Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЛА́ЗМЕННАЯ ПЕЧ,

від электрычнай печы, у якой у якасці крыніцы цяпла выкарыстоўваецца нізкатэмпературная (10​4К) плазма, што атрымліваецца з дапамогай плазматрона. У П.п. выплаўляюць сталь. пераплаўляюць каляровыя і інш. металы, сплавы, вырошчваюць метал. монакрышталі, перапрацоўваюць чыстыя рэчывы.

Плазменная печ з керамічным тыглем для плаўкі металу.

т. 12, с. 402

ПЛА́ЗМЕННАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,

сукупнасць метадаў апрацоўкі сыравіны, матэрыялаў і вырабаў патокамі плазмы. Працэсы П.т. грунтуюцца на фіз., хім. і змешаным механізмах уздзеяння кампанентаў плазмы на апрацаваны матэрыял; выконваюцца пры нармальным (атмасферным) ці павышаным ціску, а таксама ў вакууме.

Дазваляе змяняць форму, памеры, структуру апрацаванага вырабу, стан яго паверхні. Уключае плазменнае нанясенне на паверхню цвёрдых цел тонкіх плёнак металаў, паўправаднікоў, дыэлектрыкаў і інш. матэрыялаў, змены фіз. або хім. уласцівасцей, а таксама выдаленне (траўленне) плёнак і прыпаверхневых слаёў. У тэхналогіі электроннага машынабудавання найб. пашыраны плазменныя працэсы, якія ажыццяўляюцца ў вакууме, што забяспечвае найменшыя забруджванні матэрыялаў і вырабаў, добрую ўзнаўляльнасць вынікаў і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах П.т. распачаты ў 1950-я г. ў БДУ і Фіз.-тэхн. ін-це Нац. АН; вядуцца ў Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БПА і інш. Распрацаваны метады і створана апаратура для электрадугавога сінтэзу і перапрацоўкі розных матэрыялаў, у т. л. для утылізацыі ядахімікатаў, плазменныя прылады для атрымання ахоўных і дэкар. слаёў на паверхні буд. матэрыялаў, плазменнага нанясення на вырабы алмазападобных пакрыццяў і інш.

Літ.:

Плазменная металлизация в вакууме. Мн., 1983.

У.​Дз.​Шымановіч.

т. 12, с. 402

ПЛА́ЗМЕННЫЯ ПАСКАРА́ЛЬНІКІ,

устаноўкі для атрымання патокаў плазмы са скарасцямі руху ад 10 да 1000 км/с. У адрозненне ад паскаральнікаў зараджаных часціц у канале П.п. адначасова знаходзяцца часціцы розных знакаў і адсутнічаюць абмежаванні інтэнсіўнасці патокаў, абумоўленыя прасторавым зарадам. Паскарэнне іонаў адбываецца за кошт падведзенай энергіі і самаўзгодненага эл. поля, якое існуе ў аб’ёме плазмы.

П.п. падзяляюцца на імпульсныя (адначасова паскараецца фіксаваная маса рабочага рэчыва) і квазістацыянарныя (працэс паскарэння ажыццяўляецца неперарыўна); паводле механізмаў паскарэння адрозніваюць цеплавыя (плазма паскараецца за кошт цеплавой энергіі — за кошт перападу поўнага газакінетычнага ціску) і эл.-магн. (найб. пашыраныя; плазма паскараецца за кошт сілы Ампера). Паводле спосабу падвядзення энергіі бываюць радыяцыйныя, індукцыйныя і электродныя. П.п. з’явіліся ў сярэдзіне 1950-х г. як электрарэактыўныя плазменныя рухавікі і як інструмент для зандзіравання атмасферы. У 1980-я г. атрымалі развіццё двухступеньчатыя квазістацыянарныя П.п. з магн. экраніроўкай электродаў паскаральнага канала, якія працуюць у рэжыме іоннага токапераносу. П.п. выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі і тэхнікі (гл. Плазменная тэхналогія).

На Беларусі П.п. даследуюцца ў Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це.інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Плазменные ускорители и ионные инжекторы. М., 1984.

В.​М.​Асташынскі, Л.​Я.​Мінько.

т. 12, с. 402

ПЛА́ЗМЕННЫЯ ПАТО́КІ,

накіравана рухомая плазма, таксама раздзел фізікі плазмы, які вывучае пытанні, звязаныя з атрыманнем, даследаваннямі і выкарыстаннем рухомай плазмы.

У залежнасці ад крыніц плазмы адрозніваюць П.п. стацыянарныя (неперарыўныя) і імпульсныя. Для атрымання стацыянарных П.п. выкарыстоўваюць у асн. плазматроны, імпульсных — плазменныя паскаральнікі розных тыпаў і выбуховыя генератары Для магутнатокавых плазменных паскаральнікаў характэрна сцісканне (кампрэсія) плазмы — утварэнне кампрэсійных П.п. Найб. буйнамаштабныя кампрэсійныя П.п. атрымліваюць двухступеннымі плазменнымі паскаральнікамі. Для атрымання П.п. з высокімі скарасцямі выкарыстоўваецца лазернае выпрамяненне пры яго ўздзеянні на цвёрдыя целы і газы.

На Беларусі сістэматычныя даследаванні пачаліся з 1960-х г. пад кіраўніцтвам акад. М.​А.​Ельяшэвіча і вядуцца ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН, БДУ. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца ў ракетнай і касм. тэхніцы, лазернай фізіцы, цеплафізіцы, эксперым. аэрагазадынаміцы, плазменнай тэхналогіі.

Літ.:

Минько Л.Я. Получение и исследование импульсных плазменных потоков. Мн., 1970;

Физика и применение плазменных ускорителей. Мн., 1974.

Л.​Я.​Мінько.

т. 12, с. 402

ПЛАЗМО́ДЫІ (Plasmodium),

род аднаклетачных паразітычных арганізмаў падатр. гемаспарыдый кл. спаравікоў. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў рэгіёнах з цёплым кліматам. Узбуджальнікі малярыі пазваночных жывёл і чалавека. Пераносчыкі П. — насякомыя, часцей малярыйныя камары.

У эрытрацытах, эпітэліяльных клетках і клетках рэтыкула-эндатэліяльнай сістэмы пазваночных жывёл (прамежкавыя гаспадары) П. праходзяць стадыі бясполага развіцця. З крывёю трапляюць у арганізм насякомага-крывасмока (дэфінітыўны гаспадар) і ў яго кішэчніку праходзяць палавое развіццё. Са слінаю насякомага П. зноў трапляюць у кроў жывёлы ці чалавека.

т. 12, с. 402

ПЛАЗМО́ДЫЙ (ад плазма + грэч. eidos форма, выгляд),

вегетатыўнае цела слізевікоў, якое мае шмат’ядзерную, пазбаўленую абалонкі пратаплазму, звычайна сеткаватай структуры. Памеры ад некалькіх мм2 да 1,5 м². Здольны да амёбападобнага перамяшчэння з дапамогай псеўдаподый. У фазе росту валодае адмоўным фотатаксісам і станоўчым гідратаксісам (запаўзае ў цёмныя і вільготныя месцы — пад кару, мох і інш.). Спелы П. ператвараецца ў орган споранашэння — эталій.

т. 12, с. 402

ПЛАЗМО́ЛІЗ (ад плазма + лізіс),

аддзяленне прысценачнага слоя цытаплазмы ад цвёрдай абалонкі расліннай клеткі. Адбываецца ў жывых клетках па прычыне сціскання пратапласта пад уздзеяннем плазмалітыку — раствору, гіпертанічнага да клетачнага соку. Пры запаволеным П. клеткі здольныя даволі доўга заставацца жывымі і пры перанясенні ў звычайную ваду хутка аднаўляюць стан тургару. Здольнасць да П. выкарыстоўваюць у эксперым. цыталогіі і фізіялогіі раслін для вызначэння асматычнага патэнцыялу, вязкасці цытаплазмы, вывучэння клетачнай пранікальнасці і інш.

т. 12, с. 402

ПЛАЗМО́Н,

адна з квазічасціц, якая апісвае ваганні электронаў адносна цяжкіх іонаў у плазме, у т. л. носьбітаў зараду ў цвёрдых целах. Флуктуацыі шчыльнасці эл. зараду ствараюць эл. поле, якое імкнецца аднавіць электранейтральнасць; з-за інерцыі носьбіты зараду «праскокваюць» становішча раўнавагі, у выніку чаго ўзнікаюць ваганні, узгодненыя з калектыўным рухам часціц. У сістэмах свабодных электронаў у металах і ў валентнай зоне паўправаднікоў энергія кванта плазменных ваганняў каля 15—20 эВ; спектр ваганняў залежыць ад зоннай структуры цвёрдага цела, наяўнасці межаў, магн. поля і інш.

т. 12, с. 403

ПЛАКАДЭ́РМЫ, панцырныя рыбы,

пласцінаскурыя (Placodermi),

выкапнёвыя сківічныя рыбы, блізкія да акулавых. 2 падкл.: антыархі і артрадыры. Жылі ў палеазоі (дэвон, каля 400 млн. г. назад). Вялі прыдонны спосаб жыцця. На Беларусі рэшткі П. выяўлены ў адкладах сярэдняга дэвону Аршанскай упадзіны, Бел. антэклізы, Жлобінскай седлавіны, Прыпяцкага прагіну. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.

Даўж. марскіх відаў да 12 м (дыніхтыс, дунклеастэус), прэснаводныя значна драбнейшыя (напр., батрыялепіс каля 45 см, птэрыхтыёдэс каля 17 см). Мелі храстковы шкілет, парныя плаўнікі, укрытыя касцёва-скурнымі пласцінкамі. Галава і пярэдняя ч. тулава ўкрыты панцырам, у большасці відаў злучаны рухома. Сківіцы ў выглядзе завостраных касцявых пласцін. Карміліся беспазваночнымі, некат. (пераважна марскія) рыбамі. Гл. таксама Астракадэрмы.

П.​Ф.​Каліноўскі.

Плакадэрмы: 1 — дыніхтыс; 2 — птэрыхтыёдэс; 3 — батрыялепіс.

т. 12, с. 403

ПЛАКА́Т (ням. Plakat ад франц. placard аб’ява, афіша),

выява на буйным аркушы паперы інфармацыйнага, рэкламнага ці прапагандысцкага зместу; від графікі, графічнага дызайна. Спецыфіка маст. мовы П. — падкрэсленая кідкасць, абагульненасць форм, лаканізм, кампазіцыйны сінтэз шрыфту і выявы, выяўл. метафары, эфектныя супастаўленні вобразаў, маштабаў, ступеней умоўнасці, якія ўспрымаюцца на вял. адлегласці. Мае 3 асн. жанры: відовішчны (тэатр., цыркавы, кінаплакат і інш., гл. таксама Афіша), рэкламны, сац. (паліт., прапагандысцкі і інш.). Арыгінал П. можа быць маляваны, выкананы ў тэхніцы гравюры (часцей літаграфіі), серыграфіі, з дапамогай калажу, фатаграфіі, камп’ютэрнай тэхнікі. Размнажаюць паліграф. спосабам.

Як маст. з’ява П. пашырыўся ў 1880-я г. Пластычная мова ў вял. ступені фарміравалася пад уплывам панегірычных гравюр, гравюр-тэзісаў (вял. гравюра з тэкстамі, якія інфармавалі пра навук. дыспуты), а таксама жывапісу класіцызму. П. стваралі Э.​Манэ, Гранвіль, Г.​Клімт і інш. З’яўленне ў Зах. Еўропе каляровай літаграфіі ў 2-й пал. 19 ст. дазволіла ствараць кідкія шматтыражныя рэкламныя П. выяўленчага характару (Ж.​Шэрэ, Т.​Стэйнлен). Мастацкае афармленне П. дасягнула росквіту ў творчасці А.​Тулуз-Латрэка. На мяжы 19—20 ст. набылі папулярнасць арнаментальна-дэкар. П. ў духу стылю мадэрн (А.​Муха ў Чэхіі і Францыі, О.​Бёрдслі ў Англіі). Новы стыль П. з выразным лаканізмам і лапідарнай сімволікай стварылі Л.​Бернхард у Германіі, М.​Касандр у Францыі, А.​Бенуа ў Расіі. У 1930-я г. ў асобныя кірункі вылучыліся кінаплакат і паліт. П. Сярод буйнейшых мастакоў-плакатыстаў К.​Кольвіц, Дж.​Гартфілд (Германія), Л.​Мендэс (Мексіка), А.​Дайнека, Л.​Лісіцкі, Дз.​Маор, Кукрыніксы (Расія), І.​Таідзе (Грузія). Своеасаблівай агітацыйна-паліт. хронікай былі «Окна РОСТА» (У.​Маякоўскі, М.​Чарамных). Вобразнай выразнасцю вылучаюцца П. А.​Родчанкі, В. і Г. Стэнбергаў, Я.​Цвіка (Расія). На плакатнае мастацтва моцна паўплывалі экспрэсіянізм, кубізм, канструктывізм і «Баўгауз», што праявілася ў імкненні да лаканізму пластычнай мовы праз памяншэнне колькасці графічных элементаў. У 2-й пал. 20 ст. набылі вядомасць школы П. Польшчы (Г.​Тамашэўскі, С.​Эйдрыгявічус, В.​Свежы, М.​Васілеўскі), Японіі (К.​Нагаі, С.​Фукуда, І.​Танака, М.​Тода), Чэхіі (К.​Мішак, В.​Растока).

На Беларусі на развіццё П. паўплывалі панегірычныя гравюры. У 19 ст. з’явіліся першыя друкаваныя тэатр. афішы. Аўтарам першага П. на бел. мове з’яўляецца Ф.​Рушчыц («Першая краёвая выстаўка хатняга вырабу і народнага штукарства ў Вільні», 1913). У пач. 20 ст. да П. звярталіся Я.​Драздовіч, А.​Быхоўскі, Г.​Змудзінскі, П.​Гуткоўскі і інш. Уклад у развіццё мастацтва П. зрабіла аб’яднанне «Сцвярджальнікі новага мастацтва» (УНОВИС; Лісіцкі, М.​Суэцін і інш.). П. друкаваліся ў Гомелі, Віцебску, Магілёве, Мінску і інш. гарадах. Традыцыі «Вокнаў РОСТА» прадоўжылі ў Вял. Айч. вайну плакат-газеты «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Партызанская дубінка». Выяўл. мова П. 1940—70-х г. адлюстроўвала агульныя тэндэнцыі развіцця тагачаснага выяўл. мастацтва. У галіне П. працавалі А.​Волкаў, М.​Гуціеў, Л.​Замах, Т.​Ігнаценка, Л.​Кроль, Я.​Тарас і інш. У 1966—90 выходзілі перыяд. выданні «Агітплаката». На 2-ю пал. 1980—90-х г. прыпадае высокі ўздым плакатнага мастацтва Беларусі. Сярод мастакоў гэтага перыяду М.​Анемпадзістаў, У.​Васюк, С.​Войчанка, С.​Яўлампіеў, У.​Жук, Л.​Кальмаева, А.​Кітаева, У.​Крукоўскі, Г.​Мацур, А.​Наважылаў, В.​Смаляк, Дз.​Сурскі, К.​Хацяноўскі, У.​Цэслер і інш.

Літ.:

Ганчароў М.І. Беларускі палітычны плакат. Мн., 1989;

Henatsch M. Die Entstehung des Plakates. Hildesheim;

Zürich;

New York, 1994.

М.​Р.​Баразна.

Да арт. Плакат. С.​Войчанка, У.​Цэслер, А.​Шалюта. Ад міжнароднага года міру — да міру без войнаў і зброі. 1986.
Да арт. Плакат. Г.​Мацур. Францыск Скарына. 1989.
Да арт. Плакат. Л.​Лісіцкі. Клінам чырвоным бі белых. 1920.
Да арт. Плакат. А.​Кітаева. Казімір Малевіч. 1989.
Да арт. Плакат. У.​Цэслер, С.​Войчанка. Афган. 1989.

т. 12, с. 403