Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЛЕСКАЧЭ́ЎСКІ (Юрый Міхайлавіч) (н. 22.10.1943, с. Садовае Атбасарскага р-на Акмолінскай вобл., Казахстан),

бел. вучоны ў галіне механікі металапалімерных сістэм. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1991), д-р тэхн. н. (1984), праф. (1997). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1965). З 1966 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм імя У.​А.​Белага Нац. АН Беларусі (з 1991 дырэктар). Навук. працы па механіцы і тэхналогіі металапалімерных сістэм, тэорыі трываласці гетэрафазных матэрыялаў, інжынерыі паверхняў і дэталяў машын. Эксперыментальна выявіў і абгрунтаваў асн. заканамернасці ўзаемадзеяння металаў з расплавамі палімераў, фіксацыі напружанняў у малекулярных ланцугах міжмалекулярным сшываннем. Развіў прынцыпы фарміравання адаптыўных матэрыялаў, стварыў навук. асновы радыяцыйна-тэрмічнай апрацоўкі металапалімерных сістэм. Прэмія Ленінскага камсамола 1973.

Тв.:

Введение в радиационное материаловедение полимерных композитов. Мн., 1991 (разам з В.​В.​Смірновым, У.​М.​Макаранкам);

Трибология: Исслед. и приложения: Опыт США и стран СНГ. М., 1993 (у сааўт.);

Триботехнические покрытия на основе порошковых меднографитовых систем. Гомель, 1998 (разам з У.​А.​Каўтуном);

Электрофизическая активация полимерных материалов. Гомель, 1999 (разам з У.​С.​Міронавым).

т. 12, с. 423

ПЛЕ́СНЕВЫЯ ГРЫБЫ́,

мікраскапічныя грыбы, што ўтвараюць характэрныя налёты (плесні) на паверхні арган. субстратаў (харч. прадукты, папера, скура, тэкстыль і інш.). Належаць да розных сістэм. груп: ааміцэты, зігаміцэты, недасканалыя грыбы, сумчатыя грыбы і інш. Каля 250 відаў. Пашыраны ў глебе, раскладаюць арган. рэшткі і прымаюць удзел у іх мінералізацыі. Выклікаюць хваробы раслін, псаванне прадуктаў, разбурэнне прамысл. вырабаў і матэрыялаў.

Для П.г. характэрны паветраны міцэлій, які добра развіваецца на паверхні і ўнутры субстрату. Споры ўтвараюцца на гіфах. Выкарыстоўваюць П.г. для атрымання ферментаў, арган. к-т, антыбіётыкаў, вітамінаў.

т. 12, с. 424

ПЛЕТАБІЯСФЕ́РА (ад грэч. plēthora напаўненне + біясфера),

гл. «Плеўка жыцця».

т. 12, с. 424

ПЛЕТАРО́ЎСКАЯ КАРДО́ННАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў в. Плетарова Дзісенскага пав. (цяпер у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл.) у 1889—1914. Выпускала кардон (белы і жоўты). У 1902 былі 3, у 1913—2 паравыя катлы, працавала 170 рабочых, выраблена прадукцыі на 80 тыс. руб.

т. 12, с. 424

ПЛЕТАРО́ЎСКАЯ ФА́БРЫКА ЗАПА́ЛКАВАЙ САЛО́МКІ.

Дзейнічала ў в. Плетарова Дзісенскага пав. (цяпер у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл.) у 1908—10. Мела паравую машыну. У 1910 працавала 100 рабочых, выраблена 11 тыс. скрынак саломкі на 60 тыс. руб.

т. 12, с. 424

ПЛЕТАРО́ЎСКІ ЛЕСАПІ́ЛЬНА-ГО́НТАВЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у в. Плетарова Дзісенскага пав. (цяпер ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл.) у 1898—1910. Выпускаў гонту, клёпкі, дошкі, шпалы. Меў паравую машыну, паравы рухавік. У 1900 працавала 60 чал.

т. 12, с. 424

«ПЛЕ́ЎКА ЖЫЦЦЯ́», абалонка біягеацэнатычная, біякліма, біяфільм, пікнабіясфера, плетабіясфера,

слой жывога рэчыва; сукупнасць наземных і паверхнева-водных біяцэнозаў, у якіх сканцэнтравана амаль уся маса жывога рэчыва біясферы. Найб. актыўны гарызонт біясферы, дзе адбываецца найб. цеснае ўзаемадзеянне паміж усімі экалагічнымі кампанентамі. Тэрмін прапанаваны У.І.Вярнадскім.

т. 12, с. 424

ПЛЕ́ЎРА (ад грэч. pleura рабро, бок, сценка),

серозная абалонка, што пакрывае лёгкія і сценкі грудной поласці наземных пазваночных і чалавека. Адрозніваюць унутраны, ці вісцэральны лісток П., які зрастаецца з тканкай лёгкага, і прысценны, або парыетальны, які высцілае знутры сценкі грудной поласці. У млекакормячых плеўральная (грудная) поласць поўнасцю адмежавана ад брушной дыяфрагмай і запоўнена серознай вадкасцю, якая памяншае трэнне лёгкіх пры дыханні. Запаленне П. выклікае плеўрыт.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 424

ПЛЕЎРО́ЗІЙ (Pleurozium),

род брыевых імхоў сям. энтадонтавых. 1 від — П.​Шрэбера (P. schreberi). Пашыраны ва ўмераных і цёплых абласцях, радзей у гарах Паўд. Амерыкі. У хвойных лясах часта ўтварае амаль суцэльнае покрыва. На Беларусі трапляецца ў хмызняках, на сухіх лясных глебах, лугах, мохавых балотах.

Лістасцябловая двухдомная расліна. Дзярнінкі рыхлыя, зялёныя або жоўта-зялёныя. Сцябло даўж. 5—15 см, узыходнае, карычнева-чырв., аблісцелае. Лісце чарапічнае, увагнутае. Каробачка на чырв. ножцы, схіленая, падоўжаная. Каўпачок клабукападобны.

Плеўрозій Шрэбера.

т. 12, с. 424

ПЛЕЎРЫ́Т,

запаленне плеўры. Бывае першасны і другасны, серозна-фібрынозны і гнойны з пераходнымі формамі. Да першаснага адносяць запаленчыя працэсы ў плеўры ў выніку сэпсісу, міграцыі мікробнай флоры ў лімфатычныя залозы, калі ўтвараюцца гнойныя ачагі. Другасныя П. — вынік мігрыравання асн. працэсу ў выглядзе абсцэсу ў лёгкіх, пярэдняй сценцы грудной клеткі, таксама раневыя П. Першасныя і другасныя П. бываюць неспецыфічныя (узбуджальнікі стафілакок, стрэптакок) і спецыфічныя (туберкулёзная палачка); паводле клінічнага цячэння — вострыя і хранічныя. Пры адсутнасці інтэнсіўнага лячэння востры П. пераходзіць у хранічны. П. адрозніваюць таксама па ступені пашыранасці — лакалізаваныя і дыфузныя (па ўсёй поласці грудной клеткі). Пры эксудатыўным П. (пераходная форма да гнойнага) у плеўральнай поласці назапашваецца запаленчая вадкасць, у хворых павышаецца т-ра цела да 40 °C, задышка, боль у баку, кашаль. Гнойны П. (плеўральная вадкасць уяўляе сабой гнойнае змесціва) у вострай форме працякае з высокай т-рай, агульнай інтаксікацыяй. Асн. метады дыягностыкі — рэнтген, камп’ютэрная тамаграфія, пункцыя поласцей. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае. На П. хварэюць таксама жывёлы.

І.​М.​Грышын.

т. 12, с. 424