неперарыўнай залежнасцю) і дыскрэтныя (імпульсныя і рэлейныя). Падзяляюцца на лінейныя, нелінейныя, з пастаяннымі і пераменнымі параметрамі і інш. Выкарыстоўваюцца ў энергетыцы (у т. л. ядзернай), хім. і нафтахім. і інш. прам-сці, таксама ў авіяцыі пры стабілізацыі курсу самалёта (аўтапілот) і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах Р.а. вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, БПА, Ваеннай акадэміі, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Літ.:

Теория автоматического регулирования. Кн. 1—3. М., 1967—69;

Ганэ В.А., Степанов В.Л. Расчет следящих систем. Мн., 1990;

Кузнецов А.П., Батура М.П., Шилин Л.Ю. Анализ и параметрический синтез импульсных систем с фазовым управлением. Мн., 1993;

Анхимюк В.Л., Опейко О.Ф., Михеев Н.Н. Теория автоматического управления. Мн., 2000.

А.​А.​Несянчук.

т. 13, с. 549

РЭГУЛЯ́РНЫЯ ВО́ЙСКІ,

войскі пастаяннай кадравай арміі, якія існуюць у шэрагу краін свету. Узніклі ў дзяржавах Зах. Еўропы ў 17—18 ст., у Расіі ў пач. 18 ст. Р.в. адрозніваюцца ад ірэгулярных войск (напр., у Расіі казацкія і інш. часці і падраздзяленні, у т. л. міліцыйнай арміі). У 2-й пал. 20 ст. ў шэрагу дзяржаў адбылася прафесіяналізацыя рэгулярных армій і флатоў. Гл. Прафесійная армія.

т. 13, с. 550