Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРАВАПАРА́ДАК,

адна з асноўных састаўных частак грамадскага парадку, якая складваецца ў выніку ажыццяўлення розных відаў сац. норм, што рэгулююць разнастайныя сферы грамадскага жыцця. Рэгламентуецца прававымі нормамі, прынятымі ва ўстаноўленым парадку ў пэўнай дзяржаве. Як пэўнае становішча рэгулюемых правам грамадскіх адносін П. характарызуецца рэальным узроўнем выканання законнасці, забеспячэння і рэалізацыі суб’ектыўных правоў, выканання юрыд. абавязкаў усімі грамадзянамі, органамі і арг-цыямі.

т. 12, с. 527

ПРАВАПАРУШЭ́ННЕ,

антысацыяльнае дзеянне (або бяздзеянне), якое парушае якія-н. нормы права і прычыняе грамадству шкоду. Падзяляюцца на: цывільныя (прычыненне шкоды асобе, маёмасці грамадзяніна або арг-цыі), адміністрацыйныя (напр., парушэнне правіл дарожнага руху і інш.), дысцыплінарныя і інш. правіннасці (напр., прагул). Найб. небяспечны від П. — злачынства. За П. законам прадугледжана адпаведная цывільная, адм., дысцыплінарная і крымін. адказнасць. П. бывае і міжнародным (парушэнне дзяржавай або інш. суб’ектам міжнар. права сваіх міжнар. абавязкаў).

т. 12, с. 527

ПРА́ВАПІС,

тое, што арфаграфія.

т. 12, с. 527

ПРАВАСВЯДО́МАСЦЬ,

сфера грамадскай, групавой і індывід. свядомасці, звязаная з адлюстраваннем правазначных з’яў і абумоўленая правазначнымі каштоўнасцямі, праваразуменнем, усведамленнем належнага правапарадку; катэгорыя тэорыі дзяржавы і права і крыміналогіі. Вызначаецца сац.-эканам. ўмовамі жыцця грамадства, яго культ.-прававымі, дэмакр. або аўтарытарнымі традыцыямі.

т. 12, с. 527

ПРАВАСЛА́ЎЕ (ад слоў «правільнае праслаўленне» Бога),

адзін з асноўных кірункаў у хрысціянстве (побач з каталіцызмам, пратэстантызмам і стараж. ўсходнімі цэрквамі). Склалася як яго ўсх. галіна пасля падзелу Рымскай імперыі (395) і аформілася ў 1054 пасля падзелу цэркваў на зах. (каталіцкую) і ўсх. (праваслаўную). Атрымала пашырэнне гал. чынам ва Усх. Еўропе і Б. Усходзе. Першапачаткова была пануючай рэлігіяй Візантыйскай імперыі, таму зведала ўплыў яе гіст. развіцця, што адбілася ў яе веравучэнні і ў арганізацыі правасл. цэркваў.

Аснову веравучэння П., сфармуляванага ў сімвале веры, прынятым на Нікейскім (325) і Канстанцінопальскім (381) усяленскіх саборах, складаюць Свяшчэннае пісанне (Біблія) і Свяшчэннае паданне (патрыстыка, пастановы першых 7 усяленскіх сабораў і інш.). Яно зыходзіць з прызнання трыадзінага Бога — творцы і кіраўніка Сусвету, замагільнага свету, пасмяротнай адплаты, збавіцельнай місіі Ісуса Хрыста, які адкрыў магчымасць для выратавання чалавека, на якім ляжыць пячаць першароднага граху. Адно з гал. месцаў у богаслужэбнай практыцы П. займаюць 7 хрысціянскіх таінстваў. хрышчэнне, прычашчэнне, свяшчэнства, пакаянне (споведзь), мірапамазанне, шлюб, ялееасвячэнне (сабораванне). Вял. значэнне надаецца святам і пастам. У П. адвяргаецца шэраг прынятых у каталіцызме догматаў (аб бязгрэшнасці папы рымскага, аб зыходжанні Св. Духа і ад Бога-бацькі, і ад Бога-сына, аб чысцілішчы, аб бязгрэшным зачацці Ганнай Дзевы Марыі, аб цялесным унебаўзяцці Дзевы Марыі), па-іншаму выконваюцца некат. таінствы. Існуюць адрозненні ў царк. архітэктуры і начынні, строях святароў, інш. атрыбутыцы і абраднасці. У П. богаслужэнне вядзецца на родных (у слав. краінах — на царк.слав.) мовах. Святары (не манахі) павінны быць жанатымі, архірэі — бясшлюбнымі (пасвячаюцца з манаскага духавенства). У П. аўтакефальныя (самастойныя) цэрквы складаюць усяленскую правасл. царкву, аднак адсутнічае адзіны духоўны цэнтр. Канстанцінопальскі патрыярх, прадстаяцель царквы ў сталіцы б. Візант. імперыі традыцыйна захоўвае тытул усяленскага, але не мае адм. улады над інш. цэрквамі.

На 2001 у свеце 15 кананічных аўтакефальных цэркваў: Канстанцінопальская, Александрыйская, Антыяхійская, Іерусалімская, Руская, Грузінская, Сербская, Румынская, Балгарская, Кіпрская, Эладская, Албанская, Чэшскіх зямель і Славакіі, Польская, Амерыканская (пералічаны паводле часу атрымання аўтакефаліі; 9 першых з іх узначальваюцца патрыярхамі) са сваёй шматступеньчатай іерархіяй (гл. Духавенства, Епіскап, Мітрапаліт). Шэраг рэліг. аб’яднанняў таксама называюць сябе цэрквамі, але яны не атрымалі кананічнага прызнання (Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква на эміграцыі, Украінская аўтакефальная правасл. царква, Кіеўскі патрыярхат і інш). Прыхільнікі П складаюць большасць вернікаў у Расіі, Беларусі, Украіне, Малдавіі, Грузіі, Балгарыі, Сербіі, Чарнагорыі, Македоніі, Грэцыі, Кіпры, Румыніі. П. значна пашырана ў Албаніі, Ліване, Сірыі і інш. краінах, а таксама сярод эмігрантаў з гэтых краін у Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі традыцыйна годам увядзення П. лічыцца 992 (заснаванне Полацкай праваслаўнай епархіі). Гісторыю П. на Беларусі гл. ў арт. Беларуская праваслаўная царква.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 12, с. 527

«ПРАВАСЛА́ЎНЫ БЕЛАРУ́С»,

часопіс. Выдаваўся ў лют.снеж. 1925 у Варшаве на бел. мове па ініцыятыве Беларускага пасольскага клуба. Рэдактар Я.Пачопка, маст. афармленне Я.Драздовіча. Афіцыйна павінен быў асвятляць жыццё правасл. царквы ў Польшчы і Зах. Беларусі. Асн. змест складалі матэрыялы з гісторыі, грамадскага і культ. жыцця Зах. Беларусі, літ. творы. Меў рубрыкі: «Што чуваць у свеце», «Беларускае жыццё», «З народнай творчасці», «З гісторыі археалогіі» і інш. Выступаў за ўвядзенне бел. мовы ў навуч. установах, царкве. Змясціў артыкулы, прысвечаныя Ф.​Скарыне, Сімяону Полацкаму, Я.​Купалу, па гісторыі стараж. Полаччыны І.​Палачаніна, пра нар. земляробчыя святы М.​Яцкевіча, даследаванне «Месца беларускай мовы сярод моў свету і славянскіх увасобку» І.​Савіцкага. Друкаваў вершы Г.​Леўчыка, П.​Прадухі, С.​Свістуна, апавяданні З.​Бядулі, Пачопкі, М.​Запольскага і інш. Выйшлі 22 нумары.

А.​С.​Ліс.

т. 12, с. 527

ПРАВАСУ́ДДЗЕ,

форма дзярж. дзейнасці, якая заключаецца ў разглядзе і вырашэнні судом спраў, аднесеных да яго кампетэнцыі (крымін. злачынствы, цывільныя спрэчкі і інш.). Ажыццяўляецца судом ва ўстаноўленым законам працэсуальным парадку. У Рэспубліцы Беларусь канстытуцыйнымі прынцыпамі П. з’яўляюцца: роўнасць грамадзян перад законам і судом незалежна ад паходжання, сац., службовага і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, паліт. і інш. перакананняў, адносін да рэлігіі, полу, адукацыі, мовы, роду і характару заняткаў, месцажыхарства і інш.; ажыццяўленне П. толькі судом; суддзі пры ажыццяўленні П. незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону; справы ў судах разглядаюцца калегіяльна, а ў прадугледжаных законам выпадках — аднаасобна суддзёй; разбор спраў у судах адкрыты (слуханне спраў у закрытым суд. пасяджэнні дапускаецца толькі ў выпадках, вызначаных законам, з выкананнем усіх правілаў судаводства); П. ажыццяўляецца на аснове спаборніцтва і роўнасці бакоў у суд. працэсе.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 12, с. 527

ПРАВАТО́РАЎ (Генадзь Панцеляймонавіч) (н. 11.3.1929, Масква),

расійскі і бел. дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1981). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па кл. фп. ў А.​Тальдэнвейзера (1952) і дырыжыравання ў А.Гаўка (1956). З 1960 дырыжор, гал. дырыжор у муз. т-рах Расіі, у т. л. Маскоўскага т-ра імя К.​Станіслаўскага і У.​Неміровіча-Данчанкі, Ленінградскага Малога т-ра оперы і балета, Адэскага т-ра оперы і балета і інш. У 1984—89 гал. дырыжор Дзярж. акад. Вял. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1994 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Мінскага духавога аркестра «Няміга», з 1998 гал. дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь. З 1986 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1994 праф.). На сцэне т-ра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі аднавіў оперу «Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча (1963, запіс адзначаны Гран-пры ў Парыжы, 1966). Гал. працы на бел. сцэне: оперы «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева (1985), «Кавалер руж» Р.​Штрауса (1987), «Візіт дамы» С.​Картэса (1995); балеты «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага, «Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага (абодва 1986), «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева (1988), «Страсці» («Рагнеда») А.​Мдывані (1995) і інш. Сярод вучняў П.​Вандзілоўскі, В.​Чарнуха. Дзярж. прэмія Беларусі 1997.

А.​Л.​Карацееў.

т. 12, с. 527

ПРА́ВАЯ ЛЯСНА́Я,

рака ў Польшчы і Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. (бас. р. Зах. Буг). Даўж. 63 км, пл. вадазбору 996 км²; у межах Беларусі — 30 км і 650 км². Пачынаецца на тэр. Польшчы. За 0,8 км на У ад в. Вугляны Камянецкага р-на зліваецца з р. Левая Лясная (утвараюць р. Лясная, бас. р. Буг). Цячэ па Прыбугскай раўніне, перасякае тэр. Белавежскай пушчы. Даліна трапецападобная, месцамі невыразная, у ніжнім цячэнні яе шыр. да 4 км. Рэчышча звілістае, свабодна меандруе, слабаразгалінаванае, шыр. ў ніжнім цячэнні 20—25 м. З 1930 назіранні вядуцца на гідралаг. пасту Камянюкі.

т. 12, с. 528

ПРА́ВА НА ЖЫЦЦЁ,

адно з асноўных асабістых правоў чалавека, якое абараняецца міжнар. правам і канстытуцыямі большасці дэмакр. краін. Змест П. на ж. шматгранны і адрозніваецца ў розных дзяржавах. Там, дзе смяротная кара адменена (Аўстралія, Аўстрыя, ФРГ, Францыя і яшчэ больш як 40 дзяржаў), П. на ж. азначае, што ні адзін чалавек ні за якія дзеянні не можа быць пазбаўлены жыцця. У краінах, дзе існуюць розныя рэжымы захавання смяротнай кары(прымяненне смяротнай кары, выкарыстанне яе ў выключных выпадках, адмаўленне ад яе прымянення на практыцы), пад П. на ж. разумеецца, што ніхто не можа быць пазбаўлены жыцця без неабходнай прававой працэдуры. У шэрагу канстытуцый П. на ж. канкрэтызуецца пералікам пэўных злачынстваў, за якія можа быць устаноўлена законам смяротная кара, а таксама кола асоб, да якіх яна не можа прымяняцца (напр., жанчыны, непаўналетнія). Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, разам з абвяшчэннем П. на ж. робіць агаворку, што «смяротная кара да яе адмены можа прымяняцца ў адпаведнасці з законам як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прыгаворам суда», і ўдакладняе, што да гэтай меры пакарання не могуць быць асуджаны асобы, якія ўчынілі злачынства ва ўзросце да 18 гадоў, жанчыны, а таксама мужчыны, якія дасягнулі на дзень вынясення прыгавору 65 гадоў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 524